Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАРО́ЗАВА (Валянціна Васільеўна) (1.12.1935, Мінск —8.11.1990),

бел. спявачка (нізкі альт). Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла БДУ (1966). У 1952—79 салістка Дзярж. нар. хору Беларусі, удзельніца створаных пры хоры вак. актэта і квартэта «Купалінка». Спявала ў нар. і акад. манеры, выконвала сольныя партыі.

т. 10, с. 123

МАРО́ЗАВА (Марыяна Генадзеўна) (н. 23.4.1958, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),

бел. кампазітар, педагог. Скончыла Бел. кансерваторыю (1983, клас Я.Глебава). З 1985 выкладае ў Мінскім пед. ун-це (з 1993 дацэнт). Працуе пераважна ў галіне вак. лірыкі. У творчасці апіраецца на традыцыі бел. і рус. муз.-паэт. фальклору. Некат. творы напісаны пад уплывам жывапісу і л-ры. Сярод твораў: кантаты, у т.л. «Муха-цакатуха» на словы К.Чукоўскага (1982); 3 сімфоніі, у т.л. «Чорная быль» (1988); «На кірмашы» для нар. арк. (1989); 2 сюіты з балета «Стойкі алавяны салдацік» і «Adagio» для камернага арк. (усе 1990); камерна-інстр., у т.л. стр. квартэт «Лічбы на сэрцы» па матывах аднайм. цыкла карцін М.Савіцкага (1985); п’есы для фп. з інструментамі сола (1981—99); вак. цыклы і рамансы на вершы Н.Гілевіча, А.Кальцова, С.Капуцікян, Н.Мацяш, А.Міцкевіча, А.Пушкіна, Я.Янішчыц, Т.Мушынскай, на нар. тэксты; песні, хары, музыка да тэлеспектакляў.

Літ.:

В’югінава І. Жывапіс у гуках // Мастацтва. 1998. № 1.

т. 10, с. 123

МАРО́ЗАВА (дзявочае Сакаўніна) Фядосся Пракопаўна

(21.5.1632, Масква — 12.11.1675),

дзяячка рус. расколу, паплечніца пратапопа Авакума, баярыня. Сваячка М.І.Міласлаўскай, жонкі цара Аляксея Міхайлавіча. У 1649 выдадзена замуж за баярына Г.І.Марозава, аўдавела ў 1662. Перабудавала хатні ўклад свайго жыцця на манастырскі ўзор, прымала ўсіх, каго праследавалі за старую веру. У М. жыў, вярнуўшыся ў 1664 са ссылкі, Авакум; перапісвалася з ім пасля яго другой ссылкі. У 1670 тайна пастрыглася ў манашкі пад імем Феадора. Разам з сястрой княгіняй Е.П.Урусавай 16.11.1671 зняволена за прыхільнасць да стараверства, непадпарадкаванне цару і патрыярху. Падверглася жорсткім катаванням, яе ўладанні канфіскаваны. У 1673 разам з Урусавай і жонкай стралецкага палкоўніка М.Г.Данілавай адпраўлена ў г. Бораўск (Калужская вобл.). Зняволеныя ў земляную турму, памерлі ад голаду. М. прысвечаны «Пра трох спаведніц слова плачэўнае» Авакума, «Аповесць пра баярыню Марозаву» (1670-я г.) ананімнага аўтара, малюнкі і карціны В.Сурыкава, В.Пярова і інш.

Літ.:

Повесть о боярыне Морозовой / Подготовка текстов и исслед. А.И.Мазунина. Л., 1979;

Повесть о боярыне Морозовой. М., 1991.

Н.К.Мазоўка.

т. 10, с. 124

Марозава Святлана Валянцінаўна

т. 18, кн. 1, с. 426

МАРО́ЗАВІЧЫ,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Уза, на аўтадарозе Буда-Кашалёва — Уваравічы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 5 км на Пд ад горада і чыг. ст. Буда-Кашалёва, 45 км ад Гомеля. 398 ж., 147 двароў (1999). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 124

МАРО́ЗАВЫ,

расійскія прадпрымальнікі, уладальнікі тэкст. прадпрыемстваў. Родапачынальнік Сава Васілевіч (1770—1862), б. прыгонны, які ў 1797 арганізаваў уласную шаўкаткацкую вытв-сць у с. Зуева (цяпер г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл.). У 1820 з 4 сынамі выкупіўся на волю. У 1825—40 М. заснавалі 4 баваўняныя ф-кі, якія ў 2-й пал. 19 ст. выраслі ў буйныя фірмы: «Т-ва Нікольскай мануфактуры Савы Марозава, сын і К°», «Т-ва мануфактур Вікулы Марозава з сынамі ў мяст. Нікольскім», «Кампанія Багародска-Глухаўскай мануфактуры», «Т-ва Цвярской мануфактуры папяровых вырабаў». На Нікольскай мануфактуры пры Цімафею Савічу (1823—1889) адбылася Марозаўская стачка 1885. Найб. вядомы наступны ўладальнік Нікольскай мануфактуры — Сава Цімафеевіч (1862—26.5.1905) — мецэнат Маскоўскага Маст. тэатра. Спачуваў і дапамагаў рэвалюцыянерам. У 1913—14 на ф-ках М. працавала 54 тыс. чал., выпушчана прадукцыі на 100 млн. руб. Прадпрыемствы М. нацыяналізаваны дэкрэтам СНК РСФСР ад 8.6.1918.

т. 10, с. 124

МАРО́ЗАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (29.10.1904, г. Бранск, Расія — 14.6. 1979),

расійскі канструктар танкаў. Ген.-маёр-інжынер (1945). Д-р тэхн. н. (1972). Герой Сац. Працы (1942, 1974). З 1940 — гал. канструктар. Прымаў удзел у распрацоўцы першых сав. лёгкіх і сярэдніх танкаў БТ, Т-24 і інш. Разам з М.І.Кошкіным і інш. ўзначальваў распрацоўку сярэдняга танка Т-34. Пад яго кіраўніцтвам створаны шэраг новых тыпаў танкаў і інш. бранятанк. тэхнікі. Ленінская прэмія 1967. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1948.

Літ.:

Вишняков В.А Танк на пьедестале. М., 1970.

А.А.Марозаў.

т. 10, с. 124

МАРО́ЗАЎ (Аляксандр Кліменцьевіч) (23.1.1906, в. Якубова Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1984),

поўны кавалер ордэна Славы. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, потым у партызанах, дзе пусціў пад адхон 3 варожыя эшалоны. З 1944 на фронце, разведчык, агнямётчык. Вызначыўся ў баях на тэр. Прыбалтыкі і Усх. Прусіі.

т. 10, с. 124

МАРО́ЗАЎ (Арсен Іванавіч) (23.1.1922, в. Слабодка Цвярской вобл., Расія — 24.7.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Батайскую ваен. авіяшколу пілотаў (1941). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнічаў у вызваленні Бабруйска, Слуцка, Баранавіч, зрабіў 150 баявых вылетаў, збіў асабіста 13 самалётаў праціўніка і 9 у групавых баях. Нам. камандзіра авіяэскадрыллі ст. лейт. М. вызначыўся ў баях на подступах да Брэста: у час вяртання з паспяховай разведкі заўважыў скопішча варожых войск і тэхнікі і бамбардзіраваў яго; смяротна паранены пасадзіў падбіты самалёт на свой аэрадром.

т. 10, с. 124

МАРО́ЗАЎ (Валерый Францавіч) (н. 25.2.1947, Мінск),

бел. архітэктар і гісторык архітэктуры. Канд. архітэктуры (1987). Скончыў БПІ (1971). З 1971 працаваў у ін-це «Мінскпраект», з 1974 выкладае ў БПА (з 1988 дацэнт), Бел. АМ, Еўрап. гуманіт. ін-це ў Мінску. Асн. работы: праекты комплексу будынкаў праектных ін-таў па вул. Варвашэні, гандл.-грамадскага цэнтра па вул. Прытыцкага (абодва 1971—74), будынка Дома архітэктараў (1972, усе ў сааўт.) у Мінску. Даследуе архітэктуру Беларусі 18—19 ст.

Тв.:

Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.);

Палац у Гомелі. Мн., 1991;

Палац у Жылічах. Мн., 1992;

Гомель классический: Эпоха. Меценаты. Архитектура. Мн., 1997;

Działalność architektów warszawskich i wileńskich na Białorusi w końcu XVIII i 1. połowie XIX wieku // Biuletyn Historii Sztuki. 1990. № 3—4;

Cechy klasycyzmu w planach posiadłości królewskich ekonomii grodzieńskiej końca XVIII wieku // Klasycyzm i klasycyzmy. Warszawa, 1994.

т. 10, с. 124