ІШЫ́М,
рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 2450 км. пл. бас. 177 тыс. км2. Пачатак у гарах Ніяз на паўн. ускраіне Казахскага драбнасопачніка, у вярхоўях цячэ ў вузкай даліне са скалістымі берагамі, якая расшыраецца ніжэй г. Астана. Па Ішымскім стэпе цячэ ў шырокай пойме са шматлікімі старыцамі, у нізоўі — сярод балот. Гал. прытокі: Калутон, Жабай, Аканбурлук (справа). Жыўленне снегавое Ледастаў з пачатку ліст. да крас.—мая. Высокае веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля с. Вікулава (215 км ад вусця) 59,4 м3/с. Суднаходства ўверх ад г. Петрапаўлаўск на 270 км і ад Вікулава да вусця. Вячаслаўскае і Сяргееўскае вадасховішчы (для водазабеспячэння і арашэння). На І. гарады: Астана, Дзяржавінск, Есіль, Петрапаўлаўск, Ішым.
т. 7, с. 371
ІШЫ́МАВА (Аляксандра Восіпаўна) (16.1.1805, г. Кастрама, Расія — 16.6.1881),
руская дзіцячая пісьменніца. Друкавалася з 1831. Выдавала час. для дзяцей «Звездочка» (1842—63) і «Лучи» (1850—60). Аўтар кніг «Гісторыя Расіі ў апавяданнях для дзяцей» (ч. 1—6. 1837—40), «Апавяданні бабулькі» (1839), «Свяшчэнная гісторыя ў размовах для маленькіх дзяцей» (1841), «Рускім дзецям» (1881) і інш., большая частка якіх была пераказам гіст. твораў (напр., М.М.Карамзіна).
т. 7, с. 371
ІШЫ́МСКАЯ РАЎНІ́НА,
раўніна на Пд Зах. Сібіры, у міжрэччы Іртыша і Табола у Курганскай, Цюменскай і Омскай абласцях Расіі і Паўн.-Казахстанскай вобл. Казахстана. Перасякаецца р. Ішым. Выш. 120—150 м. Складзена з пясчана-гліністых неагенавых адкладаў, перакрытых лёсавіднымі лёсападобнымі* суглінкамі. Плоская раўніна, слаба нахіленая на У, для яе рэльефу характэрны грывы і лагчыны, што падзяляюць іх. У паніжэннях і далінах шмат (больш за 1600) прэсных, горка-салёных і салёных азёр (Салтаім, Ік, Сазыкуль і інш.). Летам невял. азёры і рэкі перасыхаюць. Глебы пераважна чарназёмныя, таксама шэрыя лясныя. Пераважаюць ландшафты лугавых стэпаў і бярозавых лясоў (калкі). Землі паўд. раёнаў узараныя.
т. 7, с. 371
І́ШЫЯС (ад грэч. ischion сядалішча, бядро),
хвароба, абумоўленая пашкоджаннем карэньчыкаў паяснічна-крыжавога аддзела пазваночніка чалавека. Прычыны: дыстрафічныя змены ў міжпазваночных дысках, што выклікаюць астэахандроз, экзагенныя (пераахаладжэнне, траўмы, інфекцыі) і эндагенныя (недастатковасць нерв.-мышачнага і касцёва-звязачнага апаратаў, абменныя і гемадынамічныя расстройствы пазваночніка) фактары. Праяўляецца болямі з лакалізацыяй у паясніцы, назе, пераважна па ходу сядалішчнага нерва, сімптомамі нацяжэння, парушэннем адчувальнасці паводле карэньчыкавага тыпу, мышачнай гіпатрафіяй з паніжэннем сілы і ахілавага рэфлексу. Найчасцей І. бывае аднабаковым: хварэюць людзі ва ўзросце 30—50 гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Радыкуліт.
А.У.Руцкі.
т. 7, с. 371