ПО́ЛЬКА (чэш. polka ад půlka палавіна),
бел. нар. танец чэш. паходжання. Муз. памер 2/4. Выконваецца па крузе ў парах. Асноўны рух — паўкрокі з паваротам, якія ўпрыгожваюцца разнастайнымі дробнымі па (падскокамі, прысядкай, прытупамі, выстаўленнем нагі на пятку і інш.). У 1840-я г. быў пашыраны ў Еўропе як бальны танец. У розных рэгіёнах узнікалі лакальныя варыянты П., якія асіміляваліся з мясц. харэагр. фальклорам і станавіліся народнымі. Лёгкасць пранікнення П. ў бел. харэаграфію абумоўлена пэўнай блізкасцю яе да нац. танц. традыцый (2-дольнасць метра, хуткі тэмп, прастата рухаў і кампазіцыйнай будовы, жыццярадасны настрой). Бытуе ў мностве муз., харэагр. і тэкставых (у выглядзе прыпевак) разнавіднасцей. У назвах бел. П. адлюстраваны тэрыторыя пашырэння («Барысаўская», «Смаргонская», «Віцябчанка»), асаблівасці харэагр. будовы («Рассыпуха», «Вязанка»), характар лексікі і выканання («Трасуха», «Крутуха», «Ківуха», «З прысюдамі», «Драбней маку», «Паважна», «Какетка»), эмац. (гумарыстычны) настрой («Шэльма», «Расцяпа», «Гопсясюся», «Злодзей»), звычкі і рухі жывёл і з’явы прыроды («Зайчык», «Чыжык», «Дожджык»), імёны дзейных асоб («Альбіна», «Янка»), назвы старадаўніх танцаў, з якімі злілася П. («Трасуха», «Мазур-полька») і інш.
Ю.М.Чурко.
т. 12, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)