РЫ́ТЭР ((Ritter) Герхард) (6.4.1888, г. Бад-Зодэн-Алендорф, Германія — 1.7.1967),
нямецкі гісторык. Брат усходазнаўца Гельмута Р. (1892—1971) і тэолага Карла Бернгарда Р. (1890—1968).
Вучань Г.Онкена. Праф. Гамбургскага (з 1924) і Фрайбургскага (1925—56) ун-таў. Удзельнік Супраціўлення нацысцкаму рэжыму, у 1944—45 зняволены. Прадстаўнік класічнай нац.-дзярж., прапруска-пратэстанцкай традыцыі герм. гістарыяграфіі. Даследаваў розныя перыяды гісторыі Германіі і метадалогію гісторыі. Аўтар прац «Лютэр» (1925), «Штайн» (т. 1—2, 1931), «Фрыдрых Вялікі» (1936), «Сіла дзяржавы і утопія» (1940, у 1948 перавыдадзена пад назвай «Дэманія ўлады»), «Сусветны ўплыў Рэфармацыі» (1941), «Еўропа і нямецкае пытанне» (1948), «Карл Гёрдэлер і нямецкі рух Супраціўлення» (1954), «Дзяржаўная палітыка і ваеннае рамяство» (т. 1—4, 1954—68), «План Шліфена» (1956) і інш.
т. 13, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)