МАМЕ́ДАЎ (Мехты Асадула аглы) (22.5.1918—1985),

азербайджанскі рэжысёр. Нар. арт. Азербайджана (1958). Нар. арт. СССР (1974). Д-р мастацтвазнаўства. Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1941). З 1945 працаваў (з перапынкамі) у Азербайджанскім т-ры імя М.​Азізбекава (у 1960—63 гал. рэжысёр), у 1956—60 гал. рэжысёр Азербайджанскага т-ра оперы і балета імя М.​Ахундава (абодва ў Баку). З 1960 праф. Азербайджанскага тэатр. ін-та. У пастаноўках імкнуўся дасягнуць жыццепераканаўчай і паэт. атмасферы спектакля. Паставіў: у драм. т-рах — «Мадрыд» М.​Ібрагімава, «Вагіф» С.​Вургуна, «Яшар» Дж.​Джабарлы, «На далёкіх берагах» І.​Касумава і Г.​Сеідбейлі, «Хаям» Г.​Джавіда, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Жывы труп» Л.​Талстога і інш.; у т-ры оперы і балета — «Севіль» Ф.​Амірава, «Азад» Дж.​Джангірава, «Кёр-аглы» У.​Гаджыбекава, «Тоска» Дж.​Пучыні і інш. Аўтар шэрагу тэатразнаўчых работ.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)