ГІ́ЗЫ

(Guise) дэ, французскі арыстакратычны род, адгалінаванне Латарынгскага герцагскага дома; у перыяд Рэлігійных войнаў 16 ст. ўзначальвалі католікаў. Заснавальнік роду — Клод (1496—1550),

сын герцага Латарынгіі Рэнэ II, у 1506 натуралізаваўся ў Францыі, герцаг Гізы з 1528. Франсуа (1519—63), сын Клода, праславіўся абаронай Меца ад войск імператара Карла V (1552) і ўзяццем у англічан Кале (1558). Разам з братам Шарлем (1525—74), кардыналам Латарынгскім, фактычна кіраваў краінай пры Францыску II. Франсуа расправіўся з гугенотамі (1560), арганізаваў крывавую разню іх у Васі (1562). Генрых (1550—88), сын Франсуа, адзін з арганізатараў Варфаламееўскай ночы (1572), узначальваў Каталіцкую лігу 1576. Прэтэндаваў на каралеўскі трон. Забіты паводле загаду караля Генрыха III. З заканчэннем рэліг. войнаў род Гізаў заняпаў.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)