ТКАЧО́НАК Аляксандр Леанідавіч (н. 20.11.1950, г. Чашнікі Віцебскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1998). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1975 акцёр Нац. акад. драм. т-ра імя М.​Горкага. Мастацтва Т. вызначаецца арганічнасцю, псіхал. глыбінёй, пластычнай выразнасцю, дакладнасцю знешняга малюнка ролі, разнастайнасцю моўных характарыстык. Сярод роляў: Лешч, поп Паўлін, Акцёр, Якаў Багалюбаў («Апошнія», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне», «Букееў і кампанія» М.​Горкага), Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Компас («Дзялок» А.​Талстога), Мальер («Мальер» М.​Булгакава), Фарацьеў («Фантазіі Фарацьева» А.​Сакаловай), Падсякальнікаў («Тэрмінова патрабуецца... «самазабойца» М.​Эрдмана), Мечыслаў Вальпура («Вар’ят і манахіня» С.​Віткевіча), Освальд («Здані» Г.​Ібсена), Жэронт («Адзіны наследнік» Ж.​Ф.​Рэньяра), Пічэм («Трохграшовая опера» Б.​Брэхта), Пісьменнік («Хто там?» Ж.​Рабера), Саймон («Цяжкія людзі, ці Жаніх з Іерусаліма» І.​Бар-Іосіфа) і інш. Шлях спасціжэння героем чалавечай годнасці, нязломную сілу духу простага селяніна выявіў у вобразе Петрака ў спектаклі «Знак бяды» паводле В.​Быкава (Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Як рэжысёр паставіў спектакль «Шум за сцэнай» («Тэатр») М.​Фрэйна (1989). Здымаецца ў кіно («Раскіданае гняздо», «Жыў-быў доктар», «Міхайла Ламаносаў») і тэлевіз. пастаноўках («Шчаслівы» паводле К.​Рапапорта і М.​Маклярскага, «Тэатр купца Япішкіна» Е.​Міровіча, «Федра» Ж.​Расіна).

Н.​А.​Крывашэева.

А.Л.Ткачонак.
А.Ткачонак у ролі Жэронта.

т. 15, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)