Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ПО́ЛОЦКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

выданне, орган Полацкай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся штотыднёва ў 1874—1917 у Віцебску на рус. мове. Прызначаліся для Полацкай праваслаўнай епархіі, якая тады тэрытарыяльна адпавядала Віцебскай губ. Мелі афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы і распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні кансісторыі; у неафіц. — матэрыялы, прысвечаныя гісторыі і традыцыям правасл. царквы на Віцебшчыне, гісторыі асобных храмаў і манастыроў, біягр. нарысы і ўспаміны пра царк. дзеячаў, рэцэнзіі на асобныя працы і агляды друку па пытаннях царк. гісторыі і жыцця, агляды і рэкламы царк. і свецкай л-ры. Шмат увагі аддавалася паказу дзейнасці правасл. царк. брацтваў, што аднавіліся на Віцебшчыне ў 1860-я г., Віцебскага к-та правасл. місіянерскага т-ва, ролі правасл. царквы ў развіцці адукацыі на Віцебшчыне. У 1995 выданне адноўлена.

В.​В.​Грыгор’ева.

т. 12, с. 481

ПО́ЛТАРАЎШЧЫНСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Размешчаны за 500 м на З ад в. Полтараўшчына Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Валун сярэднезярністага гнейсу з крышталямі кварцу і палявога шпату. Даўж. бачнай часткі 4,8 м, шыр. 2,3 м, выш. 1,8 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 20 м³, маса каля 53 т. Прынесены ледавіком каля 150—130 тыс. гадоў назад з тэр. Фенаскандыі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 481

ПО́ЛУКС, β Блізнят,

зорка 1-й зорнай велічыні, адна з дзвюх яркіх зорак у сузор’і Блізняты.

т. 12, с. 481

ПО́ЛЫМНАЯ ПЕЧ,

прамысловая печ, у якой цеплата атрымліваецца ад непасрэднага згарання паліва, перадаецца вырабам (матэрыялам) выпрамяненнем і канвекцыяй ад газападобных прадуктаў гарэння, а таксама выпрамяненнем ад распаленай муроўкі. Да П.п. адносяцца некаторыя награвальныя печы (напр., вярчальная печ, камерная печ), плавільныя печы і тэрмічныя печы. Цвёрдае, вадкае ці газападобнае паліва згарае ў топцы печы або ў яе рабочай прасторы.

т. 12, с. 481

«ПО́ЛЫМЯ»,

аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала ў Мінску са снеж. 1927 да 27.5.1932. Ініцыятары стварэння і члены: Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Грамыка, А.​Гурло, У.​Галубок, Я.​Нёманскі, М.​Піятуховіч, А.​Сянкевіч, а так сама нядаўнія чл. «Маладняка» М.​Чарот, М.​Зарэцкі, А.​Вольны, А.​Дудар, А.​Александровіч, В.​Сташэўскі. Чл. праўлення: Я.​Колас, Ц.​Гартны, М.​Чарот; кандыдаты; М.​Зарэцкі, Я.​Нёманскі, Сташэўскі. Асн. задачы: развіццё бел. маст. л-ры праз узмацненне творчай працы сваіх членаў, афармленне і замацаванне ў бел. л-ры пралет. ідэалогіі з удасканаленнем нац. формы. Значная ўвага аддавалася развіццю крытыкі, павышэнню прафес. ўзроўню і агульнаадук. ведаў чл. аб’яднання, беражліваму стаўленню да культ. спадчыны. Наладжвала літ. вечары, сустрэчы з рабочымі, арганізоўвала паездкі пісьменніцкіх дэлегацый у Ленінград, Харкаў, Кіеў і інш. Выступала за памяркоўныя адносіны і творчае супрацоўніцтва з інш. літ. аб’яднаннямі рэспублікі, імкнулася ўраўнаважваць крайнія тэндэнцыі ў літ. руху канца 1920 — пач. 1930-х г. Аднак дамагчыся гэтага не заўсёды ўдавалася з-за неаднароднасці складу аб’яднання, розных поглядаў і густаў яго членаў. Нярэдка палымянская крытыка была непаслядоўнай, неаб’ектыўнай у ацэнках літ. з’яў.

Літ.:

Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;

Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30 гг. Мн., 1960;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968. С. 142—153;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 12, с. 481

«ПО́ЛЫМЯ»,

дзяржаўнае кніжнае выдавецтва ў Мінску. Засн. ў студз. 1950 у выніку зліцця выд-ваў ЦК ЛКСМБ і газ. «Савецкі селянін» як Газетна-часопіснае выд-ва Мін-ва культуры БССР. У яго склад уваходзіла каля 20 газет і часопісаў [«Сталинская молодежь» (цяпер «Знамя юности»), «Чырвоная змена», «Зорька», «Піянер Беларусі» (цяпер «Раніца»), «Бярозка», «Работніца і сялянка» (цяпер «Алеся»), «Полымя», «Беларусь» і інш.]. У кастр. 1963 аб’яднана з выд-вам газ. «Мінская праўда» і рэдакцыяй вытв. л-ры Дзярж. выд-ва БССР і атрымала назву «Полымя». Пачало выпускаць прамысл. каталогі, інфарм. і рэкламныя выданні, нарматыўныя дакументы, даведнікі, памяткі і метад. рэкамендацыі па медыцыне і інш. З вер. 1976 кніжна-часопіснае выд-ва. Стала выдаваць л-ру па культуры быту і адпачынку, краязнаўстве, фізкультуры і спорце, дамаводстве і інш. У складзе выд-ва існавала некалькі рэсп. газет («Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Голас Радзімы» і інш.), каля 20 час. і бюлетэняў («Беларусь», «Полымя», «Нёман», «Родная прырода», «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» і інш.). З ліп. 1996 кніжнае выд-ва. Выпускае краязнаўчую, навук.-папулярную, спарт., па пытаннях аховы здароўя, вольнага часу, інфармацыйна-рэкламную л-ру, даведнікі, календары, падручнікі і кнігі серыі «Школьная б-ка», для інвалідаў па зроку і інш. Мае серыі «Гарады Беларусі», «Горад і наваколле», «Горад-пабрацім», «Нашы славутыя землякі», «Помнікі беларускага дойлідства». Выдае творы сучасных бел. аўтараў, перавыдае творы бел. краязнаўцаў і этнографаў 19 ст.

С.​І.​Міхайлава.

т. 12, с. 481

«ПО́ЛЫМЯ»,

літаратурна-мастацкі і грамадска-паліт. часопіс. Выдаецца са снежня 1922 у Мінску на бел. мове штомесячна. У 1922—24 [да № 3(11)] выданне Бел. каап.-выдавецкага т-ва «Савецкая Беларусь», у 1924 [з № 4(12)] — 31 — Дзярж. выд-ва Беларусі; у 1932—34 (да № 5) орган Арг. к-та Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1934 (з № 6—7) — праўлення Саюза сав. пісьменнікаў БССР, з 1945 — Саюза сав. пісьменнікаў Беларусі (з № 2, 1957 — Саюза пісьменнікаў Беларусі), з 1993 (№ 5) заснавальнікамі з’яўляюцца Саюз бел. пісьменнікаў і калектыў рэдакцыі. У 1932—41 (да № 3) выходзіў пад назваю «Полымя рэвалюцыі». У Вял. Айч. вайну не выдаваўся. У першы склад рэдкалегіі ўваходзілі З.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), М.​Кудзелька (М.​Чарот), З.​Бядуля, У.​Ігнатоўскі і В.​Нодэль. У 1920 — пач. 1930-х г. у рэдагаванні час. ўдзельнічалі А.​Сянкевіч, Ц.​Гартны, М.​Зарэцкі, Я.​Купала і інш. Рэдактары П.​Галавач (1932—33), М.​Лынькоў (1933—41), П.​Броўка (1945-48), М.​Танк (1948—67), П.​Кавалёў (1967—72), К.​Кірэенка (1972—86), С.​Законнікаў (з 1986). Друкуе творы бел. пісьменнікаў, пераклады твораў класікаў сусв. л-ры і сучасных пісьменнікаў замежных краін, артыкулы па пытаннях бел. л-ры і мастацтва, гісторыі, краязнаўства, эканомікі, культуры, грамадска-паліт. і сац. жыцця Беларусі, рэцэнзіі. Адыгрывае вял. ролю ў развіцці бел. л-ры.

У «П.» ўпершыню апубл. многія творы Я.​Купалы, Я.​Коласа (у т. л. раздзелы паэмы «На шляхах волі», паэма «Рыбакова хата», аповесці «Дрыгва», «На ростанях»), В.​Адамчыка, Л.​Арабей, У.​Арлова, М.​Арочкі, А.​Асіпенкі, З.​Астапенкі, А.​Астрэйкі, М.​Аўрамчыка, Р.​Баравіковай, Р.​Барадуліна, С.​Баранавых, А.​Бачылы, Д.​Бічэль-Загнетавай, Т.​Бондар, П.​Броўкі. Я.​Брыля (у т. л. раман «Птушкі і гнёзды», аповесць «Ніжнія Байдуны»), Г.​Бураўкіна, В.​Быкава (у т. л. аповесці «Здрада», «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Знак бяды», «У тумане», «Аблава», «Сцюжа», «Ваўчыная яма»), З.​Бядулі, А.​Васілевіч, В.​Віткі, А.​Вялюгіна, А.​Вярцінскага, Галавача, Ц.​Гартнага, М.​Гарэцкага (у т. л. раман-хроніка «Віленскія камунары»), С.​Гаўрусёва, Н.​Гілевіча, М.​Гіля, П.​Глебкі, Ю.​Голуба, С.​Грахоўскага, А.​Грачанікава, К.​Губарэвіча, А.​Гурло, Л.​Дайнекі, Г.​Далідовіча, У.​Дамашэвіча, С.​Дзяргая, У.​Дубоўкі, І.​Дуброўскага, А.​Дудара, А.​Дударава, А.​Жука, Я.​Журбы, Законнікава, М.​Зарэцкага (у т. л. раманы «Сцежкі-дарожкі», «Вязьмо»), А.​Звонака, В.​Зуёнка, В.​Іпатавай, Кавалёва, В.​Каваля, В.​Казько, Л.​Калюгі, В.​Карамазава, У.​Караткевіча, А.​Карпюка, К.​Кірэенкі, В.​Коўтун, К.​Крапівы (у т. л. п’есы «Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек», «Брама неўміручасці»), А.​Кудраўца, А.​Кулакоўскага, А.​Куляшова (у т. л. паэмы «У зялёнай дуброве», «Прыгоды цымбал», «Новае рэчышча», «Грозная пушча», «Далёка да акіяна». «Хамуціус»), М.​Лобана, А.​Лойкі, Е.​Лось, Лынькова, А.​Макаёнка, П.​Макаля, М.​Матукоўскага, Н.​Мацяш, І.​Мележа (у т. л. раманы «Мінскі напрамак», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі, снежань»), Б.​Мікуліча, П.​Місько, А.​Мрыя, Р.​Мурашкі, М Мятліцкага, І.​Навуменкі, Я.​Нёманскага, І.​Новікава, У.​Някляева, В.​Палтаран, А.​Пальчэўскага, С.​Панізніка, П.​Панчанкі. У.​Паўлава, Г.​Пашкова, П.​Пестрака (у т. л. раман «Сустрэнемся на барыкадах»), А.​Петрашкевіча, П.​Пруднікава, І.​Пташнікава, Я.​Пушчы, А.​Пысіна, А.​Русецкага, Р.​Сабаленкі, Э.​Самуйлёнка, Б.​Сачанкі, Ю.​Свіркі, Р.​Семашкевіча. А.​Сербантовіча, Я.​Сіпакова, Я.​Скрыгана, М.​Стральцова, М.​Танка, В.​Таўлая, П.​Труса, Н.​Тулупавай, А.​Федарэнкі, Ў.​Хадыкі, М.​Хведаровіча, В.​Хомчанкі, А.​Чарнышэвіча, М.​Чарота, К.​Чорнага (у т. л. аповесці «Вясна», «Люба Лук’янская», раманы «Трэцяе пакаленне», «Пошукі будучыні», «Млечны шлях»), І.​Чыгрынава, І.​Шамякіна (у т. л. раманы «Глыбокая плынь», «Крыніцы», «Сэрца на далоні», «Снежныя зімы», «Атланты і карыятыды», «Вазьму твой боль»), С.​Шушкевіча, А.​Якімовіча, Я.​Янішчыц, Ф.​Янкоўскага і інш ; літ.-крытычныя і літ.-знаўчыя артыкулы А.​Адамовіча, С.​Александровіча, С.​Андраюка, В.​Бечыка, Дз.​Бугаёва, Р.​Бярозкіна, У.​Гніламёдава, І.​Замоціна, В.​Каваленкі, У.​Калесніка, Г.​Кісялёва, А.​Клышкі, Лойкі, А.​Мальдзіса, М.​Мушынскага, Ю.​Пшыркова, В.​Рагойшы, Я.​Саламевіча, А.​Сямёнавай, М.​Тычыны, Р.​Шкрабы, У.​Юрэвіча і інш.

Літ.:

Лынькоў М. Шляхам жыцця // Полымя. 1972. № 11;

Танк М. Летапіс вялікіх здзяйсненняў // Там жа. 1982. № 11;

Саламевіч Я. Праз гады // Там жа. 1992. № 11—12;

Конон В. На рубежах утверждения // Неман. 1982. № 12;

Федарэнка А «Полымю» — 70 // Роднае слова. 1992. № 12;

Далідовіч Г. Флагман // Маладосць. 1997. № 12.

С.​І.​Законнікаў.

т. 12, с. 481

ПО́ЛЬДЭРЫ (галанд. polder),

асушаныя і апрацаваныя ўчасткі маршаў, ахаваныя дамбамі ад затаплення марскімі водамі. Узровень грунтавых вод у П. рэгулюецца дрэнажнымі сістэмамі, пераважна з машынным адпампоўваннем вады. Пашыраны ў Нідэрландах (каля 40% тэрыторыі), Германіі, Даніі, ЗША і інш. П. ствараюцца таксама на поймах рэк, якія працяглы час заліваюцца вадой (напр., каля рэк Прыпяць, Зах. Буг, Дняпро).

т. 12, с. 482

ПО́ЛЬКА (чэш. polka ад půlka палавіна),

бел. нар. танец чэш. паходжання. Муз. памер ​2/4. Выконваецца па крузе ў парах. Асноўны рух — паўкрокі з паваротам, якія ўпрыгожваюцца разнастайнымі дробнымі па (падскокамі, прысядкай, прытупамі, выстаўленнем нагі на пятку і інш.). У 1840-я г. быў пашыраны ў Еўропе як бальны танец. У розных рэгіёнах узнікалі лакальныя варыянты П., якія асіміляваліся з мясц. харэагр. фальклорам і станавіліся народнымі. Лёгкасць пранікнення П. ў бел. харэаграфію абумоўлена пэўнай блізкасцю яе да нац. танц. традыцый (2-дольнасць метра, хуткі тэмп, прастата рухаў і кампазіцыйнай будовы, жыццярадасны настрой). Бытуе ў мностве муз., харэагр. і тэкставых (у выглядзе прыпевак) разнавіднасцей. У назвах бел. П. адлюстраваны тэрыторыя пашырэння («Барысаўская», «Смаргонская», «Віцябчанка»), асаблівасці харэагр. будовы («Рассыпуха», «Вязанка»), характар лексікі і выканання («Трасуха», «Крутуха», «Ківуха», «З прысюдамі», «Драбней маку», «Паважна», «Какетка»), эмац. (гумарыстычны) настрой («Шэльма», «Расцяпа», «Гопсясюся», «Злодзей»), звычкі і рухі жывёл і з’явы прыроды («Зайчык», «Чыжык», «Дожджык»), імёны дзейных асоб («Альбіна», «Янка»), назвы старадаўніх танцаў, з якімі злілася П. («Трасуха», «Мазур-полька») і інш.

Ю.​М.​Чурко.

т. 12, с. 482

ПО́ЛЬКАВІЦКАЯ МЕХАНІ́ЧНАЯ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ФА́БРЫКА Дзейнічала ў 1905 у в. Полькавічы Бабруйскага пав. (цяпер у Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл.). Працавала 50 рабочых.

т. 12, с. 482