МАШКО́Ў (Ілья Іванавіч) (29.7.1881, станіца Міхайлаўская Валгаградскай вобл., Расія — 20.3.1944),

расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1928). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1900—09) у К.Каровіна, В.Сярова. Член аб’яднанняў «Бубновы валет», «Свет мастацтва», Т-ва маскоўскіх мастакоў, Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Выкладаў ва ўласнай студыі (1902—17), Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1918—30) у Маскве. Зазнаў уплывы П.Сезана, кубізму, нар. лубка. Творам уласцівы сакавітасць фарбаў, яркасць каларыту, выразныя эфекты жывапіснай пластыкі: «Італія. Нерві», «Ягады на фоне чырвонага падноса» (абодва 1908), «Партрэт хлопчыка ў размаляванай кашулі» (1909), «Садавіна на блюдзе» (1910), «Партрэт дамы», «Хлябы» (абодва 1910-я г.), «Партрэт Н.М.Усавай» (1915). У позні перыяд манера М. набыла больш рэаліст. характар: «Нацюрморт з самаварам» (1919), «Нацюрморт з магноліямі» (1934), «Нацюрморт. Ананасы і бананы» (1938), «Клубніцы з белым гарлачыкам» (1943).

Літ.:

Арбузов Г.С., Пушкарев В.А. Илья Машков. Л., 1973.

В.Я.Буйвал.

І.Машкоў. Садавіна на блюдзе. Нацюрморт. 1910.

т. 10, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)