МАШКО́Ў (Уладзімір Георгіевіч) (н. 5.7.1938, Масква),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1960). З 1960 працаваў у газ. «Зорька», на Бел. радыё, з 1971 у выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», з 1987 у час. «Нёман». Друкуецца з 1957. Піша на бел. і рус. мовах. Асн. тэмы твораў — праблемы выхавання, развіцця творчай індывідуальнасці дзяцей, фарміравання іх характару. У аповесцях «Паміж «A» і «Б» (1966), «Вясёлы тузін» (1968), «Я сам» (1972), «Засумаваў па дожджыку», «Як я быў вундэркіндам» (абедзве 1976, экранізавана 1983), «Апошні дзень матрыярхату» (1985), «Дагары нагамі» (1998) і інш. адметнае бачанне свету, аналіз пачуццяў і перажыванняў юных герояў. Аўтар апавяданняў, п’есы «Як я быў вундэркіндам» (разам з А.Вольскім, паст. Бел. т-рам юнага гледача, 1986), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Хлопчык і чапля» (1969, з М.Беравым), «Чалавек з майго жыцця» (1971), «Добрая справа» (1973), «Юныя айбаліты» (1980), «Станаўленне» (1982) і інш. На рус. мову пераклаў асобныя творы З.Бядулі, К.Чорнага, У.Караткевіча, Я.Брыля, І.Пташнікава, С.Александровіча, А.Васілевіч, М.Кусянкова, Я.Сіпакова, А.Федарэнкі, У.Ягоўдзіка і інш.
Тв.:
Детское время. Мн., 1987;
Наследный принц Андрюша. Мн., 1997.
т. 10, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)