Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАІКА́ННЕ,

функцыянальнае парушэнне мовы. Характарызуецца адвольнымі паўзамі рознай працягласці, паўторам асобных гукаў, складоў, слоў пры размове. Прычыны хваробы: генетычная схільнасць, частыя псіхатраўмы, неўратычны фон, саматычная аслабленасць. Найчасцей узнікае ў дзяцей ранняга ўзросту (2—5 гадоў). Лячэнне: псіхатэрапія, гіпноз і інш.

т. 6, с. 500

ЗАІЛІ́ЙСКІ АЛАТА́У,

горны хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у Казахстане, на мяжы з Кіргізіяй. Даўж. каля 350 км. Выш. да 4973 м (пік Талгар). Складзены пераважна з гранітаў, кангламератаў, вапнякоў і сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Агульная пл. зледзянення 484 км2. З паўн. схілаў сцякаюць прытокі р. Ілі. Сухія стэпы змяняюцца з вышынёй хмызнякова-стэпавай расліннасцю, лугамі і лясамі. У паўн. перадгор’ях г. Алматы, а таксама зімовы спарт. комплекс Медэо. На зах. схіле З.А. Алма-ацінскі запаведнік.

т. 6, с. 500

ЗАІ́МІС ((Zaimēs) Аляксандрас) (28.10.1855, Афіны — 15.9.1936),

дзяржаўны дзеяч Грэцыі. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Германіі і Францыі. У 1896 і 1914—20 дырэктар грэч. нац. банка. Прэм’ер-міністр у 1897—99, 1901—02, 1915—17 (з перапынкамі), 1926—28; у 1929—35 прэзідэнт Грэцыі. Садзейнічаў дзярж. перавароту ў кастр. 1935, які прывёў да аднаўлення манархіі.

т. 6, с. 501

ЗАІ́Р (Zaïre),

назва Дэмакратычнай Рэспублікі Конга ў 1971—97.

т. 6, с. 501

ЗА́ЙДЭЛЬМАН ((Seydelmann) Карл) (24.4.1793, г. Глац, Сілезія, цяпер г. Клодзка, Польшча — 17.3.1843),

нямецкі акцёр. З 1815 у т-ры г. Брэслаў, з 1820 у Пражскім ням. гар. т-ры, у прыдворных т-рах Каселя, Штутгарта, Берліна. Прымаў удзел у рэжысёрскіх доследах К.Імермана (роля Натана Мудрага ў аднайм. п’есе Г.Лесінга), ва «ўзорных» спектаклях Дзюсельдорфскага т-ра. Найб. значныя ролі: Карлас, Мефістофель, Альба («Клавіга», «Фауст», «Эгмант» І.В.Гётэ), Рычард III, Атэла і Яга («Рычард III», «Атэла» У.Шэкспіра) і інш., у якіх выявілася высокая здольнасць да пераўвасаблення.

т. 6, с. 501

ЗА́ЙКАВА,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., каля воз. Сясіта. Цэнтр сельсавета. За 53 км на ПнУ ад г. Гарадок, 92 км ад Віцебска. 50 км ад чыг. ст. Гарадок. 85 ж., 43 двары (1997). Амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму.

т. 6, с. 501

Зайка Валерый Анатолевіч

т. 18, кн. 1, с. 387

ЗА́ЙЛЕР ((Sailer) Антон) (Тоні; н. 17.11.1935, г. Кіцбюэль, Аўстрыя),

аўстрыйскі спартсмен (гарналыжны спорт). Алімп. чэмпіён у скорасным спуску, слаламе і гіганцкім слаламе (1956). Чэмпіён свету ў гарналыжным трохбор’і (1956, 1958), скорасным спуску і слаламе-гіганце (1958).

т. 6, с. 501

ЗАЙМЕ́ННІК,

часціна мовы, якая паказвае на прадметы і якасці, не называючы іх. Канкрэтнае значэнне мае толькі ў звязнай мове, дзе выступае як марфалагічны сінонім да назоўніка, прыметніка ці лічэбніка. Паводле суадносін з інш. часцінамі мовы З. падзяляюць на назоўнікавыя, прыметнікавыя і лічэбнікавыя; паводле значэння — на асабовыя (я, мы, ты, вы), зваротны (сябе), прыналежныя (мой, наш, твой), пытальна-адносныя (хто, што, каторы), указальныя (гэты, той, такі), азначальныя (сам, увесь, кожны, іншы), адмоўныя (ніхто, нішто), няпэўныя (нехта, некаторы, нейкі). У сказе выконваюць ролю дзейніка, выказніка і дадатковых членаў сказа, найчасцей дапаўнення і азначэння.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Я.М.Камароўскі.

т. 6, с. 501

ЗАЙСА́Н,

прэснаводнае возера ў міжгорнай Зайсанскай катлавіне, на У Казахстана. Да пабудовы Бухтармінскай ГЭС на р. Іртыш пл. З. складала 1,8 тыс. км2. Даўж. 111 км, шыр. каля 30 км, глыб. да 10 м. Пасля пабудовы 90-метровай плаціны З. знаходзіцца ў падпоры і складае значную ч. Бухтармінскага вадасховішча; яго ўзровень падняўся на 7 м. Упадае р. Чорны Іртыш, выцякае р. Іртыш. Рыбны промысел.

т. 6, с. 501