ТКАЧО́Ў Васіль Юр’евіч (н. 1.1.1948, в. Гута Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Львоўскае вышэйшае ваен.-паліт. вучылішча (1973). Працаваў у газетах. З 1989 сакратар Гомельскага абл. аддзялення Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1965. Выдаў кнігі апавяданняў «Хітры Данік» (1975), «Дзень у горадзе» (1985), кнігу-дзённік «Пахвалі пражыты дзень» (1988). Аўтар нар. драмы пра пасляваен. бел. вёску «Сівы бусел», п’есы «Вокны» (абедзве паст. 1985), камедый «Прыгоды з Канапухіным», «Лесвіца» (абедзве паст. 1988), «Кветкі-ягадкі, альбо Курорт для зяця» (паст. 1990 Бел. т-рам імя Я.​Коласа), «Шкірдзюкі займаюць абарону», трагікамедыі пра паслячарнобыльскую бяду «Усміхаўся месяц белай вішні» (абедзве паст. 1996), п’ес «Блакада ў Кругліцы» (1994), «Дурная баба» (1997), «Дрэва, альбо Жыццё ў адсутнасць дажджу» (1998), «Слуп» (2001) і інш., аднаактовак («Стары і дарога», «Кубік Рубіка», «Дублёр», «Арышт» і інш.). На бел. мову пераклаў п’есы Л.​Петрушэўскай «Маскоўскі хор», С.​Злотнікава «Сцэны каля фантана».

Тв.:

Недоразумения. Гомель, 1997;

Седой аист. Мозырь, 1997.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)