МАРО́ЗАВА (дзявочае Сакаўніна) Фядосся Пракопаўна
(21.5.1632, Масква — 12.11.1675),
дзяячка рус. расколу, паплечніца пратапопа Авакума, баярыня. Сваячка М.І.Міласлаўскай, жонкі цара Аляксея Міхайлавіча. У 1649 выдадзена замуж за баярына Г.І.Марозава, аўдавела ў 1662. Перабудавала хатні ўклад свайго жыцця на манастырскі ўзор, прымала ўсіх, каго праследавалі за старую веру. У М. жыў, вярнуўшыся ў 1664 са ссылкі, Авакум; перапісвалася з ім пасля яго другой ссылкі. У 1670 тайна пастрыглася ў манашкі пад імем Феадора. Разам з сястрой княгіняй Е.П.Урусавай 16.11.1671 зняволена за прыхільнасць да стараверства, непадпарадкаванне цару і патрыярху. Падверглася жорсткім катаванням, яе ўладанні канфіскаваны. У 1673 разам з Урусавай і жонкай стралецкага палкоўніка М.Г.Данілавай адпраўлена ў г. Бораўск (Калужская вобл.). Зняволеныя ў земляную турму, памерлі ад голаду. М. прысвечаны «Пра трох спаведніц слова плачэўнае» Авакума, «Аповесць пра баярыню Марозаву» (1670-я г.) ананімнага аўтара, малюнкі і карціны В.Сурыкава, В.Пярова і інш.
Літ.:
Повесть о боярыне Морозовой / Подготовка текстов и исслед. А.И.Мазунина. Л., 1979;
Повесть о боярыне Морозовой. М., 1991.
Н.К.Мазоўка.
т. 10, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)