Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

І́ШЧАЛНАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1758 у в. Ішчална Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Храм аднанефавы, 2-вежавы, з 5-граннай апсідай і сакрысціямі. У аб’ёмнай кампазіцыі дамінуе гал. фасад. Яго вузкую цэнтр. плоскасць фланкіруюць квадратныя ў плане вежы, якія рэльефна выступаюць з асн. аб’ёму, маюць нізкае шлемападобнае завяршэнне. Фасадныя і бакавыя плоскасці вежаў апяразаны карнізамі, расчлянёны плоскімі прамавугольнымі філёнгамі і прарэзаны прамавугольнымі, лучковымі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер касцёла зальны, выцягнуты па падоўжнай восі. Тры алтары і амбон у стылі ракако. Гал. алтар двух’ярусны. 1-ы ярус падзелены калонамі карынфскага ордэра на 3 часткі, аддзелены ад 2-га яруса хвалепадобным антаблементам з ляпным дэкорам. У цэнтры 2-га яруса — картуш з люнетай, па баках — жывапісныя панэлі і дэкар. вазы. Побач з касцёлам у 19 ст. пабудавана 1-ярусная званіца.

С.​Г.​Багласаў, Л.​Г.​Лапцэвіч.

Ішчалнаўскі Троіцкі касцёл.
Інтэр’ер Ішчалнаўскага Троіцкага касцёла.

т. 7, с. 370

І́ШЧАНКА (Уладзімір Іванавіч) (н. 10.6.1939, г. Жытомір, Украіна),

бел. вучоны ў галіне фармацэўтыкі. Д-р фармацэўтычных навук (1988), праф. (1989). Скончыў Львоўскі мед, ін-т (1961). З 1961 у Віцебскім мед. ін-це (з 1979 заг. кафедры). Навук. працы па стварэнні новых лек. сродкаў, паляпшэнні іх якасці, удасканаленні тэхналогіі.

Тв.:

Перспективы развитая высшего фармацевтического образования в Республике Беларусь // Проблемы медицинского образования в Беларуси. Витебск, 1995.

т. 7, с. 371