ГІДРЫ́ДЫ,

хімічныя злучэнні вадароду з інш. элементамі. Простыя ці бінарныя гідрыды вядомыя для ўсіх элементаў, акрамя інертных газаў, плацінавых металаў (за выключэннем паладыю), серабра, золата, кадмію, ртуці, індыю, талію.

Гідрыды шчолачных і шчолачназямельных (акрамя магнію) металаў — солепадобныя іонныя злучэнні. Крышт. рэчывы, устойлівыя пры адсутнасці вільгаці (напр., гідрыды літыю LiH tпл 680 °C, кальцыю CaH2 tпл 815 °C). Пры ўзаемадзеянні з вадой утвараюць шчолачы і вадарод. Гідрыды пераходных металаў і рэдказямельных элементаў (металападобныя гідрыды) светла- ці цёмна-шэрыя крышт. рэчывы з метал. бляскам, устойлівыя на паветры пры пакаёвай т-ры (напр., гідрыды тытану TiH2 мае т-ру раскладання 600—700 °C). Гідрыды неметалаў — кавалентныя злучэнні, у асн. газападобныя рэчывы (высокатаксічныя, асабліва гідрыды мыш’яку AsH3 і фосфару PH3). Моцныя аднаўляльнікі, пры 100—300 °C раскладаюцца да элемента і вадароду. Бор і крэмній утвараюць вышэйшыя гідрыды: боравадароды і сіланы. Выкарыстоўваюць як аднаўляльнікі ў арган. сінтэзе і пры атрыманні металаў, як каталізатары, у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў (германію, крэмнію). Гл. таксама Алюмінію злучэнні, Літыю злучэнні.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)