МЕНГС ((Mengs) Антон Рафаэль) (22.3.1728, г. Усці на Лабе, Чэхія — 29.6.1779),
нямецкі жывапісец і тэарэтык мастацтва. Дырэктар акадэміі св. Лукі ў Рыме (з 1770). Працаваў у Дрэздэне, Рыме, Мадрыдзе. Раннія творы ствараў у традыцыях барока, пазней пад уплывам І.І.Вінкельмана ў жывапісных і тэарэт. працах сцвярджаў прынцыпы класіцызму. Яго манум. размалёўкам уласцівы рэмінісцэнцыі ант. мастацтва, ідэалізаванасць кампазіцыі і формы, умоўнасць вобразаў: фрэскі «Парнас» на віле кардынала Альбані ў Рыме (1761), у палацы ў Аранхуэсе (пасля 1762), Ватыканскай б-цы (1770—73), «Апафеоз Траяна» ў Каралеўскім палацы ў Мадрыдзе (1774). Жыццёвасцю трактоўкі вобраза, дакладнасцю малюнка, каларыстычнай гармоніяй вызначаюцца партрэты караля Аўгуста III (1745), папы Клімента XIII (1758), Вінкельмана (паміж 1758—62), Карла III Іспанскага (1761), аўтапартрэт (1755) і інш.