Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕНГС ((Mengs) Антон Рафаэль) (22.3.1728, г. Усці на Лабе, Чэхія — 29.6.1779),

нямецкі жывапісец і тэарэтык мастацтва. Дырэктар акадэміі св. Лукі ў Рыме (з 1770). Працаваў у Дрэздэне, Рыме, Мадрыдзе. Раннія творы ствараў у традыцыях барока, пазней пад уплывам І.​І.​Вінкельмана ў жывапісных і тэарэт. працах сцвярджаў прынцыпы класіцызму. Яго манум. размалёўкам уласцівы рэмінісцэнцыі ант. мастацтва, ідэалізаванасць кампазіцыі і формы, умоўнасць вобразаў: фрэскі «Парнас» на віле кардынала Альбані ў Рыме (1761), у палацы ў Аранхуэсе (пасля 1762), Ватыканскай б-цы (1770—73), «Апафеоз Траяна» ў Каралеўскім палацы ў Мадрыдзе (1774). Жыццёвасцю трактоўкі вобраза, дакладнасцю малюнка, каларыстычнай гармоніяй вызначаюцца партрэты караля Аўгуста III (1745), папы Клімента XIII (1758), Вінкельмана (паміж 1758—62), Карла III Іспанскага (1761), аўтапартрэт (1755) і інш.

В.​Я.​Буйвал.

Р.Менгс. Алегорыя гісторыі.

т. 10, с. 284

МЕНДЗЯЛЕ́ВІЙ (лац. Mendelevium),

Md, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат.н. 101, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомыя ізатопы з масавымі лікамі 247—252, 254—260; найб. устойлівы — ​258Md (перыяд паўраспаду 56 сут, α-выпрамяняльнік), атрыманы ў 1967 у ЗША. Названы ў гонар Дз.І.Мендзялеева.

т. 10, с. 284

МЕНДЗЯЛЕ́ЕВА ХРЫБЕ́Т,

падводны хрыбет у цэнтр. ч. Паўн. Ледавітага ак., на Пн ад в-ва Урангеля. Даўж. каля 1500 км. Аддзелены ад хр. Ламаносава катлавінамі Макарава і Падводнікаў. Найменшыя глыбіні над хрыбтом каля 800 м. Адкрыты ў 1949 сав. паветр. экспедыцыяй. Названы ў гонар Дз.І.Мендзялеева.

т. 10, с. 284

МЕНДЗЯЛЕ́ЕЎ (Дзмітрый Іванавіч) (8.2.1834, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — 2.2.1907),

расійскі вучоны. Чл.кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Гал. пед. ін-т у Пецярбургу (1855). У 1857—90 у Пецярб. ун-це (з 1865 праф.), адначасова ў 1863—72 у Пецярб. тэхнал. ін-це. Арганізатар і першы дырэктар (1893) Гал. палаты мер і вагі (зараз НДІ метралогіі імя М.). Навук. працы па агульнай хіміі, хім. тэхналогіі, аграхіміі, фізіцы, паветраплаванні, метралогіі, метэаралогіі, геалогіі, эканоміцы, нар. асвеце і інш. Адкрыў адзін з асн. законаў прыродазнаўства — перыяд. закон хім. элементаў (1869; перыяд. закон М.; гл. Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева), існаванне крытычнай т-ры (1860). Вывеў агульнае ўраўн. стану ідэальнага газу (1874; гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Вынайшаў новы тып бяздымнага пораху, прапанаваў прамысл. спосаб фракцыйнага раздзялення нафты. Аўтар першага на рус. мове падручніка «Арганічная хімія» (1861) і класічнай працы «Асновы хіміі» (ч. 1—2, 1869—71), у якой курс неарган. хіміі выкладзены на аснове перыяд. закону. Адзін з заснавальнікаў Рус. фіз.-хім. т-ва (1868; зараз Хім. т-ва імя М.). У гонар М. названы мінерал мендзелеявіт, хім. элемент мендзялевій, кратэр на Месяцы, вулкан на в-ве Кунашыр, падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне.

Тв.:

Соч. Т. 1—25. М., 1937—54.

Літ.:

Фигуровский Н.А. Д.​И.​Менделеев, 1834—1907. 2 изд. М., 1983;

Кедров Б.М. Прогнозы Д.​И.​Менделеева в атомистике. Кн. 1—3. М., 1977—79;

Макареня А.А. Д.​И.​Менделеев и физико-химические науки. 2 изд. М., 1982.

Дз.І.Мендзялееў.

т. 10, с. 284

МЕНДО́СА (Mendoza),

горад на З Аргенціны. Адм. ц. прав. Мендоса. Засн. ў 1561. Каля 700 тыс. ж. з прыгарадамі (1997). Чыг. вузел. Аэрапорт. Важны эканам. і культ. ц. Заходняга р-на краіны. Цэнтр буйнога раёна вінаградарства і вінаробства. Прам-сць: харч. (у асноўным перапрацоўка фруктаў і агародніны), нафтаперапр., цэм., тэкстыльная. 3 ун-ты. Музей натуральнай гісторыі.

т. 10, с. 284

МЕ́НДЭЛЕ МО́ЙХЕР-СФО́РЫМ (сапр Шолам Якаў Абрамовіч; 1835/36, г. Капыль Мінскай вобл. — 1917),

яўрэйскі пісьменнік; пачынальнік рэалістычнай яўр. л-ры на ідыш. Жыў у Расіі. Пісаў пераважна на ідыш, публіцыстычныя і больш познія творы — на іўрыце. Дэбютаваў зб. літ.-крытычных артыкулаў «Суд свету» (1860). У аповесцях «Маленькі чалавечак» (1864—65), «Фішка Кульгавы» (1869), «Кляча» (1873), сатыр. драме «Такса» (1869), паэме «Яўрэйчык» (1875), сацыяльна-быт. раманах «Падарожжа Веніяміна Трэцяга» (1878), «Запаветны пярсцёнак» (ч. 1—2, 1888—89) і аўтабіяграфічным — «Шлойме рэб Хаім» (1894—1917) шырокая панарама жыцця яўрэяў у сярэдзіне 19 ст. на Беларусі, Літве, Украіне, абагульнена-гратэскавы вобраз-сімвал яўрэйскага мястэчка. У яго творчай манеры спалучаны прыёмы гратэску, сатыры і гумару, псіхал. і лірычнай прозы.

Тв.:

Рус. пер. — Маленький человечек. Путешествие Вениамина Третьего. Фишха Хромой. М., 1961.

Г.​В.​Сініла.

т. 10, с. 284

МЕНДЭЛІ́ЗМ,

вучэнне аб заканамернасцях атрымання ў спадчыну адзнак арганізма. Распрацаваны Г.Мендэлем (1865). Адыграў рэв. ролю ў біялогіі, выявіў некат. фундаментальныя ўласцівасці атрыманых у спадчыну фактараў (генаў): дыскрэтнасць, стабільнасць, множнасць алельных форм. З’яўляецца часткай метадалогіі генет. эксперыментаў. Напр., уласцівасць пастаянства генаў выкарыстоўваецца ў генет. інжынерыі пры пераносе генаў з клетак аднаго віду арганізмаў у клеткі другога. На аснове адноснага пастаянства генаў распрацаваны прынцып «канварыянтнай рэдуплікацыі ДНК» (структура ДНК узнаўляецца не з абсалютнай дакладнасцю, а з варыянтамі за кошт мутацый) і інш. Гл. таксама Мендэля законы.

Літ.:

Гайсинович А.Е. Восприятие менделизма в России и его роль в развитии дарвинизма // Природа. 1982. № 9.

Р.​Г.​Заяц.

т. 10, с. 284

МЕ́НДЭЛЬ ((Mendel) Грэгар Іаган) (22.7.1822, г. Гінчыцы, Чэхія — 6.1.1884),

аўстрыйскі прыродазнавец, заснавальнік вучэння аб спадчыннасці (гл. Мендэлізм). Скончыў філас. класы пры ун-це ў Ольмюцы (1843). Вучыўся ў Венскім ун-це (1851—53). З 1843 манах аўгусцінскага манастыра, адначасова з 1848 выкладаў у школе. У 1856—63 правёў доследы па гібрыдызацыі розных сартоў гароху, на падставе якіх сфармуляваў асн. законы спадчыннасці — Мендэля законы. Гл. таксама Генетыка.

Г.Мендэль.

т. 10, с. 284

МЕ́НДЭЛЬЗОН ((Mendelsohn) Эрых) (21.33.1887, г. Ольштын, Польшча — 15.9.1953),

нямецкі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Мюнхене (1907—11). З 1933 працаваў у Вялікабрытаніі, Палесціне, ЗША (выкладаў у Каліфарнійскім ун-це). Яго творы ў духу стыляў мадэрн і экспрэсіянізм спалучаюць пошукі выразных скульпт.-пластычных арх. форм са строгай функцыянальнасцю планіроўкі і агульнай кампазіцыі (астрафіз. лабараторыя, т.зв. вежа Эйнштэйна ў г. Патсдам, Германія, 1920—21). Больш познія работы набліжаны да архітэктуры функцыяналізму: універмагі ў Нюрнбергу і Штутгарце (1926—28), Калумбусхаўс у Берліне (1929—32); банк у Іерусаліме (1938). Багатай пластычнай фантазіяй вылучаецца шпіталь Майманіда ў Сан-Францыска (ЗША, 1946). Аўтар праекта трыкат. ф-кі «Чырвоны сцяг» у Маскве (1925).

Э.Мендэльзон. Вежа Эйнштэйна ў г. Патсдам, Германія. 1920—21.

т. 10, с. 284

МЕНДЭЛЬСО́Н, Мендэльсон-Бартольдзі (Mendelssohn-Bartholdy) Якаб Людвіг Фелікс (3.2.1809, г. Гамбург, Германія —4.11.1847), нямецкі кампазітар, піяніст, арганіст, дырыжор, муз. дзеяч; адзін з прадстаўнікоў ням. рамантызму, заснавальнік лейпцыгскай школы. Музыцы вучыўся ў Л.​Бергера (фп.) і К.​Ф.​Цэльтэра (кампазіцыя). З 1833 музік-дырэктар у Дзюсельдорфе, з 1835 дырыжор і кіраўнік аркестра Гевандхаўза. Заснавальнік першай ням. кансерваторыі (Лейпцыг, 1843). У творчасці спалучаў прынцыпы рамантызму з арганічным развіццём класічных традыцый. У яго музыцы яснасць і ўраўнаважанасць, элегічнасць тону, апора на быт. формы музіцыравання, інтанацыі ням. песеннасці і пратэстанцкага харалу спалучаюцца з маляўнічасцю аркестроўкі, трапяткой усхваляванасцю, прасветленай летуценнасцю. Адзін з заснавальнікаў рамант. сімфанізму, у т. л. жанру праграмнай канцэртнай уверцюры. Сярод твораў: оперы «Вяселле Камача» паводле М.​Сервантэса (паст. 1827), «Вяртанне з чужыны» (паст. 1829), «Ларэлея» (паст. 1852, незак.), араторыі «Павел» (1836), «Ілія» (1846), «Хрыстос» (незак.), царк. хар. музыка, кантаты; 5 сімфоній (1824—42), у т. л. Італьянская (1833) і Шатландская (1842); 7 канцэртных уверцюр, у т. л. «Гебрыды, або Фінгалава пячора» (1830); 13 сімфоній для стр. арк. (1821—23); канцэрты з арк., у т. л. для фп. (1831, 1837), для скрыпкі (1844); камерныя ансамблі, у т. л. 4 фп., 7 стр. квартэтаў; творы для фп., у т. л. 48 «Песень без слоў» (1829—45), для аргана, у т. л. 6 санат; каля 60 хароў, больш за 100 песень; музыка да драм. спектакляў (у т. л. да п’есы «Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра) і інш.

Літ.:

Мейлих Е.И. Ф.​Мендельсон-Бартольди. Л., 1973.

Ф.Мендэльсон.

т. 10, с. 285