Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАМАРЭ́ (Mamoré),

у вярхоўях Рыо-Грандэ, рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Балівіі і па мяжы Балівіі з Бразіліяй. Зліваецца з р. Бені і ўтварае р. Мадэйра (прыток р. Амазонка). Даўж. 2300 км, пл. басейна 620 тыс. км². Пачынаецца ва Усх. Кардыльеры, цячэ пераважна сярод саваннаў і саваннавых лясоў па раўнінах Балівіі. У ніжнім цячэнні парогі і вадаспады. Найб. прыток Гуапарэ (правы). Разводдзе з лют. да красавіка. Сярэдні расход вады 8100 м³/см. Суднаходная паміж гарадамі Гуажара-Мірын і Ікеронес.

т. 10, с. 53

МАМБА́СА (Mombasa),

горад і порт у Кеніі, на каралавым востраве ў Індыйскім ак., злучаны з мацерыком дамбамі і мостам. Адм. ц. Прыбярэжнай правінцыі. Засн. ў 12 ст. арабамі. 442 тыс. ж. (1985, з прыгарадамі). Буйны порт Усх. Афрыкі. Звязаны чыгункай і шашой з Угандай і Танзаніяй. Міжнар. аэрапорт Порт-Рэйтс (на мацерыку). Прам-сць: харч. (у т. л. цукр.), тэкст., нафтаперапр., металургічная, цэм., папяровая, шкляная, хімічная. Вываз кавы, чаю, нафтапрадуктаў, пірэтруму, сізалю, цэменту. Марскі курорт.

т. 10, с. 53

МАМБЕ́ТАЎ (Азербайджан Мадзіевіч) (н. 1.9.1932),

казахскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1957). З 1957 рэжысёр, з 1964 гал. рэжысёр Каз. акад. т-ра драмы імя М.​Аўэзава. Сярод пастановак: «Ваўчаня пад шапкай» і «Свацця прыехала» К.​Мухамеджанава, «Летуценнікі» А.​Абішава, «Айман Шалпан» Аўэзава, «Абай» Аўэзава і Л.​Собалева, «Казы-Карпеш і Баян-Слу» Г.​Мусрэпава, «Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.​Айтматава і К.​Мухамеджанава, «Кроў і пот» паводле А.​Нурпіесава і інш. Дзярж. прэмія СССР 1974.

т. 10, с. 53

МАМЕ́ДАВА (Шэўкет Гасан кызы) (18.4.1897, Тбілісі — 8.6.1981),

азербайджанская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1938). Вучылася ў Кіеўскай кансерваторыі (1917—21), у Мілане і Парыжы (1927—29). У 1921—48 салістка Азерб. т-ра оперы і балета (Баку). З 1945 выкладала ў Азерб. кансерваторыі (з 1949 праф.). Адна з першых азерб. оперных спявачак. Валодала голасам цёплага мяккага тэмбру. Сярод партый: Шахсенем («Шахсенем» Р.​Гліэра), Нэргіз («Нэргіз» А.М.​М.​Магамаева), Гюльчахра («Аршын мал алан» У.​Гаджыбекава), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба). Аўтар кн. «Шляхі развіцця азербайджанскага музычнага тэатра» (1931).

т. 10, с. 53

МАМЕ́ДАЎ (Мехты Асадула аглы) (22.5.1918—1985),

азербайджанскі рэжысёр. Нар. арт. Азербайджана (1958). Нар. арт. СССР (1974). Д-р мастацтвазнаўства. Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1941). З 1945 працаваў (з перапынкамі) у Азербайджанскім т-ры імя М.​Азізбекава (у 1960—63 гал. рэжысёр), у 1956—60 гал. рэжысёр Азербайджанскага т-ра оперы і балета імя М.​Ахундава (абодва ў Баку). З 1960 праф. Азербайджанскага тэатр. ін-та. У пастаноўках імкнуўся дасягнуць жыццепераканаўчай і паэт. атмасферы спектакля. Паставіў: у драм. т-рах — «Мадрыд» М.​Ібрагімава, «Вагіф» С.​Вургуна, «Яшар» Дж.​Джабарлы, «На далёкіх берагах» І.​Касумава і Г.​Сеідбейлі, «Хаям» Г.​Джавіда, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Жывы труп» Л.​Талстога і інш.; у т-ры оперы і балета — «Севіль» Ф.​Амірава, «Азад» Дж.​Джангірава, «Кёр-аглы» У.​Гаджыбекава, «Тоска» Дж.​Пучыні і інш. Аўтар шэрагу тэатразнаўчых работ.

т. 10, с. 53

МАМЕДКУЛІЗАДЭ́ (Джаліл) (22.2.1866, Нахічэвань-на-Араксе, Азербайджан — 4.1.1932),

азербайджанскі пісьменнік; пачынальнік рэв.-дэмакр. кірунку ў азерб. л-ры. Скончыў настаўніцкую семінарыю (г. Горы, 1887). З 1903 жыў у Тбілісі. Літ. дзейнасць пачаў у 1880-я г. Пісаў пад псеўд. Мала Насрэдзін. У 1906 заснаваў і рэдагаваў (да 1931, з перапынкамі) сатыр. час. «Мала Насрэдзін». У аповесці «Прапажа асла» (1894, выд. 1936), апавяданнях, камедыях «Мерцвякі» (1909), «Зборышча вар’ятаў», драме «Кеманча» (абедзве выд. 1936), сатыр. фельетонах выступаў супраць сац. прыгнёту, рэліг. фанатызму, невуцтва. Удзельнічаў у распрацоўцы новага лацінізаванага азерб. алфавіта.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. Баку, 1966;

Четки хана: Повесть и рассказы. М., 1966.

Літ.:

Шариф А. Рождение Молла Насредцина: Очерк жизни и творчества Д.​Мамедкулизаде. Баку, 1968.

т. 10, с. 54

МАМІЛЯ́РЫЯ (Mammillaria),

род кветкавых раслін сям. кактусавых. Больш за 350 (паводле інш. звестак, каля 200) відаў. Пашыраны ў паўд. ч. Паўн., у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Трапляюцца ў засушлівых абласцях сярод кустоў на вапнавых, гліністых і гранітных глебах. На Беларусі вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.

Шматгадовыя расліны. Сцёблы шарападобныя або кароткацыліндрычныя (некат. падушкападобныя), укрытыя сасочкамі, на верхавінках якіх пучкі валаскоў і калючак. Кветкі дробныя, у пазухах сасочкаў, у выглядзе вяночка на верхавінцы сцябла. Плод ягадападобны. Дэкар. расліны.

Кактусы з роду мамілярыя.

т. 10, с. 54

МА́МІН-СІБІРА́К (сапр. Мамін) Дзмітрый Наркісавіч

(6.11.1852, г.п. Вісім Свярдлоўскай вобл., Расія — 15.11.1912),

рускі пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў рус. «сацыялагічнага рамана». Вучыўся ў Пермскай духоўнай семінарыі (1868—72), Пецярбургскай мед.-хірургічнай акадэміі (1872—76) і Пецярбургскім ун-це (1876—77). З 1877 жыў на Урале (пераважна ў Екацярынбургу), з 1891 у Пецярбургу і Царскім Сяле. Друкаваўся з 1875. Гал. тэма уральскіх раманаў «Прывалаўскія мільёны» (1883), «Горнае гняздо», «Дзікае шчасце» (пад назвай «Жылка», абодва 1884), «Тры канцы» (1890), «Золата» (1892), «Хлеб» (1895) — улада капіталу над душамі асобных людзей і над лёсамі цэлых сац. пластоў. У рамане «Імяніннік» (1888) стварыў тып «лішняга чалавека» апошняй чвэрці 19 ст. Рамануспамін «Рысы з жыцця Пяпко» (1894) пра жыццё пецярбургскіх рэпарцёраў. Раманы «Веснавыя навальніцы» (1893), «Без назвы» (1894), «Па новым шляху» (1896) і інш. пра рус. інтэлігенцыю. Аповесці «Браты Гардзеевы» (1891), «Ахоніны бровы» (1892) на гіст. тэматыку. Аўтар раманаў «На вуліцы» («Бурны паток», 1886), «Зоркі, якія падаюць» (1899), «Уральскіх апавяданняў» (т. 1—2, 1888—89), п’есы «На залатым дне» («Золатапрамыслоўцы», паст. 1887), падарожных нарысаў «Ад Урала да Масквы» (1881—82), успамінаў «З далёкага мінулага» (1902) і інш. Творчасці М.-С. ўласцівы маштабнасць ахопу матэрыялу, драматызм, безылюзорны і шырокі погляд на чалавека, унутрана-напружанае апавяданне, жыццёвая дакладнасць, натуралістычныя падрабязнасці. Пісаў для дзяцей: «Ямеля-паляўнічы» (1884), «Зімоўе на Студзёнай» (1892), «Шэрая шыйка» (1893), «Алёнчыны казкі» (1894—97) і інш. Апрацоўваў легенды казахаў і кіргізаў (зб. «Легенды», 1898). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Я.​Маўр, А.​Якімовіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1980—81;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1988;

Аленушкины сказки. Мн., 1992;

Бел. пер. — Выбр.

казкі і апавяданні. Мн. 1939; Шэрая шыйка: Апавяданні. Мн., 1954; Алёнчыны казкі. Мн 1956.

Літ.:

Д.​Н.​Мамин-Сибиряк — художник. Свердловск, 1989;

Дергачев И.А. Д.​Н.​Мамин-Сибиряк в литературном контексте 2-й пол. XIX в. Екатеринбург, 1992.

А.​В.​Спрынчан.

Дз.Н.Мамін-Сібірак.

т. 10, с. 54

МАМЛЮ́КІ, мамелюкі (араб. белыя рабы, нявольнікі),

воіны-рабы пераважна з цюркаў, а таксама закаўказскіх народаў, з якіх была сфарміравана гвардыя правіцеляў дынастыі Айюбідаў (1171—1250). Налічвалі 9—12 тыс. чал., паводле інш. крыніц — да 24 тыс. чал. У 1250 М. скінулі Айюбідаў і захапілі ўладу. Вядомы 2 дынастыі М.: Бахры (пераважна цюркскага паходжання, кіравалі ў 1250—1390) і Бурджы (пераважна выхадцы з Каўказа, кіравалі ў 1390—1517). Пры М. у 13—14 ст. рэарганізавана сістэма кіравання, палепшана якасць штучнага арашэння, пачаўся ўздым культуры і інш. У 2-й пал. 13 ст. М. разбілі манголаў, ліквідавалі апошнія заваёвы крыжакоў у Палесціне і Сірыі. У 1517 дзяржаву М. заваявалі туркі і ўключылі ў склад Асманскай імперыі, але іх улада была намінальнай. У час аслаблення Асманскай імперыі (канец 17 — пач. 18 ст.) М. фактычна аднавілі сваю ўладу ў Егіпце. Канчаткова панаванне М. ліквідавана ў пач. 19 ст. егіп. пашой Мухамедам Алі.

Літ.:

История стран зарубежной Азии в средние века. Гл. 23. М., 1970;

Семенова Л.А. Салахад-дин и мамлюки в Египте. М., 1966.

т. 10, с. 54

МАМО́НІЧАЎ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў канцы 16 — пач. 17 ст. ў Вільні. Засн. ў 1574 П.​Мсціслаўцам на сродкі Мамонічаў. У ёй выдадзены «Часоўнік» (1574—76), «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). З-за канфлікту паміж Мсціслаўцам і Мамонічамі, якія імкнуліся поўнасцю ўзяць кнігадрукаванне ў свае рукі, у 1576 дзейнасць друкарні прыпынілася. Адноўлена ў 1583 К. і Л. Мамонічамі, мела фін. падтрымку правасл. шляхціцаў Зарэцкіх. Пры падтрымцы канцлера ВКЛ Л.​Сапегі ў 1586 і 1593 Мамонічы атрымалі прывілеі, што дало часовае манапольнае права на выданне кніг на бел. і царк.-слав. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў віленскі друкар В.​Гарабурда. М.д. ўлічвала запатрабаванні і культ. традыцыі розных пластоў насельніцтва. У 16 ст. выдавала л-ру для правасл. брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства, для кніжнага ўзаемаабмену з Украінай, Рус. дзяржавай, Польшчай. У ёй надрукаваны багаслоўскія і літургічныя выданні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы, падручнікі, у т. л. «Граматыка славянская» (1586), «Дыялектыка» І.​Спангенберга (каля 1586), «Буквар» (1590-я г., 1618, 1621). Была адзінай бел. друкарняй, якая выпускала зб-кі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 (на бел. мове; 1614, на польск. мове), «Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага» (1586), канстытуцыі «вальных» сеймаў, шэраг палемічных твораў у абарону уніі, напісаных І.​Пацеем. Да 1623 М.д. выпусціла каля 50 кірылічных і 35 выданняў на польск. мове. Кнігі адметныя высокім паліграф. і мастацка-арнаментальным афармленнем. Тут упершыню выкарыстаны зробленыя Грынем Івановічам курсіўныя шрыфты, што ўзнаўлялі графіку канцылярскага пісьма. Выкарыстоўваліся свецкія гравюры (партрэты Жыгімонта III Вазы, Сапегі; сейм Рэчы Паспалітай, гербы і інш.). Пасля 1624 друкарскія матэрыялы М.д. часткова перайшлі ва ўласнасць Віленскай базыльянскай друкарні.

Літ.:

Зернова А.С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII в.) // Книга: Исслед. и материалы. М., 1959. Сб. 1;

Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 54—79;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 10, с. 54