Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІЖЫ́ГІНСКАЯ ГУБА́,

унутраная частка зал. Шэліхава каля паўн.-ўсх. берага Ахоцкага м. Даўж. 148 км, шыр. каля ўваходу да 260 км, на Пн 30—40 км, глыб. 88 м. Большую частку года ўкрыта лёдам. Упадае р. Гіжыга.

т. 5, с. 241

ГІЖЫ́ЦКІ

(Giżycki) Ян Марэк Антоній [псеўд. Валыняк (Wołyniak); Марэк Газдава (Marek Gozdawa),

Конрад Мазавецкі (Konrad Mazowiecki); 7.5.1844, мяст. Міхноўка Валынскай вобл., Украіна — 27.6.1925], гісторык каталіцкай царквы ў ВКЛ. Скончыў Дэрпцкі (цяпер Тартускі) ун-т (1870). Выкладаў у гімназіях, з 1895 у адстаўцы. Жыў у Кракаве, вывучаў гісторыю манаскіх ордэнаў, карыстаўся архівамі кляштараў. Аўтар артыкулаў «З мінулага базыльянскага ордэна на Літве і Русі» (1904), «Базыльянскія уніяцкія манастыры ў беларускай правінцыі» і інш.

Тв.:

Terytoryum dawnej ziemi Brzeskiej. Warszawa, 1889;

Wiadomości o dominikanach prowincyi litewskiej. Kraków, 1917;

Z przeszłości karmelitów na Litwie i Rusi. Т. 1—2. Kraków, 1918.

т. 5, с. 241

ГІЖЭ́НКА,

вёска ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад г. Слаўгарад, 86 км ад Магілёва, 60 км ад чыг. ст. Крычаў. 262 ж., 88 двароў (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 5, с. 241

ГІ́ЗА,

Эль-Гіза, Гізех, горад у Верхнім Егіпце, на беразе Ніла, прыгарад Каіра. Адм. ц. мухафазы Гіза. 2144 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Буйны гандл. цэнтр (гандаль збожжам). Тытунёвая, радыётэхн. і маш.-буд. прам-сць. Каірскі ун-т. Цэнтр міжнар. турызму.

Паблізу Гізы ў Лівійскай пустыні захаваўся комплекс пірамід-грабніц, у т. л. фараонаў Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра), Мікерына (Менкаўра), пабудаваных у 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. Каля ніжняга храма піраміды Хефрэна знаходзіцца «Вялікі сфінкс» — высечаная са скалы фантастычная істота з тулавам ільва і галавой чалавека. На полі пірамід знаходзіцца некропаль, у якім больш за 7 тыс. пахаванняў знатных егіпцян часоў II—VI дынастый Стараж. царства (каля 2800—2250 да н.э.). Археал. раскопкі праводзяцца з 19 ст. Пахаванні даюць багаты матэрыял для вывучэння вытв-сці, сац. жыцця і культуры Стараж. Егіпта. Знойдзены прадметы пахавальнага культу, мадэлі хатніх рэчаў, прылады працы, зброя, ганчарныя вырабы, скульптуры, барэльефы са сцэнамі жыцця, іерагліфічныя надпісы і інш. Ансамбль пірамід фараонаў Хеопса, Хефрэна і Мікерына занесены ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.

т. 5, с. 241

ГІ́ЗЕЛЬ Інакенцій

(каля 1600—28.1.1683),

украінскі мысліцель, культ. і царк. дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскую калегію (1642), у 1645—50 яе прафесар, з 1646 рэктар. Архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры (з 1656). Рэдагаваў «Кіева-Пячэрскі пацярык» (1661). Абароне праваслаўя прысвечаны яго працы «Старая вера» (1668), «Пра сапраўдную веру» (не захавалася). У кн. «Свет з Богам чалавеку» (1669) элементы гуманізму. У «Курсе агульнай філасофіі» (1645—47; рукапіс захоўваецца ў б-цы АН Украіны) выкладзены асновы арыстоцелеўскай філасофіі з элементамі хрысц. тэалогіі. Гізелю прыпісваецца складанне «Сінопсіса» (1674).

т. 5, с. 241

ГІ́ЗЕХ,

гл. Гіза.

т. 5, с. 241

ГІЗО́

(Guizot) Франсуа П’ер Гіём (4.10.1787, г. Нім, Францыя — 12.9.1874),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1832), чл. Франц. акадэміі (1836). З 1812 праф. Сарбоны. Міністр унутр. спраў (1830), нар. Асветы (1832—36, 1836—37), замежных спраў (1840—48), прэм’ер-міністр (1847—48). З 1840 фактычна кіраваў усёй палітыкай Ліпеньскай манархіі. Як канстытуцыйны манархіст заснаваў кансерватыўную і парт. групоўку дактрынёраў, змагаўся з рэакц. рэжымам Карла X. Выступаў супраць сац. рэформаў і пашырэння выбарчага права. Аўтар твораў «Гісторыя Англійскай рэвалюцыі» (поўн. выд. т. 1—6, 1854—56), «Гісторыя цывілізацыі ў Еўропе» (1828), «Гісторыя цывілізацыі ў Францыі» (т. 1—5, 1829—32), мемуараў (т. 1—8, 1858—67) і інш.

т. 5, с. 241

ГІ́ЗЫ

(Guise) дэ, французскі арыстакратычны род, адгалінаванне Латарынгскага герцагскага дома; у перыяд Рэлігійных войнаў 16 ст. ўзначальвалі католікаў. Заснавальнік роду — Клод (1496—1550),

сын герцага Латарынгіі Рэнэ II, у 1506 натуралізаваўся ў Францыі, герцаг Гізы з 1528. Франсуа (1519—63), сын Клода, праславіўся абаронай Меца ад войск імператара Карла V (1552) і ўзяццем у англічан Кале (1558). Разам з братам Шарлем (1525—74), кардыналам Латарынгскім, фактычна кіраваў краінай пры Францыску II. Франсуа расправіўся з гугенотамі (1560), арганізаваў крывавую разню іх у Васі (1562). Генрых (1550—88), сын Франсуа, адзін з арганізатараў Варфаламееўскай ночы (1572), узначальваў Каталіцкую лігу 1576. Прэтэндаваў на каралеўскі трон. Забіты паводле загаду караля Генрыха III. З заканчэннем рэліг. войнаў род Гізаў заняпаў.

т. 5, с. 242

ГІЙМЭ́Н,

Гілемэн (Guillemin) Ражэ (н. 11.1.1924, г. Дыжон, Францыя), французскі фізіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. АН і мастацтваў, Франц. нац. акадэміі медыцыны. Праф. Фізіялогіі (1963). Скончыў Дыжонскі ун-т (1942). З 1948 у Ін-це эксперым. медыцыны і хірургіі Манрэальскага ун-та, з 1953 у Х’юстанскім ун-це (ЗША), з 1960 у навук. ін-тах Францыі, з 1963 дырэктар лабараторыі Бейларскай мед. школы Х’юстанскага ун-та, з 1970 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (штат Каліфорнія). Навук. працы па выдзяленні, выяўленні хім. структуры і біял. актыўнасці гіпаталамічных рэлізінг-гармонаў. Нобелеўская прэмія 1977 (разам з Э.В.Шалі і Р.С.Ялаў).

т. 5, с. 242

ГІКА́ЛА Мікалай Фёдаравіч

(20.3.1897, г. Адэса, Украіна — 25.4.1938),

савецкі ваен. і парт. дзеяч. Скончыў Тыфліскую ваенна-фельч. школу (1915). З 1917 чл. РСДРП(б). У 1918 у г. Грозны: старшыня Савета, камандуючы часцямі Чырв. Арміі. У 1919—20 чл. Каўказскага краявога к-та РКП(б), ваен. камісар Церскай вобл. і Дагестана. З 1921 на парт. рабоце на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. З 1929 сакратар ЦК КП(б) Узбекістана, Азербайджана. З 1931 сакратар Маскоўскага абкома і гаркома ВКП(б). Са студз. 1932 да студз. 1937 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б, з лют. 1937 1-ы сакратар Харкаўскага гаркома КП(б)У. Чл. Бюро ЦК КП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВК БССР, Рэўваенсавета БВА (1932—37). Чл. Цэнтр. Рэвізійнай камісіі ВКП(б) у 1930—34. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) з 1934. Чл. ЦВК СССР. Удзельнічаў у разгортванні масавых рэпрэсій у БССР, сам стаў ахвярай гэтай палітыкі. Рэабілітаваны пасмяротна.

М.П.Касцюк.

т. 5, с. 242