Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАСЦЯНЕ́ЦКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ ў Вялікую Айчынную вайну.

Створаны ням. фашыстамі ў ліст. 1941 каля в. Малы Трасцянец Мінскага р-на (цяпер у межах г. Мінск) для масавай загубы сав. грамадзян і ваеннапалонных, паліт. вязняў ням. турмаў і лагераў, яўрэяў з Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі. Тут працавала крэмацыйная печ, з Мінска рэгулярна прывозілі вязняў у машынах-душагубках. Масавыя расстрэлы людзей праводзіліся ва ўрочышчы Благаўшчына (да кастр. 1943 загінула 150 тыс. чал.), потым ва ўрочышчы Шашкоўка (каля в. Шабаны, цяпер у межах г. Мінск, загінула больш за 50 тыс. чал.), дзе была пабудавана спец. яма-печ. Попел з печаў выкарыстоўвалі як угнаенне на палях размешчанай паблізу дапаможнай гаспадаркі. У канцы чэрв. 1944 вязні лагера знішчаны ў б. калгасным хляве ў в. Малы Трасцянец (6,5 тыс. чал.). Усяго ў Т.л.с. загублена 206,5 тыс. чал. Па колькасці знішчаных людзей гэты лагер стаіць на 4-м месцы пасля Асвенціма, Майданака і Траблінкі (каля 810 тыс. чал.). На месцы загубы вязняў абеліск, за 200 м ад в. Вял. Трасцянец помнік ахвярам фашызму.

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998. С. 157, 160—161.

Да арт. Трасцянецкі лагер смерці. Помнік ахвярам фашызму каля в. Вялікі Трасцянец. 1963.

т. 15, с. 518

ТРАСЦЯНІ́ЦА,

група археал. помнікаў каля в. Трасцяніца Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Бескурганны могільнік паморскай культуры (4—2 ст. да н.э.). Даследавала ў 1962 В.​Б.​Караткевіч. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Выяўлены 22 ямы і 2 пахаванні. У адным з іх каменная скрынка, унутры якой гліняны гаршчок з рэшткамі перапаленых касцей 2 нябожчыкаў; каля пахавання — вял. чорная глянцаваная ваза і міска, у якой ляжалі кубак і збан. У другім пахаванні знойдзены перапаленыя косці, абломкі вял. глінянай пасудзіны, жал. раннелатэнская фібула і драцяны пярсцёнак. Курганныя могільнікі дрыгавічоў 11—13 ст. даследавалі ў 1960, 1962 І.​В.​Біруля. у 1983 і 1987 Т.​М.​Каробушкіна. Пахавальны абрад — трупапалажэнне галавой на 3. Знойдзены фрагменты ганчарнага посуду, 2 цэлыя гаршкі, шыфернае прасліца, залачоныя і рознакаляровыя шкляныя, бронзавыя зярнёныя пацеркі, сярэбраныя і бронзавыя скроневыя кольцы, металічная двухбаковая падвеска, кінжал у скураным футляры з металічным упрыгожаннем, бронзавыя спражкі і інш.

Літ.:

Коробушкина Т.Н. Курганы Белорусского Побужья X—XIII вв. Мн., 1993.

В.​Б.​Караткевіч, Т.​М.​Каробушкіна.

т. 15, с. 518

ТРАСЦЯНІ́ЦА, Трасцяніцкі канал,

рака ў Маларыцкім, Кобрынскім і Жабінкаўскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Мухавец (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 34,3 км. Пл. вадазбору 224 км². Пачынаецца за 1,7 км на Пн ад в. Малы Паўлопаль Маларыцкага р-на. Вусце за 2 км на ПнУ ад в. Піліпавічы Жабінкаўскага р-на. Цячэ па Брэсцкім Палессі. Даліна ракі ў сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная. Рэчышча, шыр. 6—8 м, каналізаванае.

т. 15, с. 519

ТРАСЦЯНІ́ЦА,

радовішча пяскоў у Мазырскім р-не Гомельскай вобл., за 1 км на ПнЗ ад в. Стрэльск. Назва ад б.в. Трасцяніца. Лінзападобны паклад звязаны з сучаснымі алювіяльнымі адкладамі поймы р. Прыпяць. Пяскі жаўтавата-шэрыя, палевашпатава-кварцавыя, дробназярністыя, з дамешкамі жвіру. Разведаныя запасы 7,4 млн. м³, перспектыўныя 25,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 5,2—19,2 м, ускрышы (тонказярністыя пяскі, торф) 0,2—6,8 м. Пяскі прыдатныя для вытв-сці сілікатных вырабаў і буд. работ.

А.​П.​Шчураў.

т. 15, с. 519

ТРА́ТА (італьян. tratta),

пераводны вэксаль, які аплачваецца пры прад’яўленні. Выстаўляецца самім банкам або ад яго імя. Прыраўноўваецца да наяўных грошай і не можа быць вернуты без аплаты. Часта выкарыстоўваецца ў знешнегандл. аперацыях.

т. 15, с. 519

ТРАТЫ́Л,

тое, што трынітраталуол.

т. 15, с. 519

ТРАТЫ́ЛАВЫ ЭКВІВАЛЕ́НТ,

энергетычная характарыстыка выбуху ядз. або тэрмаядз. зараду. Лікавае значэнне Т.э. звычайна выражаюць у тонах, кіла- і мегатонах. Ядзерны выбух 1 кг урану-235 або плутонію-239 пры поўным дзяленні ўсіх ядзер па колькасці вылучанай энергіі эквівалентны энергіі выбуху 20 кд трынітраталуолу (тратылу). Тэрмінам «Т.э.» карыстаюцца таксама для характарыстыкі розных хім. выбуховых сістэм адносна тратылу.

т. 15, с. 519

ТРА́ЎГУТ Рамуальд Людвікавіч (16.1.1826, в. Шастакова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 5.8.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. З 1845 у арміі. Удзельнічаў у падаўленні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі, Крымскай вайне 1853—56 (у т. л. ў Севастопальскай абароне 1854—55). У 1862 падпалкоўнік у адстаўцы, жыў у маёнтку Востраў Кобрынскага пав. У крас. 1863 узначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад, які ў баях з урадавымі войскамі каля в. Горкі тройчы нанёс ім значныя страты. У чэрв. 1863 разам з Брэсцкім атрадам Я.Ваньковіча зрабіў рэйд на Піншчыну і паўн. Валынь. У ліп. 1863 з дапамогай Э.Ажэшкі выехаў у Варшаву. У чыне генерала быў прадстаўніком паўстанцкіх улад за мяжой. З кастр. 1863 кіраўнік Нац. ўрада ў Варшаве, фактычна дыктатар паўстання. Шмат зрабіў, каб надаць паўстанню новы размах, пашырыць яго сац. базу, рэарганізаваць паўстанцкія ўзбр. сілы. 30.3.1864 арыштаваны і паводле прыгавору ваен. суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі. У Вял. Айч. вайну ў СССР была створана польская дывізія імя Т. У г. Свіслач Гродзенскай вобл. яму пастаўлены помнік.

Літ.:

Миллер И.С. Ромуальд Траугут // За нашу и вашу свободу: Герои 1863 г. М., 1964;

Бандарэнка М Пра Рамуальда Траўгута // Полымя. 1999. №8;

Dunin-Wąsowicz K. Romuald Traugutt. Warszawa, 1980.

Г.​В.​Кісяпёў.

Р.Л.Траўгут. Мастак Ф.​Ляхновіч. 1998.

т. 15, с. 519

ТРАЎЛЕ́ННЕ ў тэхніцы,

растварэнне паверхні цвёрдых матэрыялаў у практычных мэтах (у адрозненне ад карозіі). Існуе Т. тэхналагічнае (для апрацоўкі і змены формы паверхні металаў, паўправаднікоў, шкла, драўніны і інш.) і структурнае (для выяўлення структуры крышт. матэрыялаў).

Тэхнал. (хім. і электрахім.) выкарыстоўваецца, напр., для ачысткі ад акаліны або атрымання розных паверхняў метал. паўфабрыкатаў, пры луджэнні. пайцы. У тэхналогіі паўправадніковых прылад Т. выкарыстоўваецца для вырабу інтэгральных схем, пячатных плат і інш. Т. робяць на шкле для ўтварэння на ім малюнка або матавай паверхні. Структурнае Т. выкарыстоўваецца для навук. даследаванняў, у прыкладной мінералогіі, прам-сці для кантролю структуры чорных і каляровых металаў і сплаваў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў.

т. 15, с. 519

ТРА́ЎЛЕР (англ. trawler ад trawl трал, невад),

судна для лоўлі глыбакаводным невадам — тралам рыбы, кальмараў, крэветак і іх першаснай апрацоўкі (раздзелкі, мыцця, замарозкі і інш.); пашыраны тып рыбапрамысловых суднаў.

Абсталёўваюцца прамысл. лябёдкамі. грузавымі прыстасаваннямі (парталы, стрэлы). рыбапошукавай апаратурай, прыладамі кантролю за раскрыццём і напаўненнем трала і інш. Адрозніваюць Т. малыя. сярэднія, вялікія і т.зв. супертраўлеры (даўж. ад 15 да 130 м. водазмяшчэнне ад 150 да 10 тыс. т).

т. 15, с. 519