Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

І́СЛАЧ,

рака ў Мінскай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Нёман). Даўж. 102 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Глушынцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., цячэ ў межах Мінскага ўзв., у ніжнім цячэнні праз Налібоцкія лясы. Асн. прытокі: Выганішчанка, Цецяроўка, Волма (злева), Яршоўка, Пяршайка, Валожынка (справа). Даліна ў вярхоўі трапецападобная, глыбока ўрэзаная, у сярэднім цячэнні скрынкападобная, шыр. 300—500 м. Пойма ў вярхоўі роўная, шыр. да 50 м, у нізоўі да 2 км, месцамі забалочаная. Рэчышча звілістае, шыр. да 40 м, зарэгулявана 3 плацінамі. На ўсім працягу трапляюцца невял. астравы. Берагі стромкія, абрывістыя. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 10 м³/с. Месца адпачынку.

Рака Іслач каля в. Ракаў.

т. 7, с. 334

ІСЛЕ́НЬЕЎ (Іван Іванавіч) (?—22.2.1784),

расійскі астраном, геадэзіст, падарожнік. Вучань Л.Эйлера. Атрымаў падрыхтоўку ў акад. абсерваторыі. З 1771 ад’юнкт у Геагр. дэпартаменце Пецярбургскай АН. Прапанаваў новы метад вызначэння геагр. даўгаты. У 1768 накіраваны ў Якуцк для назірання за праходжаннем Венеры праз дыск Сонца. Справаздача надрукавана асобна («Назіранні з выпадку праходжання Венеры па Сонцы, у Якуцку зробленае капітанам І.І.Ісленьевым», СПб., 1769) і ў «Каментарыях» АН (т. 14, 1770). Абследаваў Сібір, Паволжа, Прыдняпроўе і інш. раёны. Кіраўнік экспедыцыі 1773 у Беларусь (Рагачоў, Магілёў, Віцебск, Полацк і інш. гарады). Складальнік шэрагу геагр. карт.

Н.Ю.Бярозкіна.

т. 7, с. 334