ТКАЧО́Ў Пётр Мікітавіч (11.7.1844, с. Сіўцова Пскоўскай вобл., Расія — 4.1.1886),

дзеяч рас. рэв. руху, ідэолаг «змоўніцкай», або «якабінскай», плыні ў народніцтве, публіцыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1868). З 1865 супрацоўнічаў з час. «Русское слово» і «Дело». За арганізацыю студэнцкіх хваляванняў у Пецярбургу у 1869 асуджаны на непрацяглае турэмнае зняволенне, пасля адбыцця якога высланы на радзіму. У 1873 уцёк за мяжу, жыў у Швейцарыі і Францыі, супрацоўнічаў у час. «Вперед!», далучыўся да польска-рус. эмігранцкай групы «рускіх якабінцаў», выдаваў час. «Набат» (1875—81), у якім прапагандаваў свае ідэі. Быў адным з заснавальнікаў (1877) малаўплывовага ў Расіі «Таварыства народнага вызвалення». У 1882 цяжка захварэў, апошнія гады жыцця правёў у псіхіятрычнай лячэбніцы. Т. не верыў у здольнасць сялянства самастойна здзейсніць сац. рэвалюцыю, даказваў неабходнасць стварэння тайнай арг-цыі «рэв. меншасці» з мэтай захопу ўлады, усталявання рэв. дыктатуры і правядзення сац. пераўтварэнняў. У сваіх філас. поглядах абараняў матэрыялізм і адмаўляў ідэалізм, лічыў эканам. фактар важнейшым рычагом сац. развіцця. У літ. крытыцы выступаў паслядоўнікам М.​Г.​Чарнышэўскага, М.​А.​Дабралюбава, Дз.​І.​Пісарава.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1975—76.

Літ.:

Шахматов Б.М. П.​Н.​Ткачев: Этюды к творч. портрету. М., 1981;

Рудницкая Е.Л. Русский бланкизм: Петр Ткачев. М., 1992.

т. 15, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)