ТРА́ЎГУТ Рамуальд Людвікавіч (16.1.1826, в. Шастакова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 5.8.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. З 1845 у арміі. Удзельнічаў у падаўленні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі, Крымскай вайне 1853—56 (у т. л. ў Севастопальскай абароне 1854—55). У 1862 падпалкоўнік у адстаўцы, жыў у маёнтку Востраў Кобрынскага пав. У крас. 1863 узначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад, які ў баях з урадавымі войскамі каля в. Горкі тройчы нанёс ім значныя страты. У чэрв. 1863 разам з Брэсцкім атрадам Я.Ваньковіча зрабіў рэйд на Піншчыну і паўн. Валынь. У ліп. 1863 з дапамогай Э.Ажэшкі выехаў у Варшаву. У чыне генерала быў прадстаўніком паўстанцкіх улад за мяжой. З кастр. 1863 кіраўнік Нац. ўрада ў Варшаве, фактычна дыктатар паўстання. Шмат зрабіў, каб надаць паўстанню новы размах, пашырыць яго сац. базу, рэарганізаваць паўстанцкія ўзбр. сілы. 30.3.1864 арыштаваны і паводле прыгавору ваен. суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі. У Вял.Айч. вайну ў СССР была створана польская дывізія імя Т. У г. Свіслач Гродзенскай вобл. яму пастаўлены помнік.
Літ.:
Миллер И.С. Ромуальд Траугут // За нашу и вашу свободу: Герои 1863 г.М., 1964;
Бандарэнка М Пра Рамуальда Траўгута // Полымя. 1999. №8;
Dunin-Wąsowicz K. Romuald Traugutt. Warszawa, 1980.