Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРАКА́ТКА,

другая назва р. Перакуль.

т. 12, с. 276

ПЕРАКАЦІ́-ПО́ЛЕ,

травяністыя расліны стэпаў і пустыняў, якія да часу выспявання насення набываюць шарападобную форму з прычыны моцнага разгалінавання кветканосных парасткаў. Сцёблы каля асновы лёгка адломліваюцца, і ўся надземная маса, падхопленая ветрам, коціцца па зямлі (напр., кермек). Сярод П.-п. аднагадовыя (напр., ерыхонская ружа), двухгадовыя (напр., адзін з відаў разаку сям. парасонавых) і шматгадовыя (некалькі відаў цыбулі) расліны. Памеры П.-п. ад некалькіх сантыметраў да 1 м у папярочніку.

т. 12, с. 276

ПЕРАКІ́ДВАННЕ СЦЁКУ,

тэрытарыяльнае пераразмеркаванне водных мас з паверхневых водных крыніц (рэкі, азёры, вадасховішчы) у інш. раёны ці басейны праз каналы ці трубаправоды з мэтай арашэння, водазабеспячэння прам-сці і насельніцтва, рэкрэацыі, паляпшэння ўмоў суднаходства, выпрацоўкі электраэнергіі і інш. Адрозніваюць П.с. ўнутрыбасейнавыя, або лакальныя (у межах бас. адной ракі), міжбасейнавыя (унутрыландшафтныя і міжландшафтныя) і міжрэгіянальныя, або міжзанальныя. На Беларусі першыя П.с. (канец 18—пач. 20 ст.) ажыццяўляліся для жыўлення водна-трансп. злучэнняў (напр., вод з азёр Арэхаўскае і Белае па Арэхаўскім і Белаазерскім каналах у Дняпроўска-Бугскі канал). З мэтай водазабеспячэння Мінска і воднага добраўпарадкавання прыгараднай зоны і горада створаны Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.

П.с. можа аказваць адмоўны ўплыў на бас. рэк-донараў пераасушэнне поймы, дэградацыя поймавых лугоў і лясоў, знішчэнне ці памяншэнне плошчы нерасцілішчаў і нагульных угоддзяў, пагаршэнне ўмоў гнездавання вадаплаўных птушак і інш. Для прадухілення негатыўных з’яў. звязаных з П.с., рэкамендуецца пакідаць у вадаёмах-донарах пэўную колькасць прыродаахоўнага сцёку.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 276

ПЕ́РАКІС ВАДАРО́ДУ,

тое, што пераксід вадароду.

т. 12, с. 276

ПЕРАКЛА́Д,

1) па магчымасці поўнае і дакладнае ўзнаўленне інфармацыі, увасобленай у тэксце на адной мове, тымі самымі ці функцыянальна аналагічнымі сродкамі другой мовы.

2) Тэкст, што ўзнікае ў выніку працэсу перакладу. У адпаведнасці з тым, у якой форме ажыццяўляецца П., ён падзяляецца на 2 тыпы: пісьмовы і вусны, у т. л. паслядоўны і сінхронны. Вылучаюць наступныя віды пісьмовага П.: маст., грамадска-паліт., навук.-тэхнічны. Кожны з гэтых відаў мае свае жанравыя разнавіднасці. Напр., у маст. адрозніваюць П. паэзіі, прозы, драматургіі і дзіцячай л-ры, у грамадска-паліт. — П. газетна-інфарм. паведамленняў, публіцыстыкі і аратарскіх прамоў, у навук.-тэхн. — П. навук. твораў, афіц.-дзелавых дакументаў і тэхн. тэкстаў. У сярэдзіне 20 ст. ўзнік машынны пераклад, які выконваецца з дапамогай электронна-выліч. тэхнікі. Паводле паўнаты ўзнаўлення арыгінала П. бывае поўным, скарочаным і адаптаваным (у ім дапускаюцца ці пераказваюцца неістотныя, з пункту гледжання пэўнага чытача, моманты арыгінала). Інфармацыя пра іншамоўны тэкст можа быць атрымана перакладчыкам у выніку непасрэднага (у арыгінале) успрымання або апасродкаванага — праз іншы П. ці падрадкоўнік (паслоўная — радок у радок — перадача сэнсу вершаванага твора без захавання яго фармальных адзнак: рытму, рыфмы, гукапісу). У апошніх выпадках інфармацыя пра першакрыніцу значна абмежаваная. Найб. пашыраны і складаны — пераклад мастацкі. Найб. раннія ўзоры пісьмовага П. — вавілонскі П. шумерскага эпасу пра Гільгамеша і перакладныя тэксты дакументаў з б-кі асірыйскіх цароў у Ніневіі (2-е тыс. да н.э.). Асаблівае пашырэнне П. набыў у перыяд бурнага развіцця чалавечай цывілізацыі, у век навук.-тэхн. рэвалюцыі. Калі ў 19 ст. перакладалі з некалькіх дзесяткаў моў, то ў наш час — прыкладна з 1500 моў свету. На Беларусі, як і ў большасці краін Еўропы, развіццё ўласнага пісьменства пачалося з П. У сярэднія вякі перакладалі рэліг. кнігі (Біблія, Евангелле), свецкія і рэліг. аповесці (гл. Перакладная аповесць), творы вучэбныя і навуковыя. Найвыдатнейшы тагачасны бел. перакладчык Ф.​Скарына. Вял. ўклад у развіццё П. зрабілі таксама С.​Будны, В.​Цяпінскі і інш. У 19 ст. разам са станаўленнем новай бел. л-ры адраджаецца маст. пераклад (В.​Дунін-Марцінкевіч, А.​Абуховіч, Я.​Лучына і інш.), які ў 20 ст. займае пануючае становішча сярод інш. відаў бел. П. Тэорыю і практыку П. вывучае перакладазнаўства.

Літ.:

Комиссаров В.Н. Слово о переводе. М., 1973;

Бархударов Л.С. Язык и перевод. М., 1975;

Теорія і практика перекладу. Вип. 1—11. Київ, 1979—84.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 276

ПЕРАКЛАДАЗНА́ЎСТВА,

філалагічная навука пра сутнасць, своеасаблівасць, гіст. заканамернасці ўзнікнення і развіцця, сац.-гіст. ролю і прынцыпы аналізу перакладу. У самаст. галіну ведаў вылучылася ў сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з ростам ролі перакладу ў жыцці грамадства. Цесна звязана з кантрастыўнай граматыкай, параўнальнай стылістыкай, эстэтыкай, літ.-знаўствам, семіётыкай, кібернетыкай, сацыялінгвістыкай, псіхалогіяй творчага працэсу і інш. навукамі. Складаецца з 3 гал. галін — гісторыі, тэорыі і практыкі перакладу — і некалькіх дапаможных: перакладазнаўчай бібліяграфіі, тэксталогіі, гістарыяграфіі, храналогіі (пакуль што мала распрацавана). Найб. развіццё атрымалі тэорыя, крытыка і гісторыя перакладу мастацкага. Пры разглядзе перакладаў маст. л-ры выкарыстоўваецца агульнафілал. шлях аналізу, які арганічна паядноўвае літ.-знаўчы і лінгвістычны падыходы і завяршаецца вывадамі агульнаэстэт. характару. У распрацоўцы тэорыі маст. перакладу найб. заслуга вучоных і перакладчыкаў б. СССР: Г.​Гачэчыладзе, В.​Капцідава, І.​Кашкіна, А.​Кундзіча, М.​Новікавай, У.​Росельса, М.​Рыльскага, П.​Топера, А.​Фёдарава, К.​Чукоўскага, а таксама І.​Левага (Чэхія), А.​Попавіча (Славакія), А.​Курэлы, (Германія), Э.​Кары (Францыя), Т.​Савары (Вялікабрытанія) і інш.

На Беларусі П. зарадзілася ў пач. 20 ст. (М.​Багдановіч, С.​Палуян), як навука склалася ў 1950—70-я г. На станаўленне П. паўплывалі перакладчыцкая дзейнасць Багдановіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, У.​Дубоўкі, М.​Танка і інш., выказванні пра пераклад і творчая практыка Ю.​Гаўрука, Я.​Семяжона, М.​Лужаніна, Н.​Гілевіча, А.​Зарыцкага, В.​Сёмухі, і інш. Бел. перакладазнаўцы займаліся і займаюцца даследаваннем творчасці асобных майстроў маст. перакладу — Багдановіча (А.​Лойка, Н.​Лапідус), Я.​Купалы (С.​Александровіч, Дз.​Палітыка), Я.​Коласа (В.​Рагойша), Куляшова (М.​Кенька), М.​Танка (А.​Верабей, В.​Гапава), аналізам рус. і ўкр. перакладаў бел. л-ры (М.​Арочка, Ц.​Ліякумовіч, Рагойша, А.​Яскевіч) і перакладаў яе на замежныя мовы (В.​Небышынец, В.​Нікіфаровіч, Д.​Фактаровіч), разглядам бел. пераўвасабленняў замежнай прозы і паэзіі (М.​Навіцкі, У.​Сакалоўскі, К.​Шэрман). Найб. поспехаў бел. П. дасягнула ў вывучэнні гіст.-сацыялагічных пытанняў маст. перакладу (П.​Копанеў) і тэарэт. праблем перакладу з блізкароднасных моў (Э.​Мартынава, Рагойша, Яскевіч). Развіваецца крытыка перакладу (А.​Вярцінскі, Т.​Кабржыцкая, Л.​Казыра, А.​Клышка, Н.​Мацяш, М.​Стральцоў, І.​Чарота і інш.), перакладазнаўчая бібліяграфія (Л.​Бабкова, М.​Васілеўская, І.​Фалькоўская).

Літ.:

Федоров АВ. Основы общей теории перевода: (Лингвистич. пробл.). 4 изд. М., 1983;

Копанев П.И. Вопросы истории и теории художественного перевода. Мн., 1972;

Мартынава Э.М. Беларуска-ўкраінскі паэтычны ўзаемапераклад. Мн., 1973;

Рагойша В.П. Проблемы перевода с близкородственных языков. Мн., 1980;

Клімуць Я.І. Жыццёвасць традыцый. Мн., 1985;

Яскевіч А. Выхад за крут. Мн., 1985.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 277

ПЕРАКЛАДНА́Я АПО́ВЕСЦЬ,

адзін з асноўных жанраў старажытнабеларускай літаратуры 15—17 ст., які аб’ядноўвае розныя апавядальныя творы замежнай літаратуры, перакладзеныя на бел. мову. Вядома з часоў Кіеўскай Русі (гл. Аповесць старажытнаруская); яе ўзнікненне звязана з пашырэннем культ. узаемасувязей Беларусі з замежнымі краінамі і з завяршэннем фарміравання ў 15 ст. старабел. літ.пісьмовай мовы. Большасць П.а. паявілася на Беларусі з заходнееўрап. узораў праз зах.-слав. і паўд.-слав. пасрэдніцтва. Вылучаюць рэлігійныя і свецкія П.а. Рэлігійныя падобныя да апокрыфаў («Страсці Хрыстовы», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Аповесць пра трох каралёў», «Аповесць пра Таўдала»). Да свецкіх належаць рыцарскія раманы, якія на Беларусі называліся аповесцямі («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), гіст. аповесці («Александрыя», «Гісторыя пра Атылу», «Мамаева пабоішча», «Троя»), дыдактычныя і жартоўныя маст. творы. Змяшчаліся ў зб-ках «Вялікае зярцала» і «Рымскія дзяянні» (напр., «Гісторыя пра Апалона Цірскага»), у хроніках-зводах і хранографах (гл. «Вялікая хроніка», «Хроніка ўсяго свету»), У П.а. часам свядома пашыраўся ці скарачаўся тэкст, уключаўся мясцовы матэрыял, узмацняліся ідэі гуманізму, беларусізаваліся імёны і інш. (напр., «Аповесць пра Трышчана» — варыянт рыцарскага рамана пра Трыстана і Ізольду). П.а. лічацца некат. біблейскія кнігі, перакладзеныя і выдадзеныя Ф.​Скарынам («Юдзіф», «Эсфір», «Руф» і інш.). П.а. напісаны жывой гутарковай мовай. Яны ўзбагацілі і паўплывалі на развіццё арыгінальнай бел. л-ры (асабліва празаічных жанраў), на станаўленне бел. белетрыстыкі. Некат. аповесці пранікалі праз бел. пасрэдніцтва на Украіну і ў Расію, што ўмацоўвала культ. ўзаемасувязі паміж народамі.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Пг., 1921;

Кузьмина В.Д. Рыцарский роман на Руси. М., 1964;

Кривчик В.Ф. О словарном составе белорусских переводных повестей второй половины XVI в. // Уч. зап. БГУ. Сер. фил. Мн., 1956. Вып. 27;

Гісторыя беларускай літаратуры: Сгаражытны перыяд. 4 выд. Мн., 1998.

Л.​Я.​Цімашкова, В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 277

ПЕРАКЛАДНЫ́ СЛО́ЎНІК,

тое, што двухмоўны слоўнік.

т. 12, с. 277

ПЕРАКЛА́Д МАСТА́ЦКІ,

від літаратурна-мастацкай творчасці; узнаўленне твора выяўленчымі сродкамі другой мовы; літ. твор, што з’яўляецца семантычна-стылістычным адпаведнікам ідэйна-вобразнай структуры якога-небудзь іншамоўнага твора (арыгінала). Ад інш. відаў перакладу (грамадска-паліт., навук., тэхн., ваеннага) П.м. адрозніваецца сваёй творчай сутнасцю. Перакладны маст. твор — і не даслоўная копія арыгінала, і не цалкам новы твор, а «нешта трэцяе» (А.​Кундзіч), што стаіць на памежжы двух л-р — у якой узнік і ў якой пачынае новае жыццё. Паводле характару стаўлення да арыгінала падзяляецца на: аўтарскі — аўтапераклад, здзейснены самім аўтарам арыгінала, пэўныя адступленні ад яго прадвызначаны аўтарскай воляй; аўтарызаваны — ухвалены і падпісаны аўтарам; вольны — з наўмыснымі адступленнямі ад сэнсу ці форм арыгінала; паслоўны — пераклад «слова ў слова», без належнага ўзнаўлення сэнсу выказвання; падрадковы — паслоўны пераклад вершаў без захавання іх формы (рытму, рыфмаў і інш.); дакладны, або рэалістычны — найб. пашыраны, плённы і мэтазгодны. Дакладны П.м. мае на мэце беражлівае стаўленне да арыгінала, захаванне яго ідэйна-вобразнай структуры, асн. стылёвых рыс і нац. адметнасцей, каб «унутранае жыццё перакладзенага выказвання адпавядала ўнутранаму жыццю арыгінальнага» (В.​Бялінскі).

У П.м. твор робіць на чытача такое ж уражанне, як і ў арыгінале. На характар і ўзровень П.м. ўплываюць ступень развітасці нац. л-ры, распрацаванасць літ. мовы, багацце перакладчыцкіх традыцый, моўная, этнагр.-бытавая, культ., паліт. і інш. блізкасць народаў, паміж якімі ён адбываецца. Перакладаць з блізкіх моў не лягчэй, чым з далёкіх, бо ўзнікае шэраг спецыфічных цяжкасцей, звязаных з міжмоўнай аманіміяй, гіпнозам арыгінала, працай перакладчыка «на віду» ў чытача, які можа параўнаць пераклад з вядомым яму арыгіналам, і інш. П.м. мае канкрэтна-гіст. характар: перакладчык выступае і як творчая індывідуальнасць, і як прадстаўнік пэўнага часу, краіны, грамадскага асяроддзя. Ён павінен валодаць навыкамі вучонага-літ.-знаўца і талентам арыгінальнага творцы, мовай арыгінала, ведаць творчасць пісьменніка, якога перакладае. Таму магчыма існаванне многіх П.м. аднаго твора на пэўную мову. Найб. складаны П.м. паэзіі: узнаўленне рытмічнага малюнка арыгінала (эквіметрычнасць), характару рыфмаў і рыфмоўкі (эквірыфменнасць), захаванне колькасці і парадку радкоў (эквілінеарнасць), цяжкасці, звязаныя з «адзінствам і цеснатой вершаванага рада» (Ю.​Тынянаў), перадачай паэт. тропікі і інш.

П.м. вядомы са старажытнасці. У сярэднявеччы перакладалі пераважна Біблію і інш. рэліг. кнігі, у эпоху Адраджэння — творы ант. л-ры. У Расіі П.м. пачаў развівацца з 18 ст. (В.​Традзьякоўскі, М.​Ламаносаў і інш.). У 19 — пач. 20 ст. як перакладчыкі вызначаліся В.​Жукоўскі, М.​Гнедзіч, А.​Пушкін, А.​Блок, В.​Брусаў і інш. Іх традыцыі развілі Л.​Гінэбург, М.​Лазінскі, В.​Левік, М.​Любімаў, С.​Маршак, Я.​Хелемскі і інш.

На Беларусі П.м. пачаў Ф.​Скарына, які пераклаў і надрукаваў на старабел. мове 23 кнігі Бібліі (1517—19). Кіруючыся асветніцкімі мэтамі, ён адмовіўся ад традыц. пры перакладзе Бібліі літаралізму, уносіў у яе тэкст пэўныя змены (ужываў вобразы з вусна-паэт. творчасці, прымаўкі, устаўляў уласныя вершы, дадаваў свае прадмовы і пасляслоўі і інш.). Традыцыі Скарыны развівалі С.​Будны, В.​Цяпінскі, ананімныя перакладчыкі жыцій («Жыціе святой Марыны»), апокрыфаў («Страцім-птах», «Пра дванаццаць пакутаў»), аповесцей рэліг. зместу («Аповесць пра трох каралёў»), рыцарскіх раманаў («Александрыя», «Аповесць пра Трышчана»), гіст. аповесцей («Гісторыя пра Атылу», «Аповесць пра Скандэрбега») і інш. Новы перыяд бел. П.м. пачынаецца з 19 ст. разам з узнікненнем новай бел. л-ры. Яго пачынальнік — В.​Дунін-Марцінкевіч, які ўзнавіў па-беларуску «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча (1859, захаваўся часткова). А.​Вярыга-Дарэўскі, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына, М.​Косіч, А.​Ельскі і інш. развівалі пераважна вольны П.м. Асновы бел. дакладнага П.м. заклалі Я.​Купала (пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», паэзію А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі, М.​Някрасава, У.​Сыракомлі, М.​Канапніцкай), М.​Багдановіч (упершыню даў на бел. мове ўзоры ант. лірыкі, класічнай ням., франц. і бельг. паэзіі, і інш.), Я.​Колас (пераклаў «Палтаву» А.​Пушкіна, «Дэмана» М.​Лермантава, многія творы Шаўчэнкі). П.м. развівалі і ўзбагацілі П.​Броўка, Ю.​Гаўрук, П.​Глебка, У.​Дубоўка, А.​Дудар, А.​Зарыцкі, А.​Куляшоў, П.​Макаль, Я.​Семяжон. М.​Танк, Ю.​Таўбін, К.​Чорны, а ў наш час Р.​Барадулін, Я.​Брыль, Н.​Гілевіч, А.​Лойка, М.​Лужанін, Н.​Мацяш, В.​Сёмуха, Я.​Сіпакоў, і інш. Іх пераклады і інш. перакладныя творы выдаваліся асобна і ў серыйных выданнях («Проза народаў СССР», «Паэзія народаў СССР», «Паэзія народаў свету», зб-ках «Братэрства», «Далягляды» і інш.). У 1970 Куляшову (за пер. кніг «Выбраная паэзія» Лермантава, «Энеіда» І.​Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г.​Лангфела), у 1976 Барадуліну (за зб. «Рум» і пер. выбр. лірыкі Ф.​Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады»), у 1980 Гілевічу (за зб. паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць), у 1982 Семяжону (за пер. паэмы «Песня пра зубра» М.​Гусоўскага) прысуджаны Дзярж. прэміі Беларусі імя Я.​Купалы. Творы бел. пісьменнікаў перакладзены на многія мовы народаў свету. Хелемскаму за пераклад твораў бел. л-ры (Броўкі, Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка) на рус. мову ў 1980 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа.

Літ.:

Гл. да арт. Перакладазнаўства.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 276

ПЕРАКЛЮЧА́ЛЬНІК электрычны,

апарат (прыстасаванне) для камутацыі эл. ланцугоў. Найб. просты П. — рубільнік, універсальны — пакетны выключальнік. У эл. сілавых устаноўках, сістэмах дыстанцыйнага і аўтам. кіравання, у радыёапаратуры выкарыстоўваюцца эл. выключальнікі, кантактары, кантролеры, камандакантролеры, тумблеры, рэле; у ланцугах сувязі — тэлефонныя і тэлеграфныя камутатары, шагавыя шукальнікі і інш. Пашыраны бескантактныя П.: транзістарныя, дыёдныя, тырыстарныя, пераключальныя матрыцы і інш.

т. 12, с. 277