ЗАЙМЕ́ННІК,

часціна мовы, якая паказвае на прадметы і якасці, не называючы іх. Канкрэтнае значэнне мае толькі ў звязнай мове, дзе выступае як марфалагічны сінонім да назоўніка, прыметніка ці лічэбніка. Паводле суадносін з інш. часцінамі мовы З. падзяляюць на назоўнікавыя, прыметнікавыя і лічэбнікавыя; паводле значэння — на асабовыя (я, мы, ты, вы), зваротны (сябе), прыналежныя (мой, наш, твой), пытальна-адносныя (хто, што, каторы), указальныя (гэты, той, такі), азначальныя (сам, увесь, кожны, іншы), адмоўныя (ніхто, нішто), няпэўныя (нехта, некаторы, нейкі). У сказе выконваюць ролю дзейніка, выказніка і дадатковых членаў сказа, найчасцей дапаўнення і азначэння.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Я.М.Камароўскі.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)