Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕДЫМЕНТАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць метадаў вызначэння памераў часцінак у дысперсных сістэмах і малекулярных мас макрамалекул па скорасці седыментацыі. Для грубадысперсных сістэм выкарыстоўваюць седыментацыю ў полі гравітацыйных сіл, для высокадысперсных сістэм праводзяць С.а. з дапамогай цэнтрыфуг і ультрацэнтрыфуг. Вызначаюць канстанту седыментацыі (адносіны скорасці седыментацыі да паскарэння поля цэнтрабежных сіл), якая залежыць ад масы і формы часцінак ці малекулярнай масы макрамалекул. С.а. праводзяць з мэтай вызначэння дысперснага саставу здробненых матэрыялаў, глеб, грунтоў. У біяхіміі і малекулярнай біялогіі дазваляе ўстанавіць састаў і памеры клетачных структур, вірусаў і інш.

т. 14, с. 295

СЕДЫМЕНТА́ЦЫЯ (ад лац. sedimentum асяданне),

асяданне часцінак дысперснай фазы (цвёрдых крупінак, кропелек вадкасці, пузыркоў газу) у вадкім ці газападобным дысперсным асяроддзі ў гравітацыйным полі ці ў полі цэнтрабежных сіл. Адбываецца пры перавазе накіраванага руху часціц (пад уздзеяннем сілы цяжару ці цэнтрабежных сіл) над хаатычным цеплавым рухам (гл. Браўнаўскі рух, Дыфузія).

Часцінкі грубадысперсных сістэм седыментуюць у полі гравітацыйных сіл, С. калоідных часцінак і макрамалекул магчыма ў полі цэнтрабежных сіл (гл. Цэнтрыфугаванне). Скорасць С. залежыць ад масы, памераў і формы часцінак, вязкасці і шчыльнасці асяроддзя, а таксама ад паскарэння, што ўзнікае пры ўздзеянні на іх сіл поля. У прыродзе ў выніку С. адбываюцца асадканамнажэнне ў водных басейнах, адстойванне мутнай вады, ачышчэнне паветра ад пылавых і кропельнавадкіх часцінак. У прам-сці С. выкарыстоўваецца пры абагачэнні карысных выкапняў, раздзяленні прадуктаў хім. і нафтахім. тэхналогій, водаачыстцы і інш. С. ў цэнтрыфугах — аснова седыментацыйнага аналізу.

т. 14, с. 295