ПЕРАВАЛО́ЦКІ (Мікалай Лаўрэнцьевіч) (псеўд. Антон, Тарас, Янка; 1903, в. Яглевічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. —6.11.1937),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую школу КПЗБ (1927). З 1923 сакратар Косаўскага райкома, чл. Баранавіцкага, сакратар Брэсцкага, Пінскага акр. к-таў КПЗБ. З 1928 член ЦК КПЗБ. Неаднойчы быў арыштаваны. На «працэсе 75-і» (1929) выступіў з прамовай у абарону палітыкі і тактыкі КПЗБ, засуджаны на 15 гадоў турэмнага зняволення. У выніку абмену палітзняволенымі з 1932 у СССР. У 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў сувязі з «пасламі ад КПЗБ» у польскім сейме П.Валошыным, С.Рак-Міхайлоўскім, Б.Тарашкевічам і расстраляны. Рэабілітаваны ў канцы 1980-х г.
В.П.Ласковіч.
т. 12, с. 271
ПЕРАВАРО́Т,
карэнная змена існуючага паліт. становішча, якая заключаецца ў змяненні насільным або ненасільным шляхам дзеючага правіцеля або ўрада і прывядзенне да ўлады інш. паліт. сіл. П. былі пашыраны на апошніх этапах існавання Стараж. Рыма, манархій феад. грамадства (т.зв. «дварцовыя П.»), цяпер маюць месца ў паліт. рэжымах тых краін, дзе дэмакр. традыцыі не маюць трывалых каранёў у жыцці грамадства. Паліт., ваен., «парламенцкія» і інш. П. парушаюць нармальнае функцыянаванне паліт. ін-таў, дэмакр. механізмаў распрацоўкі і прыняцця законаў, вырашэння важнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Для выключэння П. з жыцця дэмакр. грамадства неабходна раздзяленне ўлад, кантроль за дзейнасцю кожнай з галін улады, а таксама стварэнне такіх эканам. і сац. умоў, якія б садзейнічалі стабільнасці грамадскага развіцця па шляху прагрэсу.
т. 12, с. 271
ПЕРАВАРО́ТАЎ ДВАРЦО́ВЫХ ЭПО́ХА,
назва перыяду рас. гісторыі з 1725 да 1762, калі змена манархаў і правячых эліт адбывалася звычайна шляхам дварцовых пераваротаў, якія ажыццяўлялі дваранскія групоўкі, што змагаліся за ўладу. Асн. падзеі: у лют. 1725 пасля смерці Пятра I яго ўдава Кацярына I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым у абыход унука Пятра I Пятра Аляксеевіча (імператар Пётр II у 1727—30); у вер. 1727 групоўка старой маскоўскай знаці адхіліла ад рэгенцтва пры малалетнім Пятру II Меншыкава; у ліст. 1740 групоўка ген.-фельдмаршала Б.К.Мініха адхіліла ад рэгенцтва пры імператару-дзіцяці Іване VI Э.І.Бірона і зрабіла рэгенткай маці імператара Ганну Леапольдаўну; у снеж. 1741 Лізавета Пятроўна [1741—62] пры падтрымцы гвардыі скінула Івана VI; 9.7.1762 Кацярына II [1762—96] з дапамогай гвардз. палкоў скінула мужа Пятра III, які 18.7 1762 быў забіты яе прыхільнікамі, і заняла прастол у абыход сына Паўла I.
т. 12, с. 271
ПЕРАВЕ́РЗЕЎ Валяр’ян Фёдаравіч
(18.10.1882, г. Баброў Варонежскай вобл., Расія — 5.5.1968),
расійскі літаратуразнавец. Вучыўся ў Харкаўскім ун-це (1901—05), выключаны за ўдзел у рэв. руху. З 1905 у ссылцы і ў зняволенні. У 1911 вярнуўся ў Маскву, займаўся лектарскай і літ. працай. Пасля 1917 вёў навук. і пед. дзейнасць (з 1921 праф. Маскоўскага ун-та). Адзін з рэдактараў «Літаратурнай энцыклапедыі» (1929—30). У 1938 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Асн. працы прысвечаны творчасці М.Гогаля, Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова. У 1928 выдадзены зборнік артыкулаў П. і яго паслядоўнікаў «Літаратуразнаўства», які стаў прычынай для дыскусіі пра «пераверзеўскую школу» (1929—30). Імкненне тлумачыць маст. твор класавым быццём вяло П. да вульгарнага сацыялагізму. Разам з тым яго працам уласцівы тонкі аналіз маст. структуры тэксту, глыбокае пранікненне ў сістэму вобразаў маст. твора. Аўтар кн. «Літаратура старажытнай Русі» (апубл. 1971).
Тв.:
У истоков русского реалистического романа. 2 изд. М., 1965;
Гоголь. Достоевский: Исслед. М., 1982;
У истоков русского реализма. М. 1989.
т. 12, с. 271
ПЕРАВЕ́РЗЕЎ (Іван Фёдаравіч) (3.9.1914, в. Кузьмінкі Арлоўскай вобл., Расія — 23.4.1978),
расійскі кінаакцёр. Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1938). З 1938 у маскоўскім т-ры Рэвалюцыі, з 1945 у Т-ры-студыі кінаакцёра кінастудыі «Масфільм». У характарах персанажаў імкнуўся раскрыць драматызм, супярэчлівасць, кантрастнасць і павароты лёсу. Зняўся ў фільмах «Марскі ястраб» (1942), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Адмірал Ушакоў» і «Караблі штурмуюць бастыёны» (1953), «Знаёмцеся, Балуеў!» (1963), «Фронт без флангаў» (1975), «Фронт за лініяй фронту» (1977); на кінастудыі «Беларусьфільм» — «Маё каханне» (1940), «Палеская легенда» (1957). Дзярж. прэмія СССР 1952.
В.С.Іваноўскі.
т. 12, с. 271
ПЕРАВЕ́РЗЕЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 26.10.1962, г. Лунінец Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р мед. н. (1997), праф. (1999). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1985), працуе ў ім. Навук. працы па механізмах адаптацыі млекакормячых да дзеяння экстрэмальных фактараў навакольнага асяроддзя, метадах умацавання здароўя і павышэння працаздольнасці людзей (у т. л. спартсменаў), біял. актыўнасці экстрактаў раслін і грыбоў.
Тв.:
Фунгоадаптогены: сравнительная характеристика адаптогенной активности экстрактов высших растений из семейства аралиевых и высших грибов семейства трутовых (у сааўт.) // Докл. АН Беларуси. 1992. Т. 36, № 6;
Показатели соматического здоровья студентов и их коррекция адаптогенами (разам з А.В.Пераверзевай) // Вестн. Смолен. мед. академии: Медико-биол. журн. 1999. № 4.
т. 12, с. 272
ПЕРАВО́ЗКІ,
сукупнасць арганізацыйна і тэхналагічна ўзаемазвязаных дзеянняў і аперацый, якія выконваюцца прадпрыемствамі і інш. прадпрымальнікамі пры падрыхтоўцы, ажыццяўленні і завяршэнні перамяшчэння грузаў, пасажыраў і багажу. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь робяцца паводле дагавору. Агульныя ўмовы П. вызначаюцца грамадзянскім кодэксам, трансп. статутамі і кодэксамі, інш. актамі заканадаўства і выдадзенымі на іх аснове актамі органаў дзярж. кіравання. Умовы П. асобнымі відамі транспарту, а таксама адказнасць дагаворных бакоў па П. вызначаюцца пагадненнем бакоў, калі заканадаўствам не ўстаноўлена іншае. Заключэнне дагавору П. грузаў пацвярджаецца складаннем трансп. накладной; П. пасажыра і багажу адбываецца пры наяўнасці білета і багажнай квітанцыі.
т. 12, с. 272
ПЕРАВО́ЗНІКАЎ (Мікіта Іосіфавіч) (27.1.1908, в. Чачэвічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.10.1966),
поўны кавалер ордэна Славы. Працаваў у органах НКУС. У Вял. Айч. вайну з лют. 1942 у партызанах, з 1944 на фронце. Пам. камандзіра ўзвода ст. сяржант П. вызначыўся ў баях на тэр. Польшчы ў 1944 пры захопе варожых траншэй і прыкрыцці адыходу групы разведчыкаў, у 1945 у баі за г. Познань. Пасля вайны працаваў у нар. гаспадарцы.
т. 12, с. 272
ПЕРАВО́ШЧЫКАЎ (Дзмітрый Мацвеевіч) (28.4.1788, г. Саранск, Мардовія, паводле інш. звестак с. Шышквіч Пензенскай вобл., Расія — 15.9.1880),
расійскі астраном і матэматык. Акад. Пецярбургскай АН (1855; чл.-кар. 1832). Скончыў Казанскі ун-т (1808). У 1818—51 у Маскоўскім ун-це (з 1826 праф., з 1848 рэктар). Заснавальнік і кіраўнік астр. абсерваторыі Маскоўскага ун-та (1830—32). З 1851 у Пецярбургу. Навук. працы па нябеснай механіцы, матэматыцы, фізіцы. Аўтар першых вучэбных дапаможнікаў па астраноміі на рус. мове. Зрабіў значны ўклад у папулярызацыю астр. і матэм. ведаў у Расіі.
Літ.:
Перель Ю.Г. Общественно-литературная деятельность Д.М.Перевощикова // Астроном. журн. 1953. Т. 30, вып. 2.
т. 12, с. 272
ПЕРАВЫ́ПАС, празмерны выпас,
перагрузка кармавых угоддзяў выпасам жывёлы; адзін з фактараў негатыўнага ўздзеяння на раслінныя комплексы лугоў і пашы. Вядзе да дэградацыі і эрозіі глебы, зніжае прадукцыйнасць кармавых угоддзяў, разбурае біягеацэнозы. У выніку П. каштоўны травастой замяшчаецца пустазеллем, пагаршаюцца ўмовы ўзнаўлення папуляцый лугавой і балотнай дзічыны, са складу травяністых раслінных фармацый знікаюць каштоўныя харч., лек., дэкар., рэдкія і інш. расліны, значныя тэрыторыі выключаюцца з гасп. абароту.
т. 12, с. 272