НЕ́СПІШ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка (цячэ праз возера), за 4 км на У ад г. Браслаў. Пл. 4,26 км2, даўж. 4,13 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. Глыб. 6,3 м, даўж. берагавой лініі 16,5 км. Пл. вадазбору 781 км2. Аб’ём вады 13,8 млн. м³. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр і нац. парк Браслаўскія азёры. Катлавіна складанага тыпу, выцягнута з ПнУ на ПдЗ. Схілы выш. 10—12 м, на ПнЗ абразійныя, стромкія, на У спадзістыя, сугліністыя, пясчаныя. Берагі нізкія, пясчаныя, задзернаваныя. 15 астравоў агульнай пл. 0,31 км2 і мелі. Дно да глыб. 4,5 м выслана пясчанымі і апясчаненымі адкладамі, ніжэй сапрапелем, у паўд.-зах. плёсе — гліністы іл. Мінералізацыя вады 190—200 мг/л, празрыстасць 2,5 м. Эўтрофнае. Зарастае. Злучана р. Друйка ў выглядзе шырокай пратокі з воз. Недрава, на ПнЗ — пратокай з воз. Войса. Уваходзіць у зону адпачынку.

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)