Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́ЛЬВА, сельвас (партуг. selva ад лац. silva лес),

вільготныя, перыядычна затапляльныя экватарыяльныя лясы (гілеі) у Паўд. Амерыцы, пераважна ў бас. р. Амазонка. Цяжкапраходныя, маюць надзвычай багаты відавы склад (да 200 відаў пальмаў, гевея, какава, фікусы, бамбукі, дыннае дрэва, шмат ліян і інш.).

т. 14, с. 308

СЕЛЬДЖУ́КІ,

галіна плямён цюркаў-агузаў (туркменаў; першапачаткова жылі на Сырдар’і), названая так ад імя іх правадыра Сельджука (10 — пач. 11 ст.), а таксама адна з назваў створанай ім мусульманскай дынастыі Сельджукідаў. У 1030-я г. атрымалі на васальных умовах ад дзяржавы Газневідаў землі ў Харасане, а потым паўсталі супраць Газневідаў і перамаглі іх пры Дандэнакане (1040). У выніку далейшых заваёў у 11 ст. створана Сельджукская дзяржава.

т. 14, с. 308

СЕЛЬДЖУКІ́ДЫ,

султаны цюркскай агузскай дынастыі, якія кіравалі ў шэрагу краін Блізкага і Сярэдняга Усходу ў 11 — пач. 14 ст. ў Сельджукскай дзяржаве («Вялікія Сельджукіды», 1038—1157), у Канійскім султанаце (канец 11 — пач. 14 ст.), у Іраку і зах. Іране (іракскія С., 1118—94), у паўн. Сірыі (сірыйскія С., канец 11 — пач. 12 ст.), у Кермане (керманскія С., 1040-я г. — канец 12 ст.). Назва ад імя Сельджука (кіраўніка цюркскага агузскага племені кынык; жыў у 10 — пач. 11 ст.). Найбуйнейшыя прадстаўнікі С. у Сельджукскім султанаце: Тагрул-бек [1038—63], Алп-Арслан [1063—1072], Мелік-шах [1072—92], Санджар [1118—57]; у Канійскім султанаце — Ала-ад-дзін Кей-Кубад [1219—36].

т. 14, с. 309

СЕЛЬДЖУ́КСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА Існавала на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 11—12 ст. Засн. качавымі цюркскімі плямёнамі агузаў на чале з родам Сельджукідаў, якія ў пач. 1030-х г. знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Газневідаў. У 1038 яны паўсталі супраць Газневідаў, у 1040 сельджукскі правадыр Тагрул-бек разбіў войска газневідскага султана Масуда; да 1043 заваяваны Харасан, потым — Буідаў дзяржава. У 1055 яго войскі захапілі Багдад, пасля чаго абасідскі халіф Каім надаў правіцелю С.дз. тытул султана. Пры султане Алп-Арслане [1063—72] да С.дз. далучаны Арменія, Сірыя, Палесціна, Маверанахр, у 1071 разбіты візант. войскі ў бітве пры Манцыкерце (Маназкерце). Найб. магутнасці С.дз. дасягнула пры султане Мелік-шаху [1072—92], візірам (гал. міністрам) якога быў Нізам-аль-Мульк. Пры ім да С.дз. далучана б.ч. Малой Азіі, а Караханідаў дзяржава прымушана плаціць даніну (1089). Асновай землеўладання С.дз. была сістэма ікта (ваен. лена). Найбольшыя ікты станавіліся асобнымі княствамі, што прывяло да пераўтварэння С.дз. ў аморфнае дзярж. ўтварэнне. У 1077 адасобіўся Румскі султанат (гл. Канійскі султанат), пасля смерці Мелік-шаха адзінства С.дз. стала намінальным. Унутрыпаліт. становішча дзяржавы ўскладнялася дзейнасцю секты ісмаілітаў. Пасля 1-га крыжовага паходу (1096—99) С.дз. страціла Палесціну, прыбярэжныя тэр. М. Азіі і Сірыі. Султан Санджар [1118—57] пацярпеў паражэнне ад каракітаяў (1141), а ў 1153 узяты ў палон балхскімі агузамі. З яго смерцю (1157) С.дз. распалася на асобныя княствы, пасля чаго ў Сярэдняй Азіі і Іране пачалося ўзвышэнне харэзмшахаў.

В.​У.​Адзярыха.

т. 14, с. 309

СЕЛЬДЭРЭ́ЕВЫЯ,

сямейства двухдольных раслін, тое, што парасонавыя.

т. 14, с. 309

СЕЛЬДЭРЭ́Й (Apium),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў, якія часам аб’ядноўваюць у 1 від — С. пахучы (A. graveolens) з падвідамі. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Вырошчваўся ў стараж. Рыме і Егіпце, у Расіі — з 17 ст. На Беларусі культывуюць разнавіднасці С. пахучага: лісцевы (напр., сорт Кучаравы лісцевы), чаранковы (напр., сорт Залатое пяро) і караняплодны (напр., сорт Яблычны).

Двухгадовыя (у культуры аднагадовыя) травы. У першы год утвараюць разетку лісця выш. 30—50 см, на другі — баразнаватыя, прамыя, галінастыя сцёблы выш. да 150 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, крэмавыя, або белыя ў складаным парасоніку. Плод — сямянка. Лісце і караняплоды багатыя аскарбінавай к-той, карацінам, вітамінамі, мікраэлементамі, эфірным алеем. У кулінарыі С. выкарыстоўваецца ў свежым, вараным і смажаным выглядзе. З насення і лісця атрымліваюць эфірны алей. Лек. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Сельдэрэй пахучы: 1 — караняплодны; 2 — лісцевы; 3 — чаранковы.

т. 14, с. 309

СЕ́ЛЬКІН (Міхаіл Васілевіч) (н. 30.8.1947, г. Ветка Гомельскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1998), праф. (1991). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1997). Скончыў Гомельскі ун-т (1969). З 1973 у Гомельскім ун-це (з 1987 дэкан, з 1990 прарэктар). Навук. працы па метадах даследавання структурнай тэорыі груп і інш. алг. сістэм з дапамогай тэорыі класаў Шунка і тэорыі фармацый.

Тв.:

О свойствах максимальных подгрупп конечных групп // Исследование нормального и подгруппового строения конечных групп. Мн., 1984;

Максимальные подгруппы в теории классов конечных групп. Мн., 1997.

т. 14, с. 309

СЕ́ЛЬНІЦКА-КРАСНАПО́ЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да вер. 1942 у в. Сельнікі і Краснаполле Расонскага р-на Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала 10 чал. (кіраўнік С.​І.​Голубеў), мела сувязь з Расонскім патрыятычным падполлем. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, стваралі партыз. рэзерв, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з краснапольскага лагера, праводзілі дыверсіі. У маі большасць падпольшчыкаў пайшла ў партызаны. У в. Сельнікі ў гонар падпольшчыкаў пастаўлена стэла.

т. 14, с. 309

СЕЛЬРА́Б, Сялянска-рабочае сацыялістычнае аб’яднанне,

масавая легальная рэв.-дэмакр. арганізацыя працоўных Зах. Украіны ў 1926—32. Свой уплыў пашырала і на паўд.-зах. частку Зах. Беларусі. Створана па ініцыятыве Кампартыі Зах. Украіны (КПЗУ) у кастр. 1926 на аб’яднаным з’ездзе радыкальных сял. арг-цый «Народная воля» і «Сялянскі саюз» (гл. Сельсаюз). С. патрабаваў прадастаўлення зямлі без выкупу, стварэння рабоча-сял. ўрада, самавызначэння і аб’яднання ўкр. зямель у рэспубліцы рабочых і сялян і інш. Друкаваныя выданні С. — газ. «Сельроб», «Воля народу», «Наше слово», «Нове життя», час. «Вікна» — выкрывалі палітыку ўлад Польшчы ў Зах. Украіне і Зах. Беларусі, прапагандавалі поспехі СССР, абуджалі самасвядомасць працоўных, узнімалі іх на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, за ўз’яднанне Зах. Украіны з УССР, а Зах. Беларусі з БССР. Часта выступаў разам з КПЗУ, бел. рэв.-дэмакр. арг-цыямі Беларуская сялянска-работніцкая грамада і «Змаганне». За ўплыў на С. ішла вострая барацьба паміж КПЗУ і ўкр. нац. партыямі. Абвастрэнне ўнутр. рознагалоссяў прывяло ў 1927 да расколу С. на С.-лявіцу і С.-правіцу. У маі 1928 на з’ездзе абедзвюх груп створана аб’яднаная арг-цыя С.-адзінства на платформе рэв. і нац.-вызв. барацьбы. Праз С. КПЗУ і КПЗБ уплывалі на культ,асв., спарт. і інш. масавыя арг-цыі працоўных. Пярвічныя арг-цыі С. ствараліся ў многіх вёсках і мястэчках паўд.-зах. часткі Зах. Беларусі. У 1926 створаны Брэсцкі акр. к-т С., раённыя к-ты існавалі ў Кобрыне, Высокім, Камянцы, Драгічыне, Іванаве. 2.10.1927 у Брэсце адбыўся мітынг з удзелам 300 прадстаўнікоў С., якія патрабавалі навучання дзяцей на роднай мове і свабоды палітвязням. Улады Польшчы пастаянна праследавалі С. 15.9.1932 абвешчана аб роспуску С., яго актыўныя дзеячы арыштаваны.

т. 14, с. 309

СЕЛЬСАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў СССР, на Беларусі і ў некат. інш. краінах СНД, састаўная ч. раёна. Падзел на С. ў БССР уведзены пастановай ЦВК БССР ад 7.7.1924, сетка С. зацверджана пастановай ЦВК БССР ад 20.8.1924. На 1.1.1999 у Рэспубліцы Беларусь 1456 С. (гл. таксама Саветы дэпутатаў).

т. 14, с. 310