ТРЫБАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. tribos трэнне + электрычнасць),
узнікненне электрычных зарадаў пры трэнні 2 разнародных цел.
У аснове Т. ляжаць кантактныя з’явы. Пры трэнні цвёрдых цел адбываецца пераразмеркаванне эл. зарадаў. Кантактная электрызацыя 2 металаў ці паўправаднікоў, металу і паўправадніка абумоўлена пераходам электронаў пры кантакце 2 цел ад рэчыва з меншай да рэчыва з большай работай выхаду. Электрызуюцца абодва целы, якія ўдзельнічаюць у трэнні; яны атрымліваюць аднолькавыя па абс. значэнні і процілеглыя па знаку эл. зарады, прычым, як правіла, дадатна электрызуецца цела з большай дыэлектрычнай пранікальнасцю. Пры трэнні металу з дыэлектрыкам Т. абумоўлена пераходам электронаў з металу ў дыэлектрык, пры трэнні 2 дыэлектрыкаў — дыфузіяй электронаў і іонаў. Т. вадкасцей звязана з узнікненнем падвойных эл. слаёў на паверхні раздзелу 2 вадкіх асяроддзяў з рознай дыэл. пранікальнасцю. Т. узнікае пры многіх вытв. працэсах (напр., пры прадзенні, распырскванні вадкасцей) і прыводзіць да непажаданага назапашвання статычных эл. зарадаў, ліквідаваць якія можна зазямленнем метал. дэталей або з дапамогай разраднікаў, іанізацыяй паветра і інш. мерамі.
т. 15, с. 542
ТРЫБО́НІКА (ад грэч. tribos трэнне),
назва трыбатэхнікі, пашыраная ў Францыі і інш. еўрапейскіх краінах.
т. 15, с. 542
ТРЫБУ́НА (франц. tribune),
1) узвышэнне для выступлення прамоўцы.
2) Збудаванне на плошчы (у час парада, дэманстрацыі), стадыёне з паступовым узвышэннем радоў з месцамі для публікі. Т. наз. таксама месца, сфера ажыццяўлення чыёй-н. грамадскай дзейнасці.
т. 15, с. 543
ТРЫБУНА́Л (ад лац. tribunal судзілішча),
1) судовая ўстанова ў ВКЛ. Гл. Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, Трыбунал скарбовы.
2) У Францыі ў перыяд рэвалюцыі канца 18 ст. выключны Суд па справах паліт. злачынстваў.
3) У першыя гады савецкай улады спец. суд — рэвалюцыйны трыбунал.
4) У б. СССР і сучаснай Расіі — суды для ажыццяўлення правасуддзя ва ўзбр. сілах. Гл. таксама Міжнародны ваенны трыбунал.
т. 15, с. 543
ТРЫБУНА́Л ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА, Галоўны Літоўскі Трыбунал,
вышэйшы апеляцыйны суд дзяржавы, пастановы якога мелі сілу пастаноў сойма. Створаны ў 1581, дзейнічаў з 1582. Складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, якіх выбіралі на павятовых сойміках па 2 ад кожнага павета тэрмінам на 1 год (з 1588 яшчэ выбіраліся 3 дэпутаты ад Жамойцкай зямлі).
Разглядаў апеляцыі на рашэнні земскіх, замкавых і падкаморскіх судоў, а таксама скаргі на рашэнні павятовай адміністрацыі. Суддзямі маглі быць выключна шляхціцы, ураджэнцы ВКЛ, якія мелі ўласныя маёнткі і былі дасведчанымі ў праве і мясц. звычаях. Сесіі трыбунала праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прымаліся на аснове Статута ВКЛ, соймавых канстытуцый і звычаёвага права большасцю галасоў. Месцам сесій трыбунала была Вільня (штогод), Мінск і Навагрудак (па чарзе праз год); да 1588 сесіі праходзілі і ў Троках. Па 1-й інстанцыі трыбуналу былі падсудныя ўсе справы, аднесеныя да яго кампетэнцыі, а таксама справы аб неналежным выкананні старостамі і замкавымі ўраднікамі сваіх абавязкаў пры судаводстве і справы духоўных асоб (пры разглядзе апошніх бралі ўдзел дэпутаты ад духавенства). Парадак судаводства ў трыбунале рэгламентаваўся законам, яго рашэнні выконваліся павятовымі судамі. Акрамя разгляду спраў трыбунал ажыццяўляў натарыяльныя дзеянні: замацоўваў тастаменты (завяшчанні), сведчыў дагаворы куплі-продажу маёнткаў, пазыкі і інш.
Літ.:
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.
Г.А.Маслыка.
т. 15, с. 543
ТРЫБУНА́Л СКАРБО́ВЫ,
адм. і судовая ўстанова ў ВКЛ, якая кантралявала даходы і выдаткі дзярж. скарбу, разглядала справы аб нявыплаце падаткаў дзяржаве. Бярэ пачатак ад утворанай на сойме 1591 скарбовай камісіі ВКЛ, у склад якой увайшоў вял. падскарбі, 4 сенатары і прадстаўнікі ад кожнага ваяводства. Пераемніцай камісіі стала створаная ў 1598 дэпутацыя сенатараў і соймавых паслоў, якая павінна была рэвізаваць скарб ВКЛ пачынаючы з 1591. Сойм 1613 у Вільні стварыў з тымі ж функцыямі Т.с., якому было даручана сабраць даўгі ў скарб ВКЛ з правам судзіць даўжнікоў па справах з 1609. У склад Т.с. ўвайшлі падскарбі, 6 сенатараў і прадстаўнікі ад ваяводстваў. У часы праўлення Жыгімонта III Т.с. склікаўся ў 1613, 1621, 1626, 1629 (двойчы) і 1631, у часы Уладзіслава IV — у 1633, 1635 і 1647. Засядаў Т.с. ў Вільні, у яго рабоце прымалі ўдзел і прадстаўнікі войска. Т.с. разглядаў суд. справы, што датычылі войска, скаргі цывільных на вайскоўцаў і наадварот, ажыццяўляў канфіскацыю тавараў і інш. Войска давала справаздачу па сваіх грашовых даходах і выдатках. У 1726 пастановай Гродзенскага сойма частка функцый Т.с. перададзена Трыбуналу Вялікага княства Літоўскага. Т.с. скасаваны ў 1764 з утварэннем Камісіі скарбовай ВКЛ.
Літ.:
Filipczak-Kocur A. Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów, 1587—1648. Wrocław, 1994.
т. 15, с. 543
«ТРЫБУ́НА МАСТА́ЦТВА»,
бел. тэатральна-маст. ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў лют.—чэрв. 1925 у Мінску Цэнтр. праўленнем саюза работнікаў мастацтва Беларусі (з № 8 разам з Белдзяржкіно). Матэрыялы друкаваліся на бел. і рус. мовах. У праграму выдання ўваходзіла грамадскае абмеркаванне праблем маст. творчасці, пошуку жывой сувязі мастацтва і літ.-маст. крытыкі з нар. масамі, распрацоўка эстэт. прынцыпаў бел. мастацтва, выяўленне ў ім нац. стылю, развіццё маст. самадзейнасці. Рэдакцыя давала магчымасць выказаць свае погляды прадстаўнікам розных кірункаў у мастацтве з умовай, каб пытанні маст. творчасці разглядаліся «ў сувязі з агульнымі задачамі рабочага класа». У рэцэнзіях, аналітычна-праблемных і дыскусійных артыкулах часопіс змагаўся за высокі ідэйна-маст. ўзровень творчасці тэатр. і муз. калектываў, кінематографа, дзеячаў выяўл. і прыкладнога мастацтва. Выступаў за ўсебаковае развіццё бел. культуры. Імкнуўся пераадолець правінцыялізм у поглядах на бел. мастацтва толькі як на этнаграфічнае, засн. на стылізацыі фалькл. тэм, вобразаў і матываў. Аўтары асобных артыкулаў прапаноўвалі авангардысцкую і пралеткультаўскую праграму сацыяліст. мастацтва. Часопіс знаёміў з бел. л-рай, адзначыў юбілеі А.Гурло, Е.Міровіча, змяшчаў партрэты пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва. Друкаваў рэпертуар тэатраў і кіно Мінска і Віцебска. Інфармаваў пра асн. маст. падзеі ў рэспубліках і за мяжой. У часопісе супрацоўнічалі Я.Барычэўскі, С.Вальфсон, Ю.Дрэйзін, Я.Дыла, З.Жылуновіч, М.Каспяровіч, Міровіч, М.Шчакаціхін і інш. Выйшла 14 нумароў.
У.М.Конан.
т. 15, с. 543
ТРЫБУ́НЫ ВАЕ́ННЫЯ (лац. tribuni militum),
у Старажытным Рыме камандныя пасады ў арміі (камандзіры атрадаў у легіёнах і саміх легіёнаў). У кожным легіёне было па 6 Т.в.: 1 з сенатараў, 5 з коннікаў. Паміж 444 і 367 да н.э. для плебеяў была ўведзена пасада Т.в. з консульскай уладай з мэтай не дапусціць плебеяў да кансулату. Пасля 367 да н.э., калі адзін з консулаў стаў выбірацца з ліку плебеяў, Т.в. скасаваны.
А.Г.Зелккі.
т. 15, с. 543
ТРЫБУ́НЫ НАРО́ДНЫЯ, трыбуны плебейскія (лац. tribuni plebis),
у Старажытным Рыме вышэйшыя выбарныя (з 494 да н.э.) службовыя асобы з плебеяў. Валодалі правам умяшання ў дзеянні патрыцыянскіх магістратаў (акрамя дыктатара) і сената; маглі забараніць іх пастановы (права veto). Т.н. складалі калегію з 2—10 асоб, якіх выбіралі на плебейскіх сходах на 1 год. Асоба Т.н. лічылася свяшчэннай і недатыкальнай. Т.н. выступалі ініцыятарамі агр. законаў і дэмакр. пераўтварэнняў. З дзейнасцю трыбунаў Тыберыя і Гая Гракхаў, напр., звязаны найвыш. ўздым дэмакр. руху ў Рыме. У эпоху імперыі Т.н. фармальна захаваліся, але страцілі рэальнае значэнне, паколькі носьбітамі трыбунскай улады з часоў Цэзара сталі імператары.
А.Г.Зельскі.
т. 15, с. 543
ТРЫВА́ЛАСЦЬ матэрыялаў,
уласцівасць цвёрдых цел (матэрыялаў) супраціўляцца разбурэнню або неабарачальнай змене формы (пластычнай дэфармацыі) пад дзеяннем знешніх нагрузак. Абумоўлена сіламі ўзаемадзеяння паміж атамамі або іонамі, якія складаюць цела. У сістэме СІ вымяраецца ў Н∙м/кг.
У залежнасці ад матэрыялу, віду напружанага стану (расцяжэнне, сцісканне, выгін і інш.), умоў эксплуатацыі (т-ра, магн., эл. і інш. палі, нераўнамернае высыханне ці набраканне, нераўнамернае працяканне фіз.-хім. працэсаў у розных частках цела і інш.) прыняты розныя меры (крытэрыі) Т.: межы прапарцыянальнасці, цякучасці, паўзучасці, трываласці і інш. Адрозніваюць Т.: тэарэтычную, якую вылічваюць праз сілы міжатамнага счаплення (роўная прыкладна 1/6 модуля падоўжнай пругкасці; гл. Модулі пругкасці); тэхнічную — Т. рэальных матэрыялаў (меншая за 0,1 тэарэтычнай); канструкцыйную — Т. элементаў канструкцый, якая з-за шчылін, надрэзаў, драпін і інш. паверхневых дэфектаў, унутр. напружанняў, цяжкіх рэжымаў работы ніжэйшая за тэарэтычную; дынамічную, якая вызначае здольнасць матэрыялаў успрымаць без разбурэння дынамічныя нагрузкі; працяглую. калі разбурэнне матэрыялу адбываецца праз пэўны час пасля прыкладання нагрузкі (разбурэнню папярэднічае відавочная дэфармацыя матэрыялу). Удзельная Т. нітак, дроту, валокнаў і падобных матэрыялаў — велічыня, роўная адносінам разрыўнога намагання, прыкладзенага да матэрыялу, да яго лінейнай шчыльнасці. Імавернасць існавання ва ўзоры дэфекту тым большая, чым у тых жа ўзораў большых памераў (т.зв. маштабны эфект). Участкі з павышаным напружаннем, дзе найлягчэй з’яўляюцца мікрашчыліны. знаходзяцца каля паверхні (выступы. драпіны), таму паліроўка паверхні і ахоўныя пакрыцці павышаюць Т. У агрэсіўных асяроддзях Т. памяншаецца.
Літ.:
Клюшников В.Д. Физико-математические основы прочности и пластичности М., 1994;
Прочность и акустическая эмиссия материалов и элементов конструкций. Киев. 1991: Прочность, устойчивость и колебания термонапряженных оболочечных конструкций. М., 1990.
А.П.Ласкаўнёў.
т. 15, с. 543