ТРЫВА́ЛАСЦЬ матэрыялаў,
уласцівасць цвёрдых цел (матэрыялаў) супраціўляцца разбурэнню або неабарачальнай змене формы (пластычнай дэфармацыі) пад дзеяннем знешніх нагрузак. Абумоўлена сіламі ўзаемадзеяння паміж атамамі або іонамі, якія складаюць цела. У сістэме СІ вымяраецца ў Н∙м/кг.
У залежнасці ад матэрыялу, віду напружанага стану (расцяжэнне, сцісканне, выгін і інш.), умоў эксплуатацыі (т-ра, магн., эл. і інш. палі, нераўнамернае высыханне ці набраканне, нераўнамернае працяканне фіз.-хім. працэсаў у розных частках цела і інш.) прыняты розныя меры (крытэрыі) Т.: межы прапарцыянальнасці, цякучасці, паўзучасці, трываласці і інш. Адрозніваюць Т.: тэарэтычную, якую вылічваюць праз сілы міжатамнага счаплення (роўная прыкладна 1/6 модуля падоўжнай пругкасці; гл. Модулі пругкасці); тэхнічную — Т. рэальных матэрыялаў (меншая за 0,1 тэарэтычнай); канструкцыйную — Т. элементаў канструкцый, якая з-за шчылін, надрэзаў, драпін і інш. паверхневых дэфектаў, унутр. напружанняў, цяжкіх рэжымаў работы ніжэйшая за тэарэтычную; дынамічную, якая вызначае здольнасць матэрыялаў успрымаць без разбурэння дынамічныя нагрузкі; працяглую. калі разбурэнне матэрыялу адбываецца праз пэўны час пасля прыкладання нагрузкі (разбурэнню папярэднічае відавочная дэфармацыя матэрыялу). Удзельная Т. нітак, дроту, валокнаў і падобных матэрыялаў — велічыня, роўная адносінам разрыўнога намагання, прыкладзенага да матэрыялу, да яго лінейнай шчыльнасці. Імавернасць існавання ва ўзоры дэфекту тым большая, чым у тых жа ўзораў большых памераў (т.зв. маштабны эфект). Участкі з павышаным напружаннем, дзе найлягчэй з’яўляюцца мікрашчыліны. знаходзяцца каля паверхні (выступы. драпіны), таму паліроўка паверхні і ахоўныя пакрыцці павышаюць Т. У агрэсіўных асяроддзях Т. памяншаецца.
Літ.:
Клюшников В.Д. Физико-математические основы прочности и пластичности М., 1994;
Прочность и акустическая эмиссия материалов и элементов конструкций. Киев. 1991: Прочность, устойчивость и колебания термонапряженных оболочечных конструкций. М., 1990.
А.П.Ласкаўнёў.
т. 15, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)