Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТКАЧ Уладзімір Міхайлавіч (н. 27.5.1956, Мінск),

бел. баяніст, кампазітар, аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (2001). Скончыў Бел. кансерваторыю (1982). З 1980 саліст Дзярж. акад. нар. аркестра імя І.​Жыновіча, адначасова з 1984 у складзе трыо баяністаў пры аркестры. Сярод твораў: вальс-мазурка (1976), муз. карцінка «Ясь і Яніна» (1992), для дуэта гармонікаў у суправаджэнні аркестра «Гармонік-частушка» (2000), для нар. арк. «Серэнада», рапсодыя «Вочы чорныя» з арк. (абодва 2001), уверцюра «Святочны рэверанс», п’еса-экспромт «Натхненне» (абедзве 2002) і інш., а таксама аранжыроўкі і канцэртныя апрацоўкі нар. мелодый для трыо баянаў і інш.

М.​Р.​Солапаў.

т. 15, с. 472

ТКАЧО́ВЫ,

расійскія і бел. жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў с. Чугунаўка Бранскай вобл., Расія. Нар. мастакі СССР (1983). Правадз. члены АМ СССР (1978). Аляксей Пятровіч (н. 11.9.1925). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1951). З 1951 жыў у Мінску. Сяргей Пятровіч (н. 10.11.1922). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1941), Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава. З 1952 жыў у Мінску. З 1955 абодва ў Маскве. Творы вызначаюцца ачувальнасцю святлопаветранага асяроддзя, экспрэсіўнай мадэліроўкай аб’ёму колеравымі плямамі, глыбокім псіхалагізмам у перадачы рэчаіснасці: «Каля калодзежа» (1954), «У цяжкія гады» (1955—57), «Паміж баямі» (1959—60), «Маткі» (1961), «За зямлю, за волю» (1970), «Вяселле» (1970—72), «Пара сенакосная» (1975), «Чэрвеньская пара» (1976—77), «Май 1945 года» (1979—81), «Вышывальшчыцы сцягоў» (1984—87), «Сыны» (1985—87), «Ліхалецце. Рускае поле» (1986—91), «Адзін крыж» (1992), «Лёс ветэрана» (1994—95), «Успаміны пра маці» (1996), «Дарога да храма» (2000). Аўтары трыпціхаў «Сям’я Пакетавых» (1964), «Астраханскія рыбакі» (1968). Дзярж. прэмія Расіі імя І.​Рэпіна 1968. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Тв.:

Художники о себе. М., 2000.

Літ.:

Братья Ткачевы: Этюды. М., 2000;

Братья Ткачевы. М., 2001.

С.​У.​Пешын.

т. 15, с. 473

ТКАЧО́НАК Аляксандр Леанідавіч (н. 20.11.1950, г. Чашнікі Віцебскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1998). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1975 акцёр Нац. акад. драм. т-ра імя М.​Горкага. Мастацтва Т. вызначаецца арганічнасцю, псіхал. глыбінёй, пластычнай выразнасцю, дакладнасцю знешняга малюнка ролі, разнастайнасцю моўных характарыстык. Сярод роляў: Лешч, поп Паўлін, Акцёр, Якаў Багалюбаў («Апошнія», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне», «Букееў і кампанія» М.​Горкага), Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Компас («Дзялок» А.​Талстога), Мальер («Мальер» М.​Булгакава), Фарацьеў («Фантазіі Фарацьева» А.​Сакаловай), Падсякальнікаў («Тэрмінова патрабуецца... «самазабойца» М.​Эрдмана), Мечыслаў Вальпура («Вар’ят і манахіня» С.​Віткевіча), Освальд («Здані» Г.​Ібсена), Жэронт («Адзіны наследнік» Ж.​Ф.​Рэньяра), Пічэм («Трохграшовая опера» Б.​Брэхта), Пісьменнік («Хто там?» Ж.​Рабера), Саймон («Цяжкія людзі, ці Жаніх з Іерусаліма» І.​Бар-Іосіфа) і інш. Шлях спасціжэння героем чалавечай годнасці, нязломную сілу духу простага селяніна выявіў у вобразе Петрака ў спектаклі «Знак бяды» паводле В.​Быкава (Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Як рэжысёр паставіў спектакль «Шум за сцэнай» («Тэатр») М.​Фрэйна (1989). Здымаецца ў кіно («Раскіданае гняздо», «Жыў-быў доктар», «Міхайла Ламаносаў») і тэлевіз. пастаноўках («Шчаслівы» паводле К.​Рапапорта і М.​Маклярскага, «Тэатр купца Япішкіна» Е.​Міровіча, «Федра» Ж.​Расіна).

Н.​А.​Крывашэева.

А.Л.Ткачонак.
А.Ткачонак у ролі Жэронта.

т. 15, с. 473

ТКАЧО́НАК Анатоль Аляксеевіч (14.3.1922, в. Селішча Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.11.1994),

бел. мастак. Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы (1937—40). Быў мастаком на прадпрыемствах Віцебска, Мінска, Карэліі, Эстоніі. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа ў тэхніках акварэлі, алею. Творы вызначаюцца шчырасцю, тонкім лірыка-паэт. успрыманнем прыроды. Сярод іх; «Цёплы дзень» (1944), «Поле», «Майскі дзень», «У парку», «Дворык», «На беразе возера», «Вайсковы эцюд» (усе 1948), «На таку» (1959), «Рэчанька» (1960), «Жнівень» (1964), «Поле восеньскае» (1965), «Летні матыў» (1966), «Хмары над іржышчам» (1967), «Першы спеў» (1969), «Цішыня» і «Заходняя Дзвіна ў Бешанковічах» (абодва 1970), «Прасторы Наваполацка» і «Старадаўнасць Полацка» (абодва 1972), «На пляцоўцы» (1973), «Акно» (1975), «Восеньскае» (1980), «Чэрвень» і «Зямля восеньская. Забор’е» (абодва 1984), «Да восені. Букет» (1986), «Вятры перадасеннія» (1988).

Л.​Ф.​Салавей.

т. 15, с. 473

ТКАЧО́Ў Валянцін Дзмітрыевіч (19.2.1939, Мінск — 16.2.1985),

бел. фізік. Чл.-кар. АН Беларусі (1974). Д-р фіз.-матэм. н. (1968), праф. (1969). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1961). З 1962 у БДУ (з 1964 заг. лабараторыі, з 1966 заг. кафедры, адначасова з 1972 заг. аддзела НДІ прыкладных фіз. праблем). З 1976 у БПІ (рэктар), з 1983 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў, радыяцыйнай фізіцы і спектраскапіі цвёрдага цела, паўправадніковай электроніцы. Абгрунтаваў мадэль утварэння ўстойлівых радыяцыйных дэфектаў у паўправадніковых матэрыялах. Распрацаваў высокаадчувальныя аптычныя метады даследавання дэфектаў у паўправадніках. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Тв.:

Модель рекомбинации в германии n-типа, облученном γ-квантами ​60Co (разам з В.​І.​Уранёвым, В.​Ю.​Явідам) // Физика и техника полупроводников. 1976. Т. 10, вып. 9;

Люминесценция на дислокациях в кремнии (у сааўт.) // Журн. прикладной спектроскопии. 1977. Т. 27, вып. 2;

Обнаружение химической активности благородных газов в кремнии методом люминесценции (у сааўт.) // Докл. АН БССР. 1979. Т. 23, № 4.

В.​Дз.Ткачоў.

т. 15, с. 473

ТКАЧО́Ў Васіль Юр’евіч (н. 1.1.1948, в. Гута Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Львоўскае вышэйшае ваен.-паліт. вучылішча (1973). Працаваў у газетах. З 1989 сакратар Гомельскага абл. аддзялення Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1965. Выдаў кнігі апавяданняў «Хітры Данік» (1975), «Дзень у горадзе» (1985), кнігу-дзённік «Пахвалі пражыты дзень» (1988). Аўтар нар. драмы пра пасляваен. бел. вёску «Сівы бусел», п’есы «Вокны» (абедзве паст. 1985), камедый «Прыгоды з Канапухіным», «Лесвіца» (абедзве паст. 1988), «Кветкі-ягадкі, альбо Курорт для зяця» (паст. 1990 Бел. т-рам імя Я.​Коласа), «Шкірдзюкі займаюць абарону», трагікамедыі пра паслячарнобыльскую бяду «Усміхаўся месяц белай вішні» (абедзве паст. 1996), п’ес «Блакада ў Кругліцы» (1994), «Дурная баба» (1997), «Дрэва, альбо Жыццё ў адсутнасць дажджу» (1998), «Слуп» (2001) і інш., аднаактовак («Стары і дарога», «Кубік Рубіка», «Дублёр», «Арышт» і інш.). На бел. мову пераклаў п’есы Л.​Петрушэўскай «Маскоўскі хор», С.​Злотнікава «Сцэны каля фантана».

Тв.:

Недоразумения. Гомель, 1997;

Седой аист. Мозырь, 1997.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 473

ТКАЧО́Ў Мікола (Мікалай Гаўрылавіч; 8.3.1918, в. Горанка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.4.1979),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1939). З 1943 у рэд. магілёўскай абл. газ. «За Радзіму», з 1949 у час. «Полымя», з 1957 гал. рэд. газ. «Літаратура і мастацтва», з 1959 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1972—79 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1938. Аўтар рамана «Згуртаванасць» (1949—50) пра ўсенародны характар партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. У кнігах прозы «Пошукі скарбаў» (1963), «Дыханне агню» (1978) тэмы штодзённай працы людзей, хараства душы чалавека, роздум над жыццём, яго сэнсам, узвышанае пачуццё любові да роднай зямлі, маральна-этычныя праблемы. На бел. мову перакладаў творы з англ. (М.​Твэн), лат., малд. (В.​Рошка), рус. (С.​Варонін, М.​Прыляжаева, Я.​Фёдараў), укр. і інш. л-р.

Тв.:

Дыханне агню: Раман, апавяданні. Мн., 1988.

Літ.:

Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965. С. 66—90.

М.Ткачоў.

т. 15, с. 474

ТКАЧО́Ў Міхаіл Аляксандравіч (10.3.1942, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. — 31.10.1992),

бел. археолаг, гісторык-медыявіст, грамадска-паліт. дзеяч. Д-р гіст. н. (1987), праф. (1989). Скончыў БДУ (1964). З 1968 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1978 у Гродзенскім ун-це (у 1983—35 заг. кафедры). Заснавальнік і кіраўнік гісторыка-культ. клуба «Паходня» ў Гродне. З 1989 заг. рэдакцыі гісторыі Беларусі, з крас. 1992 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». Вывучаў ваен. гісторыю Беларусі, абарончае дойлідства, матэрыяльную культуру і архітэктуру гарадоў Беларусі 10—18 ст. Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Асвета і педагагічная думка ў Беларусі» (1985), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—2, 1987—88), «Беларуская кафля» (1989), «Старажытны Мсціслаў» (з А.​Трусавым), «Вялікае мастацтва артылерыі» (з А.​Бельскім; абедзве 1992). З 1989 нам. старшыні сойма Бел. нар. фронту «Адраджэньне», заснавальнік і старшыня Цэнтр. рады Бел. сацыял-дэмакр. грамады (1991—92).

Тв.:

Вежы валынскага тыпу і іх распаўсюджванне на Беларусі // Беларускія старажытнасці. Мн., 1972;

Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;

Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;

Замки Белоруссии. Мн., 1987;

Замкі і людзі. Мн., 1991;

Паходня. Мн., 1994.

Літ.:

Castrum, urbis et bellum: Зб. навук. прац. Баранавічы, 2002.

М.​М.​Чарняўскі.

М.А.Ткачоў.

т. 15, с. 474

ТКАЧО́Ў Павел Іванавіч (3.9.1930, с. Скадаінаўка Каменскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 1.1.1998),

бел. пісьменнік, літ.-знавец. Д-р філал. н. (1981), праф. (1982). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1983). Скончыў БДУ (1955). З 1955 працаваў у газ. «Зорька», «Піянер Беларусі» (1960—64). З 1969 у БДУ (у 1981—86 дэкан ф-та журналістыкі). Друкаваўся з 1947. Пісаў на бел. і рус. мовах пераважна для дзяцей: кн. «Мікіткаў падарунак» (1960), «Вішнёвая квецень» (1965), «Самае галоўнае» (1977), аповесці «Пра Сяргейку і лясных жыхароў» (1961), «Піліпка з Галубінай Слабодкі» (1969), «Граніца была побач» (1972). Даследаваў памфлет і сатыру: манаграфіі «Вечны бой: (Памфлетная спадчына Я.​Галана і традыцыі М.​Горкага)» (1970), «Іду на вы» (1975), «Граніцы жанру» (1977).

Тв.:

Час світальнай зоркі: Выбранае. Мн., 1980;

«Сатиры злой звенящая строка...»: Природа смеха в памфлете. Мн., 1980;

Силуэты прошлого: Очерки, эссе, заметки. Мн., 1983;

У ліпені 1917 г. Мн., 1986;

Пралескі яе вясны: Аповесці і нарысы. Мн., 1988;

Быў месяц кастрычнік: Аповесць, апавяданні. Мн., 1991.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 474

ТКАЧО́Ў Пётр Мікітавіч (11.7.1844, с. Сіўцова Пскоўскай вобл., Расія — 4.1.1886),

дзеяч рас. рэв. руху, ідэолаг «змоўніцкай», або «якабінскай», плыні ў народніцтве, публіцыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1868). З 1865 супрацоўнічаў з час. «Русское слово» і «Дело». За арганізацыю студэнцкіх хваляванняў у Пецярбургу у 1869 асуджаны на непрацяглае турэмнае зняволенне, пасля адбыцця якога высланы на радзіму. У 1873 уцёк за мяжу, жыў у Швейцарыі і Францыі, супрацоўнічаў у час. «Вперед!», далучыўся да польска-рус. эмігранцкай групы «рускіх якабінцаў», выдаваў час. «Набат» (1875—81), у якім прапагандаваў свае ідэі. Быў адным з заснавальнікаў (1877) малаўплывовага ў Расіі «Таварыства народнага вызвалення». У 1882 цяжка захварэў, апошнія гады жыцця правёў у псіхіятрычнай лячэбніцы. Т. не верыў у здольнасць сялянства самастойна здзейсніць сац. рэвалюцыю, даказваў неабходнасць стварэння тайнай арг-цыі «рэв. меншасці» з мэтай захопу ўлады, усталявання рэв. дыктатуры і правядзення сац. пераўтварэнняў. У сваіх філас. поглядах абараняў матэрыялізм і адмаўляў ідэалізм, лічыў эканам. фактар важнейшым рычагом сац. развіцця. У літ. крытыцы выступаў паслядоўнікам М.​Г.​Чарнышэўскага, М.​А.​Дабралюбава, Дз.​І.​Пісарава.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1975—76.

Літ.:

Шахматов Б.М. П.​Н.​Ткачев: Этюды к творч. портрету. М., 1981;

Рудницкая Е.Л. Русский бланкизм: Петр Ткачев. М., 1992.

т. 15, с. 474