ТКАЧО́ВЫ,

расійскія і бел. жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў с. Чугунаўка Бранскай вобл., Расія. Нар. мастакі СССР (1983). Правадз. члены АМ СССР (1978). Аляксей Пятровіч (н. 11.9.1925). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1951). З 1951 жыў у Мінску. Сяргей Пятровіч (н. 10.11.1922). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1941), Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава. З 1952 жыў у Мінску. З 1955 абодва ў Маскве. Творы вызначаюцца ачувальнасцю святлопаветранага асяроддзя, экспрэсіўнай мадэліроўкай аб’ёму колеравымі плямамі, глыбокім псіхалагізмам у перадачы рэчаіснасці: «Каля калодзежа» (1954), «У цяжкія гады» (1955—57), «Паміж баямі» (1959—60), «Маткі» (1961), «За зямлю, за волю» (1970), «Вяселле» (1970—72), «Пара сенакосная» (1975), «Чэрвеньская пара» (1976—77), «Май 1945 года» (1979—81), «Вышывальшчыцы сцягоў» (1984—87), «Сыны» (1985—87), «Ліхалецце. Рускае поле» (1986—91), «Адзін крыж» (1992), «Лёс ветэрана» (1994—95), «Успаміны пра маці» (1996), «Дарога да храма» (2000). Аўтары трыпціхаў «Сям’я Пакетавых» (1964), «Астраханскія рыбакі» (1968). Дзярж. прэмія Расіі імя І.​Рэпіна 1968. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Тв.:

Художники о себе. М., 2000.

Літ.:

Братья Ткачевы: Этюды. М., 2000;

Братья Ткачевы. М., 2001.

С.​У.​Пешын.

т. 15, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)