І́ШЫЯС (ад грэч. ischion сядалішча, бядро),
хвароба, абумоўленая пашкоджаннем карэньчыкаў паяснічна-крыжавога аддзела пазваночніка чалавека. Прычыны: дыстрафічныя змены ў міжпазваночных дысках, што выклікаюць астэахандроз, экзагенныя (пераахаладжэнне, траўмы, інфекцыі) і эндагенныя (недастатковасць нерв.-мышачнага і касцёва-звязачнага апаратаў, абменныя і гемадынамічныя расстройствы пазваночніка) фактары. Праяўляецца болямі з лакалізацыяй у паясніцы, назе, пераважна па ходу сядалішчнага нерва, сімптомамі нацяжэння, парушэннем адчувальнасці паводле карэньчыкавага тыпу, мышачнай гіпатрафіяй з паніжэннем сілы і ахілавага рэфлексу. Найчасцей І. бывае аднабаковым: хварэюць людзі ва ўзросце 30—50 гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Радыкуліт.
А.У.Руцкі.
т. 7, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)