«НЕ́СТЛЕ»

(Nestlé S.A.),

швейцарскі канцэрн харч. прам-сці; адна з буйнейшых у свеце міжнар. карпарацый у гэтай галіне. Вырабляе каву, какаву, чай і інш. напоі, у т.л. растваральныя, дзіцячае харчаванне, канцэнтраты, малочныя прадукты, шакалад, сокі і інш., а таксама касметычныя і фармацэўтычныя вырабы. Засн. ў 1905 шляхам аб’яднання 2 фірм па вырабе згушчанага малака і дзіцячага харчавання. У 1930-х г. распрацавала рэцэптуру хуткарастваральнай кавы і доўга заставалася яе асн. пастаўшчыком у свеце. З 1962 — адзін з вядучых вытворцаў замарожаных харч. прадуктаў у Зах. Еўропе. Сучасная назва з 1977. Дзейнічае больш чым у 70 краінах свету. У вытв-сці занята больш за 200 тыс. чал. Выпускае 95% прадукцыі паза межамі Швейцарыі. Кантралюе каля 45% вытв-сці кавы ў свеце. Кампанію ўзначальваюць 2 холдзінгі: «Нестле А.Г.» і «Юнілак інк.», зарэгістраваныя адпаведна ў Швейцарыі і Панаме.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)