Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІДРО́ЛІЗНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін мікрабіялагічнай прамысловасці. Спецыялізуецца на перапрацоўцы нехарчовых раслінных матэрыялаў метадам гідролізу для атрымання этылавага спірту, кармавых дражджэй, глюкозы і ксіліту, фурфуролу, арган. кіслот, лігніну і інш. прадуктаў. Сыравінай служаць адходы лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, перапрацоўкі с.-г. сыравіны (салома, сланечнікавае шалупінне, кукурузныя храпкі, сцёблы бавоўніку, мелес з цукр. буракоў і інш.). Пры гідролізе раслінных тканак вугляводы пераходзяць у раствор (пад уздзеяннем вады і цяпла ў прысутнасці каталізатараў), а лігнін застаецца. У гэтым працэсе нерастваральныя поліцукрыды ператвараюцца ў растваральныя монацукрыды (гексозы і пентозы), якія хім. і біяхім. шляхам перапрацоўваюцца ў крышт. манозы (глюкозы, ксілозы), этылавы спірт, гліцэрын, ксіліт, сарбіт і інш., у альдэгіды і іх вытворныя (фурфурол, фуран і інш.), арган. кіслоты (воцатную, лімонную, яблычную і інш.), бялкова-вітамінныя дрожджы і антыбіётыкі. З 1 т сухой сыравіны ў залежнасці ад тэхналогіі можна атрымаць да 150 кг фурфуролу, або 140 кг першасных спіртоў, або 300 кг крышт. глюкозы, або 250 кг кармавых дражджэй і каля 300 кг гідролізнага лігніну.

Гідролізная прамысловасць развіваецца з пач. 20 ст. У б. СССР з 1935 наладжана вытв-сць этылавага спірту, з 1940-х г. — кармавых дражджэй і фурфуролу. На Беларусі гідролізную прадукцыю вырабляюць з 1936 на Бабруйскім гідролізным заводзе, з 1963 на Рэчыцкім доследна-прамысловым гідролізным заводзе, шматлікіх спіртавых і крухмальных з-дах. Выпускаецца тэхн. рэктыфікаваны этылавы спірт і этылавы спірт-сырэц, кармавыя дрожджы, фурфурол, вуглякіслы газ. У 1994 выраблена (разам з прадпрыемствамі мікрабіял. прам-сці) 49 тыс. т таварнай прадукцыі кармавых дражджэй (найб. у 1990 — 508 тыс. т). Значную гідролізную прамысловасць, якая спецыялізуецца пераважна на вытв-сці фурфуролу і этылавага спірту, маюць ЗША (найб. вытворца фурфуролу), Францыя, Італія, Японія, Фінляндыя; развітая вытв-сць этылавага спірту, кармавых дражджэй і фурфуролу ў Расіі, Германіі і інш. краінах. Гідролізная прамысловасць — перспектыўная галіна біятэхналогіі, здольная вырашаць праблемы, звязаныя з вытв-сцю харч. прадуктаў, лекавых прэпаратаў, энергет. паліва і сыравіны для хім. і біяхім. Вытв-сці.

Т.П.Цэдрык.

т. 5, с. 240

ГІДРО́НІЙ-КАТЫЁН,

гл. Гідраксоній.

т. 5, с. 240

ГІ́ДРЫ

(Hydrida),

атрад беспазваночных жывёл кл. гідроідных тыпу жыгучых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў прэсных (зрэдку саланаватых) вадаёмах усяго зямнога шара. На Беларусі 3 віды: гідра звычайная, або бессцябліністая (Hydra vulgaris); гідра сцябліністая, або бурая (Pelmatohydra oligactis); гідра зялёная (Chlorohydra viridissima).

Цела цыліндрычнае, полае, даўж. да 3 см, жаўтавата-шэрае, бурае, ярка-зялёнае або чырвонае. На адным канцы цела падэшва, якой гідры прымацоўваюцца да субстрату, на другім — рот, абкружаны 4—20 шчупальцамі з жыгучымі клеткамі. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Раздзельнаполыя і гермафрадыты. Пасля апладнення звычайна гінуць, а з яец вясной выходзяць маладыя гідры. Драпежнікі: жывяцца інфузорыямі, калаўроткамі, ракападобнымі, малашчацінкавымі чарвямі, лічынкамі рыб. Аднаўляюцца з 1/200 ч. цела (рэгенерацыя). Індыкатары чысціні вадаёмаў. Выкарыстоўваюцца ў доследах.

т. 5, с. 240

ГІДРЫ́ДЫ,

хімічныя злучэнні вадароду з інш. элементамі. Простыя ці бінарныя гідрыды вядомыя для ўсіх элементаў, акрамя інертных газаў, плацінавых металаў (за выключэннем паладыю), серабра, золата, кадмію, ртуці, індыю, талію.

Гідрыды шчолачных і шчолачназямельных (акрамя магнію) металаў — солепадобныя іонныя злучэнні. Крышт. рэчывы, устойлівыя пры адсутнасці вільгаці (напр., гідрыды літыю LiH tпл 680 °C, кальцыю CaH2 tпл 815 °C). Пры ўзаемадзеянні з вадой утвараюць шчолачы і вадарод. Гідрыды пераходных металаў і рэдказямельных элементаў (металападобныя гідрыды) светла- ці цёмна-шэрыя крышт. рэчывы з метал. бляскам, устойлівыя на паветры пры пакаёвай т-ры (напр., гідрыды тытану TiH2 мае т-ру раскладання 600—700 °C). Гідрыды неметалаў — кавалентныя злучэнні, у асн. газападобныя рэчывы (высокатаксічныя, асабліва гідрыды мыш’яку AsH3 і фосфару PH3). Моцныя аднаўляльнікі, пры 100—300 °C раскладаюцца да элемента і вадароду. Бор і крэмній утвараюць вышэйшыя гідрыды: боравадароды і сіланы. Выкарыстоўваюць як аднаўляльнікі ў арган. сінтэзе і пры атрыманні металаў, як каталізатары, у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў (германію, крэмнію). Гл. таксама Алюмінію злучэнні, Літыю злучэнні.

т. 5, с. 240

ГІДРЫ́ЛА,

вадзяніца (Hydrilla), манатыпны род кветкавых раслін сям. жабнікавых. Вядомы 1 від — гідрыла кальчаковая (Н. verticillata). Пашырана пераважна ў тропіках і субтропіках Еўропы, Азіі, Афрыкі і Аўстраліі; на поўначы Еўропы, у т. л. на Беларусі трапляецца як занесеная або рэліктавая расліна. Часта ўтварае зараснікі ў азёрах Бел. Паазер’я (найб. паўн. і паўн.-ўсх. месцы росту ў Еўропе). Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Шматгадовая апушчаная ў ваду двухдомная травяністая расліна з доўгім ніткападобным сцяблом даўж. да 3 м і рэдкімі галінкамі, на якіх утвараюцца шчыльныя пупышкі (прыстасаванне для вегетатыўнага размнажэння). Лісце лінейнае, эліпсоіднае або яйцападобнае, сядзячае, па 3—8 у кальчаках, радзей парнае, цёмна-зялёнае, рэдка чырв.-фіялетавае. Цвіце рэдка. Кветкі дробныя, аднаполыя, акружаны пакрывалам, сядзяць па 1 у пазухах лісця, тычынкавыя зеленавата-белыя, аддзяляюцца і ўсплываюць на паверхню, песцікавыя — белаватаплеўкавыя. Плод цыліндрычны, ягадападобны, маланасенны. Прыдатная для аквакультуры, корм для рыб і вадаплаўных птушак.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 240

ГІ́ДРЫЯ

(грэч. hydria ад hydōr вада),

старажытнагрэчаская пасудзіна для вады, найчасцей керамічная. Падобная на амфару, але з моцна расшыраным уверсе тулавам, больш вузкім і высокім горлам. Мела 2 гарызантальныя па баках і 1 вертыкальную ручкі. Сценкі гідрыі часта ўпрыгожвалі размалёўкай.

т. 5, с. 241

ГІЕ́НАВЫЯ

(Hyaenidae),

сямейства млекакормячых атр. Драпежных. 3 роды: гіены паласатыя (Hyaena), гіены плямістыя (Crocuta) і ваўкі земляныя (Proteles). 4 віды: гіена паласатая (H. hyaena), гіена бурая (H. brunnea), гіена плямістая (C. crocuta), воўк земляны (P. cristatus). Пашыраны ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жывуць пераважна ў паўпустынях і пустынях. Гіена бурая і падвід гіена барбарыйская (H. hyaena barbara) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 55—165 см, хваста 20—33 см, маса 10—80 кг. Поўсць жаўтавата-шэрая ці брудна-бурая з плямамі і папярочнымі палосамі. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія; шыя тоўстая, галава масіўная, зубы і сківіцы моцныя. Анальныя залозы выдзяляюць сакрэт з рэзкім пахам. Нараджаюць 2—4 (зрэдку 6) дзіцянят. Начныя драпежнікі, жывяцца пераважна мярцвячынай, нападаюць на дзікіх капытных, зрэдку на свойскую жывёлу.

т. 5, с. 241

ГІЕ́НЬ І ГАСКО́НЬ, Гюен і Гасконь (Guyenne et Gascogne),

гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі. Яе тэр. падзяляецца на 19 сучасных дэпартаментаў. Пл. каля 67 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1994). Гал. горад — Бардо. Займае Гаронскую нізіну і прыбярэжную нізіну Ланды, на Пд — Пірэнеі, на ПнУч. Цэнтральнага масіву. Клімат умераны, вільготны. Здабыча нафты (дэпартамент Ланды) і газу (дэпартамент Гарона Верхняя). Развіты машынабудаванне (у т. л. судна- і авіябудаванне), нафтаперапрацоўка, электраметалургія, хім., тэкст., абутковая, лесаапр. і лесахім., харч. (у т. л. вінаробчая і мукамольная), папяровая прам-сць. Гал. цэнтры Бардо, Тулуза, Тарб. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу. Садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства, вустрычны промысел. Горныя і прыморскія курорты. Пірэнеі — раён турызму і зімовага спорту. Горад Лурд — цэнтр рэліг. паломніцтва.

т. 5, с. 241

ГІЕРО́Н I (грэч. Hierōn) Старэйшы

(?, г. Катанія, Італія — 467 да н.э.),

правіцель г. Гела ў Сіцыліі ў 484—478, тыран у Сіракузах у 478—467 да н.э. Разграміў у 474 флот этрускаў каля г. Кум, падпарадкаваў гарады Пд Італіі Месана, Рэгій і інш. Пры ім Сіракузская дзяржава дасягнула росквіту. Спрыяў мастацтву, пры яго двары тварылі філосафы і паэты Эпіхарм, Сіманід, Бакхілід, Піндар і інш.

т. 5, с. 241

ГІЕРО́Н II (грэч. Hierōn) Малодшы

(каля 306 — каля 215 да н.э.),

тыран у Сіракузах (Сіцылія) каля 268 — каля 215 да н.э., насіў тытул цара. У 265 вёў паспяховую барацьбу з мамертынцамі (італьян. наёмнікі). У пач. 1-й Пунічнай вайны (264—241) падтрымліваў карфагенян, пасля асады Рымам Месаны і Сіракузаў заключыў у 263 мірны дагавор з Рымам, чым забяспечыў незалежнасць Сіракузаў. У 2-й Пунічнай вайне (218—201) выступаў на баку Рыма. Заахвочваў развіццё земляробства, рамёстваў, будаўніцтва.

т. 5, с. 241