Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЕ́ЧЫЯР ((Mečiar) Уладзімір) (н. 26.7.1942, г. Зволен, Славакія),

славацкі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Вучыўся ва ун-це імя Я.А.Каменскага ў Браціславе і Вышэйшай камсамольскай школе ў Маскве. За ўдзел у апазіц. выступленнях 1968 выключаны з кампартыі (1970). Працаваў юрыстам на шкляной ф-цы. З ліст. 1989 чл. славацкага грамадз. руху «Грамадскасць супраць гвалту», пасля яго расколу ў 1991 узначаліў «Рух за дэмакр. Славакію». У 1990 міністр унутр. спраў і аховы навакольнага асяроддзя, у 1990—91 прэм’ер-міністр славацкага ўрада. Прыхільнік скасавання федэрацыі з Чэхіяй і незалежнасці Славакіі. У 1992—94 і пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (кастр. 1994) «Руху за дэмакр. Славакію» са снеж. 1994 да вер. 1998 прэм’ер-міністр Славакіі (з 1.1.1993 суверэнная Славацкая Рэспубліка). У сак.вер. 1998 адначасова в.а. прэзідэнта Славакіі.

М.С.Даўгяла.

т. 10, с. 326

МЕЧ-РЫ́БА (Xiphias gladius),

адзіны від сям. мечарылых атр. акунепадобных. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў тропіках. Мігрыруе на вял. адлегласці. Зрэдку трапляецца ў Азоўскім, Балтыйскім, Баранцавым, Чорным, Японскім морах.

Даўж. да 4,5 м, маса да 0,5 т. Цела без лускі. Верхняя сківіца выцягнута ў мечападобны адростак (адсюль назва) даўж. да ​1/3 усёй рыбы. Драпежнік, корміцца кальмарамі, рыбай і інш. Аб’ект промыслу і спарт. лову.

Меч-рыба.

т. 10, с. 326

МЕЧ-ТРАВА́ (Cladium),

род кветкавых раслін сям. асаковых. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных паясах, акрамя Аўстраліі. На Беларусі 1 від М.-т. звычайная (C. mariscus). Атлантычна-еўрап. рэліктавы від, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай паласе азёр ландшафтнага заказніка Блакітныя Азёры на заглееным або затарфаваным грунце на глыб. 0,2—0,5 м.

Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м з тоўстым паўзучым карэнішчам. Шэра-зялёныя сцёблы пустыя, тоўстыя, густааблісцелыя. Лісце лінейнае, трохграннае, вострапілаватае, рэжучае (адсюль назва). Суквецце — складаная мяцёлка. Каласкі дробныя, бурыя, кветкі без калякветніка. Плод — яйцападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак.

Меч-трава́ звычайная.

т. 10, с. 326