Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІШЫ́МАВА (Аляксандра Восіпаўна) (16.1.1805, г. Кастрама, Расія — 16.6.1881),

руская дзіцячая пісьменніца. Друкавалася з 1831. Выдавала час. для дзяцей «Звездочка» (1842—63) і «Лучи» (1850—60). Аўтар кніг «Гісторыя Расіі ў апавяданнях для дзяцей» (ч. 1—6. 1837—40), «Апавяданні бабулькі» (1839), «Свяшчэнная гісторыя ў размовах для маленькіх дзяцей» (1841), «Рускім дзецям» (1881) і інш., большая частка якіх была пераказам гіст. твораў (напр., М.​М.​Карамзіна).

т. 7, с. 371

ІШЫ́МСКАЯ РАЎНІ́НА,

раўніна на Пд Зах. Сібіры, у міжрэччы Іртыша і Табола у Курганскай, Цюменскай і Омскай абласцях Расіі і Паўн.-Казахстанскай вобл. Казахстана. Перасякаецца р. Ішым. Выш. 120—150 м. Складзена з пясчана-гліністых неагенавых адкладаў, перакрытых лёсавіднымі лёсападобнымі* суглінкамі. Плоская раўніна, слаба нахіленая на У, для яе рэльефу характэрны грывы і лагчыны, што падзяляюць іх. У паніжэннях і далінах шмат (больш за 1600) прэсных, горка-салёных і салёных азёр (Салтаім, Ік, Сазыкуль і інш.). Летам невял. азёры і рэкі перасыхаюць. Глебы пераважна чарназёмныя, таксама шэрыя лясныя. Пераважаюць ландшафты лугавых стэпаў і бярозавых лясоў (калкі). Землі паўд. раёнаў узараныя.

т. 7, с. 371

І́ШЫЯС (ад грэч. ischion сядалішча, бядро),

хвароба, абумоўленая пашкоджаннем карэньчыкаў паяснічна-крыжавога аддзела пазваночніка чалавека. Прычыны: дыстрафічныя змены ў міжпазваночных дысках, што выклікаюць астэахандроз, экзагенныя (пераахаладжэнне, траўмы, інфекцыі) і эндагенныя (недастатковасць нерв.-мышачнага і касцёва-звязачнага апаратаў, абменныя і гемадынамічныя расстройствы пазваночніка) фактары. Праяўляецца болямі з лакалізацыяй у паясніцы, назе, пераважна па ходу сядалішчнага нерва, сімптомамі нацяжэння, парушэннем адчувальнасці паводле карэньчыкавага тыпу, мышачнай гіпатрафіяй з паніжэннем сілы і ахілавага рэфлексу. Найчасцей І. бывае аднабаковым: хварэюць людзі ва ўзросце 30—50 гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Радыкуліт.

А.​У.​Руцкі.

т. 7, с. 371

ІШЭМІ́ЧНАЯ ХВАРО́БА СЭ́РЦА каранарная хвароба сэрца, паталогія сэрца,

у аснове якой пашкоджанне міякарда ад парушэння кровазвароту ў сувязі з атэрасклерозам сасудаў ці ўтварэннем тромбаў у нязменных сасудах; адна з найб. пашыраных хвароб і асн. прычын інваліднасці, смяротнасці. Ішэмічная хвароба бывае ў розных органах (галаўным мозгу. нырках і інш.). Мае формы: раптоўная каранарная смерць, стэнакардыя (напружаная, што ўзнікла ўпершыню, стабільная, прагрэсіруючая, спантанная), інфаркт міякарда, постінфарктны кардыясклероз, парушэнне сардэчнага рытму. сардэчная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае, зрэдку хірургічнае.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 371