ПЕРАКЛА́Д,

1) па магчымасці поўнае і дакладнае ўзнаўленне інфармацыі, увасобленай у тэксце на адной мове, тымі самымі ці функцыянальна аналагічнымі сродкамі другой мовы.

2) Тэкст, што ўзнікае ў выніку працэсу перакладу. У адпаведнасці з тым, у якой форме ажыццяўляецца П., ён падзяляецца на 2 тыпы: пісьмовы і вусны, у т. л. паслядоўны і сінхронны. Вылучаюць наступныя віды пісьмовага П.: маст., грамадска-паліт., навук.-тэхнічны. Кожны з гэтых відаў мае свае жанравыя разнавіднасці. Напр., у маст. адрозніваюць П. паэзіі, прозы, драматургіі і дзіцячай л-ры, у грамадска-паліт. — П. газетна-інфарм. паведамленняў, публіцыстыкі і аратарскіх прамоў, у навук.-тэхн. — П. навук. твораў, афіц.-дзелавых дакументаў і тэхн. тэкстаў. У сярэдзіне 20 ст. ўзнік машынны пераклад, які выконваецца з дапамогай электронна-выліч. тэхнікі. Паводле паўнаты ўзнаўлення арыгінала П. бывае поўным, скарочаным і адаптаваным (у ім дапускаюцца ці пераказваюцца неістотныя, з пункту гледжання пэўнага чытача, моманты арыгінала). Інфармацыя пра іншамоўны тэкст можа быць атрымана перакладчыкам у выніку непасрэднага (у арыгінале) успрымання або апасродкаванага — праз іншы П. ці падрадкоўнік (паслоўная — радок у радок — перадача сэнсу вершаванага твора без захавання яго фармальных адзнак: рытму, рыфмы, гукапісу). У апошніх выпадках інфармацыя пра першакрыніцу значна абмежаваная. Найб. пашыраны і складаны — пераклад мастацкі. Найб. раннія ўзоры пісьмовага П. — вавілонскі П. шумерскага эпасу пра Гільгамеша і перакладныя тэксты дакументаў з б-кі асірыйскіх цароў у Ніневіі (2-е тыс. да н.э.). Асаблівае пашырэнне П. набыў у перыяд бурнага развіцця чалавечай цывілізацыі, у век навук.-тэхн. рэвалюцыі. Калі ў 19 ст. перакладалі з некалькіх дзесяткаў моў, то ў наш час — прыкладна з 1500 моў свету. На Беларусі, як і ў большасці краін Еўропы, развіццё ўласнага пісьменства пачалося з П. У сярэднія вякі перакладалі рэліг. кнігі (Біблія, Евангелле), свецкія і рэліг. аповесці (гл. Перакладная аповесць), творы вучэбныя і навуковыя. Найвыдатнейшы тагачасны бел. перакладчык Ф.​Скарына. Вял. ўклад у развіццё П. зрабілі таксама С.​Будны, В.​Цяпінскі і інш. У 19 ст. разам са станаўленнем новай бел. л-ры адраджаецца маст. пераклад (В.​Дунін-Марцінкевіч, А.​Абуховіч, Я.​Лучына і інш.), які ў 20 ст. займае пануючае становішча сярод інш. відаў бел. П. Тэорыю і практыку П. вывучае перакладазнаўства.

Літ.:

Комиссаров В.Н. Слово о переводе. М., 1973;

Бархударов Л.С. Язык и перевод. М., 1975;

Теорія і практика перекладу. Вип. 1—11. Київ, 1979—84.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)