ТРАСЦЯНІ́ЦА,
група археал. помнікаў каля в. Трасцяніца Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Бескурганны могільнік паморскай культуры (4—2 ст. да н.э.). Даследавала ў 1962 В.Б.Караткевіч. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Выяўлены 22 ямы і 2 пахаванні. У адным з іх каменная скрынка, унутры якой гліняны гаршчок з рэшткамі перапаленых касцей 2 нябожчыкаў; каля пахавання — вял. чорная глянцаваная ваза і міска, у якой ляжалі кубак і збан. У другім пахаванні знойдзены перапаленыя косці, абломкі вял. глінянай пасудзіны, жал. раннелатэнская фібула і драцяны пярсцёнак. Курганныя могільнікі дрыгавічоў 11—13 ст. даследавалі ў 1960, 1962 І.В.Біруля. у 1983 і 1987 Т.М.Каробушкіна. Пахавальны абрад — трупапалажэнне галавой на 3. Знойдзены фрагменты ганчарнага посуду, 2 цэлыя гаршкі, шыфернае прасліца, залачоныя і рознакаляровыя шкляныя, бронзавыя зярнёныя пацеркі, сярэбраныя і бронзавыя скроневыя кольцы, металічная двухбаковая падвеска, кінжал у скураным футляры з металічным упрыгожаннем, бронзавыя спражкі і інш.
Літ.:
Коробушкина Т.Н. Курганы Белорусского Побужья X—XIII вв. Мн., 1993.
В.Б.Караткевіч, Т.М.Каробушкіна.
т. 15, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)