Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕСМЯЯ́НАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (9.9.1899, Масква — 17.1.1980),

расійскі хімік-арганік, заснавальнік навук. школы па хіміі элементаарган. злучэнняў.

Акад. АН СССР (1943, чл.-кар. з 1939). Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922), дзе і працаваў (з 1935 праф., у 1948—51 рэктар), адначасова ў АН СССР: з 1934 у Ін-це арган. хіміі (з 1939 дырэктар), з 1954 дырэктар Ін-та элементаарган. злучэнняў (з 1980 імя Н.). З 1946 акад.-сакратар Аддз. хім. навук, з 1951 прэзідэнт, у 1961—75 акад.-сакратар Аддз. агульнай і тэхн. хіміі АН СССР. Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў. Адкрыў рэакцыю атрымання араматычных металаарган. злучэнняў раскладаннем двайных дыазоніевых солей з галагенідамі металаў (рэакцыя Н., 1929), з’яву металатрапіі (1960). Развіў новыя ўяўленні пра дваістасць рэакцыйнай здольнасці арган. злучэнняў нетаўтамернага характару (1955, разам з М.І.Кабачнікам). Даследаваў механізм арган. рэакцый, «сэндвічавыя» злучэнні, у т.л. вытворныя ферацэну. Распрацаваў асновы новага кірунку даследаванняў — па стварэнні сінт. прадуктаў харчавання (1962). Адзін з аўтараў і рэдактар (разам з К.А.Качашковым) серыйнага выд. «Метады элементаарганічнай хіміі» (1963—78). Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1943. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР 1962.

Тв.:

Элементоорганическая химия: Избр. тр., 1959—1969. М., 1970;

Исследования в области органической химии: Избр. тр., 1959—1969. М., 1971.

Літ.:

А.Н.Несмеянов. [2 изд.] М., 1974.

Я.Г.Міляшкевіч.

А.М.Несмяянаў.

т. 11, с. 296

НЕ́СПІШ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка (цячэ праз возера), за 4 км на У ад г. Браслаў. Пл. 4,26 км2, даўж. 4,13 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. Глыб. 6,3 м, даўж. берагавой лініі 16,5 км. Пл. вадазбору 781 км2. Аб’ём вады 13,8 млн. м³. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр і нац. парк Браслаўскія азёры. Катлавіна складанага тыпу, выцягнута з ПнУ на ПдЗ. Схілы выш. 10—12 м, на ПнЗ абразійныя, стромкія, на У спадзістыя, сугліністыя, пясчаныя. Берагі нізкія, пясчаныя, задзернаваныя. 15 астравоў агульнай пл. 0,31 км2 і мелі. Дно да глыб. 4,5 м выслана пясчанымі і апясчаненымі адкладамі, ніжэй сапрапелем, у паўд.-зах. плёсе — гліністы іл. Мінералізацыя вады 190—200 мг/л, празрыстасць 2,5 м. Эўтрофнае. Зарастае. Злучана р. Друйка ў выглядзе шырокай пратокі з воз. Недрава, на ПнЗ — пратокай з воз. Войса. Уваходзіць у зону адпачынку.

т. 11, с. 296

НЕ́СТАР (Nestor),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Піласа (у Месеніі). Лічыўся сынам Нелея (заснавальніка Піласа) і ўнукам Пасейдона. Вылучаўся мудрасцю і красамоўствам. Паводле «Іліяды» Н. — адзін з правадыроў грэч. войска ў Траянскай вайне. З-за старасці амаль не ўдзельнічаў у баях, але дапамагаў грэкам мудрымі парадамі. У сусв. л-ры імя Н. — сімвал мудрай старасці.

Літ.:

Кун Н.А Легенды и мифы Древней Греции. Мн., 1989.

Я.У.Новікаў.

т. 11, с. 297

НЕ́СТАР,

старажытнарускі пісьменнік і гісторык канца 11 — пач. 12 ст., адзін з заснавальнікаў летапіснага жанру на Русі. Манах Кіева-Пячэрскага манастыра. Аўтар «Чытання пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба» і «Жыція Фядосія Пячэрскага». У сваіх творах побач з пропаведдзю хрысціянства праводзіў ідэю адзінства і незалежнасці Русі ад Візантыі, асуджаў міжкняжацкія ўсобіцы. На думку многіх даследчыкаў, Н. — адзін са складальнікаў «Аповесці мінулых гадоў». У майстэрстве гіст. апавядання дасягнуў высокай дакладнасці, прастаты і жывасці выкладу. Яго творы былі шырока вядомы на Беларусі.

Тв.:

У кн.: Памятники литературы Древней Руси: Начало рус. лит., XI — нач. XII в. М., 1978.

В.А.Чамярыцкі.

т. 11, с. 297

НЕ́СТАРЫ (Nestor),

род птушак атр. папугаепадобных. 2 віды: кеа (N. notabilis) і кака (N. meridionalis). Пашыраны ў Новай Зеландыі. Кеа жывуць у гарах, гнёзды ў расколінах скал і норах; кака — у лясах, гнёзды ў дуплах.

Даўж. каля 50 см, кака драбнейшыя. Апярэнне зялёнае, аліўкавае з чырв. або аранжавым. Кормяцца насякомымі, нектарам, насеннем, парасткамі, карэньчыкамі. Некат. кеа драпежнікі: выклёўвалі ў авечак кавалачкі падскурнага тлушчу і мяса, што прыводзіла да гібелі жывёл, з-за гэтага мноства птушак было знішчана. Ахоўваюцца.

Да арт. Нестары. Кеа.

т. 11, с. 297

НЕСТАРЫЯ́НСТВА,

плынь у хрысціянстве, якая ўзнікла ў Візантыі ў пач. 5 ст. Заснавальнік канстанцінопальскі патрыярх Несторый. Ён прызнаваў Хрыста чалавекам, які пераадолеў чалавечую слабасць і стаў месіяй. На гэтай падставе лічыў дзеву Марыю не багародзіцай, а жанчынай, якая нарадзіла чалавека. У адрозненне ад артадаксальнага вучэння, Несторый лічыў, што ў Хрысце чалавечыя і боскія пачаткі знаходзяцца ў адносным яднанні і ніколі поўнасцю не злучаны. На Эфескім усяленскім саборы (431) Н. асуджана як ерась. Сучасныя багасловы лічаць, што Н. выходзіць па-за межы артадаксальнага вучэння. Прыхільнікі Н. ёсць у Іране, Іраку, Сірыі, Індыі і інш.

т. 11, с. 297

НЕ́СТАР ІСКАНДЭ́Р,

рускі пісьменнік 15 ст. Верагодны аўтар «Аповесці пра ўзяцце Царграда туркамі ў 1453 г.». У пасляслоўі аднаго са спісаў «Аповесці» ёсць імя аўтара — Н.І. Пра сябе ён паведамляе, што ў маладосці трапіў у палон да туркаў, прыняў іслам, удзельнічаў у многіх паходах. Ён запісваў усё бачанае у час аблогі і ўзяцця Канстанцінопаля султанам Мехмедам II, а таксама сабраў звесткі пра абарону горада. У «Аповесці» выкладзена гісторыя Канстанцінопаля ад часоў яго заснавання, асабліва падрабязна расказваецца пра аблогу візант. сталіцы туркамі і яе ўзяцце. Аўтар імкнецца паказаць непазбежнасць гібелі Канстанцінопаля, які ўвязнуў у граху, і адначасова ўслаўляе мужнасць яго абаронцаў. Твор спалучае шмат сапраўдных звестак і сюжэтны вымысел і ўяўляе сабой адзіны тэкст, які вызначаецца высокім літ. майстэрствам. На думку большасці даследчыкаў, «Аповесць» — пазнейшая апрацоўка запісаў Н.І.

Літ.:

Древнерусская литература: Источниковедение. Л., 1984. С. 84—96.

т. 11, с. 297

НЕСТАТУ́ТНЫЯ ЎЗАЕМААДНО́СІНЫ,

устойлівыя сацыяльна-негатыўныя адносіны суб’ектаў інстытуцыянальных структур, у т.л. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, звязаныя з глумленнем, здзекамі і насіллем адных людзей над інш.

Н.ў. вядомы з часоў стварэння армій, у якіх афіцыйна выкарыстоўвалася разгалінаваная сістэма статутных адносін. Напр., у ВКЛ нормы рыцарскага права былі ўзаконены пастановамі Навагрудскага (1502), Віленскага (1507) і інш. соймаў, потым сістэматызаваны ў Статутах ВКЛ і Артыкулах вайсковых (1754), але яны не заўсёды выконваліся. У выніку адбываліся канфлікты, у т.л. ўзброеныя, паміж вайскоўцамі. Н.ў. былі вял. сац. праблемай у арміі Рас. імперыі як сярод салдат, кадэтаў і юнкераў, так і ў дваранскім і афіцэрскім асяроддзі. Л.М.Талстой вылучаў у салдацкім асяродку 3 групы аб’ектаў і суб’ектаў Н.у.: прыгнечаныя, тыя, што прыгнятаюць, і адчайныя. Найб. небяспечная для арміі група «адчайных», прадстаўнікі якой здольны «начальніка забіць і таварыша абрабаваць».

Шмат правапарушэнняў у сферы міжасобасных адносін было ва Узбр. Сілах СССР і ў наш час існуюць у арміях шэрагу краін, у т.л. Беларусі. Прычыны Н.у. абумоўлены аб’ектыўнымі супярэчнасцямі гіст. развіцця грамадства і неадэкватнымі мерамі па спыненні крымінальных праяў, а таксама нізкай кампетэнцыяй службовых асоб і іх халатнасцю пры выкананні сваіх абавязкаў. Недахопы фармальнай (статутнай) сістэмы ўзаемаадносін у вайсковых калектывах кампенсуюцца ў нефармальных іерархічных структурах, якія складваюцца ў калектывах. Перадумовамі ўзнікнення і падставамі для з’яўлення Н.у. служаць т.зв. «дзедаўшчына» (падзел ваеннаслужачых па тэрмінах службы), «зямляцтва» (падзел па рэгіянальнай і нац. прыналежнасці), «культ сілы», а таксама крымінальныя, рэліг. і грамадска-паліт. фактары. Для Узбр. Сіл Беларусі дамінуючым фактарам з’яўляецца «дзедаўшчына». Суб’екты Н.у. (правапарушальнікі) часцей належаць да крымінальна-гвалтоўнага тыпу асобы, для якіх характэрны гіпертрафіраваны ўзровень матэрыяльных патрабаванняў, эгаістычныя тэндэнцыі, адсутнасць (прыгнечанасць) духоўных памкненняў і г.д. Для аб’ектаў Н.у. (пацярпелых) характэрны больш малады ўзрост і пазнейшы прызыў, а ў некаторых выпадках — псіхал. гатоўнасць да здзекаў (успрыняцце Н.у як армейскай «традыцыі»), нізкі ўзровень фіз. і псіхічнай падрыхтаванасці да службы і г.д. У бел. войску выпрацавана сістэма метадаў і прыёмаў папярэджання дэвіянтных паводзін ваеннаслужачых, што спрыяла зніжэнню негатыўных наступстваў Н.у.

Літ.:

Дедовщина в армии: (Сб. социол. док.). М., 1991;

Мацкевич Й.М., Эминов В.Е. Преступное насилие среди военнослужащих. М., 1994;

Сероштан В.А. Неуставные взаимоотношения в армии: социальные истоки и пробл. предупреждения // Армия. 1998. № 5.

В.В.Гумянецкі, У.М.Макараў, С.А.Савік.

т. 11, с. 297

«НЕ́СТЛЕ»

(Nestlé S.A.),

швейцарскі канцэрн харч. прам-сці; адна з буйнейшых у свеце міжнар. карпарацый у гэтай галіне. Вырабляе каву, какаву, чай і інш. напоі, у т.л. растваральныя, дзіцячае харчаванне, канцэнтраты, малочныя прадукты, шакалад, сокі і інш., а таксама касметычныя і фармацэўтычныя вырабы. Засн. ў 1905 шляхам аб’яднання 2 фірм па вырабе згушчанага малака і дзіцячага харчавання. У 1930-х г. распрацавала рэцэптуру хуткарастваральнай кавы і доўга заставалася яе асн. пастаўшчыком у свеце. З 1962 — адзін з вядучых вытворцаў замарожаных харч. прадуктаў у Зах. Еўропе. Сучасная назва з 1977. Дзейнічае больш чым у 70 краінах свету. У вытв-сці занята больш за 200 тыс. чал. Выпускае 95% прадукцыі паза межамі Швейцарыі. Кантралюе каля 45% вытв-сці кавы ў свеце. Кампанію ўзначальваюць 2 холдзінгі: «Нестле А.Г.» і «Юнілак інк.», зарэгістраваныя адпаведна ў Швейцарыі і Панаме.

т. 11, с. 297

НЕСУВЫМЕ́РНЫЯ ВЕЛІЧЫ́НІ,

гл. Сувымерныя і несувымерныя велічыні.

т. 11, с. 297