МАРО́ЗАВЫ,
расійскія прадпрымальнікі, уладальнікі тэкст. прадпрыемстваў. Родапачынальнік Сава Васілевіч (1770—1862), б. прыгонны, які ў 1797 арганізаваў уласную шаўкаткацкую вытв-сць у с. Зуева (цяпер г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл.). У 1820 з 4 сынамі выкупіўся на волю. У 1825—40 М. заснавалі 4 баваўняныя ф-кі, якія ў 2-й пал. 19 ст. выраслі ў буйныя фірмы: «Т-ва Нікольскай мануфактуры Савы Марозава, сын і К°», «Т-ва мануфактур Вікулы Марозава з сынамі ў мяст. Нікольскім», «Кампанія Багародска-Глухаўскай мануфактуры», «Т-ва Цвярской мануфактуры папяровых вырабаў». На Нікольскай мануфактуры пры Цімафею Савічу (1823—1889) адбылася Марозаўская стачка 1885. Найб. вядомы наступны ўладальнік Нікольскай мануфактуры — Сава Цімафеевіч (1862—26.5.1905) — мецэнат Маскоўскага Маст. тэатра. Спачуваў і дапамагаў рэвалюцыянерам. У 1913—14 на ф-ках М. працавала 54 тыс. чал., выпушчана прадукцыі на 100 млн. руб. Прадпрыемствы М. нацыяналізаваны дэкрэтам СНК РСФСР ад 8.6.1918.
т. 10, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)