НЕСТАРЫЯ́НСТВА,

плынь у хрысціянстве, якая ўзнікла ў Візантыі ў пач. 5 ст. Заснавальнік канстанцінопальскі патрыярх Несторый. Ён прызнаваў Хрыста чалавекам, які пераадолеў чалавечую слабасць і стаў месіяй. На гэтай падставе лічыў дзеву Марыю не багародзіцай, а жанчынай, якая нарадзіла чалавека. У адрозненне ад артадаксальнага вучэння, Несторый лічыў, што ў Хрысце чалавечыя і боскія пачаткі знаходзяцца ў адносным яднанні і ніколі поўнасцю не злучаны. На Эфескім усяленскім саборы (431) Н. асуджана як ерась. Сучасныя багасловы лічаць, што Н. выходзіць па-за межы артадаксальнага вучэння. Прыхільнікі Н. ёсць у Іране, Іраку, Сірыі, Індыі і інш.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)