ТРЫБАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. tribos трэнне + электрычнасць),

узнікненне электрычных зарадаў пры трэнні 2 разнародных цел.

У аснове Т. ляжаць кантактныя з’явы. Пры трэнні цвёрдых цел адбываецца пераразмеркаванне эл. зарадаў. Кантактная электрызацыя 2 металаў ці паўправаднікоў, металу і паўправадніка абумоўлена пераходам электронаў пры кантакце 2 цел ад рэчыва з меншай да рэчыва з большай работай выхаду. Электрызуюцца абодва целы, якія ўдзельнічаюць у трэнні; яны атрымліваюць аднолькавыя па абс. значэнні і процілеглыя па знаку эл. зарады, прычым, як правіла, дадатна электрызуецца цела з большай дыэлектрычнай пранікальнасцю. Пры трэнні металу з дыэлектрыкам Т. абумоўлена пераходам электронаў з металу ў дыэлектрык, пры трэнні 2 дыэлектрыкаў — дыфузіяй электронаў і іонаў. Т. вадкасцей звязана з узнікненнем падвойных эл. слаёў на паверхні раздзелу 2 вадкіх асяроддзяў з рознай дыэл. пранікальнасцю. Т. узнікае пры многіх вытв. працэсах (напр., пры прадзенні, распырскванні вадкасцей) і прыводзіць да непажаданага назапашвання статычных эл. зарадаў, ліквідаваць якія можна зазямленнем метал. дэталей або з дапамогай разраднікаў, іанізацыяй паветра і інш. мерамі.

т. 15, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)