Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЧУ́ЛІШЧЫ,

гарадскі пасёлак у Мінскім р-не (з 1997), чыг. прыпынак на лініі Мінск—Асіповічы. За 15 км на ПдУ ад Мінска. 7742 ж. (1999).

Вядомы з 1590 як шляхецкая маёмасць у складзе маёнтка Гатава. У 1600 вёска Мочул, належала І.С.Корсаку, з 1791 уласнасць каталіцкай царквы, у 1800, 1815 — Мінскага жаночага бернардзінскага кляштара, з 1858 казённая ўласнасць. У 1897 вёска Сеніцкай вол., 359 ж., 55 двароў, хлебазапасны магазін, школа пісьменнасці (з 1890), царква. У 1917 нар. вучылішча. У 1941—538 ж., 87 двароў, у 1997—8207 ж., 208 гаспадарак.

Дзярж. прадпрыемства «Трансавіяэкспарт», з-д «Аэрамаш». Сярэдняя, пач., дзіцячая муз. школы, школа МУС, філіял Рэсп. цэнтра тэхн. творчасці навучэнцаў — маладзёжны авіяц.-спарт. цэнтр, б-ка, Дом афіцэраў, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Мемар. комплекс, прысвечаны 17 Героям Сав. Саюза, якія выхаваны ў мясц. авіячасці. Біял. заказнік мясц. значэння Мачулішчанскія хвоі.

т. 10, с. 235

МАЧУ́ЛЬСКІ (Васіль Фёдаравіч) (9.8.1893, в. Навасады Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 29.10.1973),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1946). Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1911—15), скончыў Маскоўскі ун-т (1917). У 1918 супрацоўнік Белнацкома ў Маскве, у 1919—24 выкладчык у Слуцку, у 1925—33 навук. супрацоўнік Інбелкульта, АН Беларусі, у 1934—71 выкладчык ВНУ Масквы. Друкаваўся з 1927. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання твораў М.Багдановіча (т. 1—2, 1927—28), А.Гаруна (1929). Даследаваў сувязі «Слова аб палку Ігаравым» з бел. фальклорам. Аўтар артыкулаў, рэцэнзій па праблемах укр., рус. л-ры.

Тв.:

Тэхніка работы з кнігай. Мн., 1933;

Лісты В.Ф.Мачульскага да А.Я.Багдановіча // Шлях паэта. Мн., 1975.

В.У.Скалабан.

т. 10, с. 235

МАЧУ́ЛЬСКІ (Раман Навумавіч) (30.11.1903, в. Крываносы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 26.4.1990),

парт. і дзярж. дзеяч Беларусі. Герой Сав. Саюза (1944). Засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Рэсп. школу прапагандыстаў пры ЦК КП(б)Б (1937). З 1937 на парт. рабоце ў Грэску, Чэрвені, Плешчаніцах. У Вял. Айч. вайну ў тыле ворага ўпаўнаважаны ЦК КП(б)Б па Мінскай і Палескай абл., сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, у кастр. 1942 — маі 1943 в.а. камандзіра Мінскага партыз. злучэння, з жн. 1943 камандзір партыз. злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны. Пасля вайны на сав. і парт. рабоце, з 1950 1-ы сакратар Пінскага абкома КПБ, у 1954—59 старшыня Брэсцкага аблвыканкома. Чл. ЦК КПБ у 1949—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—55, Вярх. Савета СССР у 1954—62. Нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1947—51. Аўтар мемуараў «Старонкі бессмяротнасці» (1972), «Людзі высокага абавязку» (1975), «Вечны агонь» (3-е выд., 1978), «На вогненнай зямлі» (1983).

Р.Н.Мачульскі.

т. 10, с. 235

МАША́РА (Міхась) (Міхаіл Антонавіч; 18.11.1902, хутар Падсосна Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 7.6.1976),

бел. пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Быў інструктарам Бел. сялянска-рабочай грамады, рэдагаваў газ. «Наша воля». Зняволены ў віленскую турму на Лукішках. У 1945—49 працаваў у час. «Полымя», «Настаўніцкай газеце». Друкаваўся з 1927. У Вільні выдаў зб-кі вершаў «Малюнкі» (1928), «На сонечны бераг!» (1934), «Напрадвесні» (1935), «З-пад стрэх саламяных» (1937, канфіскаваны), паэм «Вяселле», «Смерць Кастуся Каліноўскага» (абедзве 1934), «Мамчына горка» (1936), п’есы «Вось тут і зразумей...» (1934), «Чорт з падпечча» (1935), «Лёгкі хлеб» (1936). Асн. пафас творчасці — пратэст супраць сац. і нац. ўціску, вера ў свабодалюбівыя сілы народа. Для творчасці 1920—30-х г. характэрна летуценнасць, маральны максімалізм, чуллівасць. Творы ваен. і пасляваен. гадоў склалі зб-кі «Беларусі» (1944), «Праз навальніцы» (1948), «Урачыстасць» (1952), «Мая азёрная краіна» (1962). Аўтар казак у вершах «Зязюльчыны слёзы» (1961), «Зелянушка і Кракатушка» (1964). У 1960—70-я г. працаваў пераважна як празаік: цыкл раманаў пра вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі («Крэсы змагаюцца», 1966; «Сонца за кратамі», 1968; «Лукішкі», 1970; «Ішоў дваццаты год», 1973; «І прыйдзе час...», 1975), у якіх шырока выкарыстаў факты з аўтабіяграфіі.

Тв.:

Выбр. лірыка. Мн., 1945;

Выбр. тв. Мн., 1958;

Старонкі летапісу. Мн., 1975.

У.А.Калеснік.

М.Машара.

т. 10, с. 235

МАШКАНЫ́,

вёска ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., на р. Абалянка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 39 км на ПнУ ад г. Сянно, 27 км ад Віцебска, 9 км ад чыг. раз’езда Лычкоўскага. 851 ж., 296 двароў (1999). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі І.І.Камінскаму і А.К.Гараўцу.

т. 10, с. 236

МАШКО́Ў (Ілья Іванавіч) (29.7.1881, станіца Міхайлаўская Валгаградскай вобл., Расія — 20.3.1944),

расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1928). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1900—09) у К.Каровіна, В.Сярова. Член аб’яднанняў «Бубновы валет», «Свет мастацтва», Т-ва маскоўскіх мастакоў, Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Выкладаў ва ўласнай студыі (1902—17), Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1918—30) у Маскве. Зазнаў уплывы П.Сезана, кубізму, нар. лубка. Творам уласцівы сакавітасць фарбаў, яркасць каларыту, выразныя эфекты жывапіснай пластыкі: «Італія. Нерві», «Ягады на фоне чырвонага падноса» (абодва 1908), «Партрэт хлопчыка ў размаляванай кашулі» (1909), «Садавіна на блюдзе» (1910), «Партрэт дамы», «Хлябы» (абодва 1910-я г.), «Партрэт Н.М.Усавай» (1915). У позні перыяд манера М. набыла больш рэаліст. характар: «Нацюрморт з самаварам» (1919), «Нацюрморт з магноліямі» (1934), «Нацюрморт. Ананасы і бананы» (1938), «Клубніцы з белым гарлачыкам» (1943).

Літ.:

Арбузов Г.С., Пушкарев В.А. Илья Машков. Л., 1973.

В.Я.Буйвал.

І.Машкоў. Садавіна на блюдзе. Нацюрморт. 1910.

т. 10, с. 236

МАШКО́Ў (Уладзімір Георгіевіч) (н. 5.7.1938, Масква),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1960). З 1960 працаваў у газ. «Зорька», на Бел. радыё, з 1971 у выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», з 1987 у час. «Нёман». Друкуецца з 1957. Піша на бел. і рус. мовах. Асн. тэмы твораў — праблемы выхавання, развіцця творчай індывідуальнасці дзяцей, фарміравання іх характару. У аповесцях «Паміж «A» і «Б» (1966), «Вясёлы тузін» (1968), «Я сам» (1972), «Засумаваў па дожджыку», «Як я быў вундэркіндам» (абедзве 1976, экранізавана 1983), «Апошні дзень матрыярхату» (1985), «Дагары нагамі» (1998) і інш. адметнае бачанне свету, аналіз пачуццяў і перажыванняў юных герояў. Аўтар апавяданняў, п’есы «Як я быў вундэркіндам» (разам з А.Вольскім, паст. Бел. т-рам юнага гледача, 1986), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Хлопчык і чапля» (1969, з М.Беравым), «Чалавек з майго жыцця» (1971), «Добрая справа» (1973), «Юныя айбаліты» (1980), «Станаўленне» (1982) і інш. На рус. мову пераклаў асобныя творы З.Бядулі, К.Чорнага, У.Караткевіча, Я.Брыля, І.Пташнікава, С.Александровіча, А.Васілевіч, М.Кусянкова, Я.Сіпакова, А.Федарэнкі, У.Ягоўдзіка і інш.

Тв.:

Детское время. Мн., 1987;

Наследный принц Андрюша. Мн., 1997.

т. 10, с. 236

Машко Васіль Вячаслававіч

т. 18, кн. 1, с. 427

МАШО́ЎКА, Мешаўка,

ручай у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Беседзь (бас. р. Дняпро). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 132 км². Пачынаецца на паўд. ускраіне в. Раёк. Рэчышча каналізаванае на працягу больш як 4 км.

т. 10, с. 236

МАШТА́Б (ням. Maßstab ад Maß мера, памер + Stab палка),

адносіны даўжыні лініі на чарцяжы, плане ці карце да даўжыні адпаведнай лініі ў натуры. Адрозніваюць: лікавы М. — дроб, у якім лічнік 1, а назоўнік паказвае, у колькі разоў паменшаны адлюстраваныя памеры; лінейны М. — графік для пераводу даўжынь, якія вымяраюцца на карце, у адпаведныя адлегласці на мясцовасці (падзеленая на роўныя адрэзкі прамая лінія з подпісам, што паказвае даўж. лініі ў натуры); галоўны — М. мадэлі эліпсоіда або шара, адлюстраванага на плоскасці; прыватны — М. у пэўным пункце па пэўным напрамку, які адрозніваецца ад галоўнага ў выніку скажэнняў, абумоўленых картаграфічнай праекцыяй.

т. 10, с. 236