Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІ́ХВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ,

тое, што александрыйскае міжледавікоўе.

т. 9, с. 321

ЛІХВЯ́РСКІ КАПІТА́Л,

першая гіст. форма капіталу. Прыносіў яго ўладальніку даход у выглядзе працэнта. Уласцівы дакапіталіст. спосабу вытв-сці, папярэднік пазыковага капіталу. Ліхвяры спаганялі за грашовыя пазыкі вял. працэнты, даводзячы дробных вытворцаў да галечы.

т. 9, с. 321

ЛІХВЯ́РСТВА,

дача ў пазыку грошай, рэчаў, с.-г. прадуктаў і да т. п. на кабальных умовах за выплату высокіх працэнтаў. Як правіла, такія пазыкі выкарыстоўваліся не як капітал, а ў якасці пакупнога і плацежнага сродкаў. Зарадзілася ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і пазней назіралася ў самых розных грамадска-эканам. фармацыях. З часоў Стараж. Рыма Л. развівалася разам з водкупам — зборам арэнднай платы, падаткаў і г. д. Характэрным для Л. быў выключна высокі працэнт па пазыках. Яго ўзровень вагаўся ў вельмі шырокіх межах — ад некалькіх дзесяткаў да соцень працэнтаў гадавых. Ліхвярскі капітал адбіраў ў пазычальніка амаль увесь прыбавачны прадукт і таму ён не мог сістэматычна выкарыстоўвацца для мэт капіталіст. ўзнаўлення. З развіццём капіталізму, стварэннем крэдытнай справы, узнікненнем банкаў і пазыковага капіталу асновы Л. былі падарваны. Аднак у наш час у некаторых краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі з-за недастатковага развіцця ўнутр. рынку і таварна-грашовых адносін, слабасці крэдытнай сістэмы існуюць умовы для захавання Л. Яно служыць асновай фін. закабалення і эксплуатацыі мясц. гандлярамі і багацеямі бядняцкіх слаёў насельніцтва. У індустрыяльна развітых краінах ліхвярскія аперацыі забаронены законам, таму ажыццяўляюцца нелегальна. На Беларусі Л. было найбольш пашырана ў эпоху феадалізму. Так, у Статуце Вял. кн. Літоўскага 1588 змешчана прававая норма (раздз. 3, арт. 24) аб адказнасці шляхты, якая пакінула свае маёнткі, каб пераехаць у горад для заняткаў Л.

Г.А.Маслыка.

т. 9, с. 321

ЛІХЕНАІНДЫКА́ЦЫЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + лац. indico указваю, вызначаю),

метад ацэнкі забруджанасці навакольнага асяроддзя з выкарыстаннем лішайнікаў як найб. адчувальных індыкатарных раслін. Адрозніваюць колькасную (з дапамогай матэм. індэксаў), якасную (параўнанне пашырэння відаў з паказчыкамі забруджанасці) і ўскосную (па стане жыццядзейнасці) індыкацыю. Па паказчыках Л. выяўляецца: стан прыродных і культурных ландшафтаў, узрост і захаванасць першаснага лесу, кіслотнасць глеб, сан.-гігіенічны стан паветра населеных пунктаў і прамысл. цэнтраў, узрост валуноў і стараж. збудаванняў, геал. ўмовы мясцовасці і інш. На Беларусі Л. выкарыстоўваецца пры даследаванні забруджанасці атмасферы двухвокісам серы, экалагічнай экспертызе населеных пунктаў, ланд шафтна-экалагічных даследаваннях раслінных комплексаў.

Літ.:

Горбач Н.В. Об индикационной роли лишайников в лесных сообществах // Геоботанические исследования. Мн., 1966;

Биоиндикация и биомониторинг. М., 1991.

У.У.Галубкоў.

т. 9, с. 321

ЛІХЕНАЛО́ГІЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + ... логія),

навука пра лішайнікі; раздзел батанікі. Вывучае відавую разнастайнасць лішайнікаў (сістэматыка), іх будову (марфалогія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), роднасныя сувязі (філагенія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), геагр. пашырэнне і гасп. значэнне. Звязана з экалогіяй, медыцынай, прам-сцю. Першыя звесткі пра лішайнікі трапляюцца ў Тэафраста (4—3 ст. да н. э.). Заснавальнік Л. — Э.Ахарыус. На Беларусі першыя апісанні лішайнікаў зроблены С.Б.Юндзілам і Ф.Блонскім у 19 ст. Планамерна вывучаць ліхенафлору пачалі з 1930-х г. у АН Беларусі і БДУ пад кіраўніцтвам М.П.Таміна, які сабраў багаты гербарны матэрыял, выдаў вызначальнікі лішайнікаў Беларусі (1936—38). Даследаванні па Л. (пераважна фларыстычныя і фітацэнатычныя) вядуцца ў Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (У.У.Галубкоў, Н.М.Кобзар). Даследуюцца антрапагенныя змены ліхенафлоры і груповак лішайнікаў, вядуцца работы па ліхенаіндыкацыі стану навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Горбач Н.В. Лихенологические исследования в Белоруссии и перспективы их развития // Экология и биология низших растений: Тез. докл. Мн., 1982;

Техногенное загрязнение лесных экосистем Беларуси. Мн., 1995.

У.У.Галубкоў.

т. 9, с. 321

ЛІ́ХНІС,

кветкавая расліна, тое, што зорка.

т. 9, с. 322

ЛІХТА́Р (ад ням. Licht святло) у архітэктуры, 1) круглая або шматгранная ў сячэнні надбудова-барабан (з вял. аконнымі праёмамі) над дахам, купалам ці інш. пакрыццём.

2) Зашклёны выступ у сцяне будынка на вышыню 1, 2 і больш паверхаў; тое, што эркер.

3) Зашклёная частка дахавага пакрыцця, прызначаная для натур. верхняга асвятлення памяшканняў. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока і класіцызму.

Адыгрывалі ролю аднаго з гал. элементаў кампазіцыі ў завяршэнні бельведэра, барабана, купала. Звычайна завяршаліся скульптурай, крыжам, шпілем ці інш. дэкар. формай. У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюцца ў прамысл. і інш. збудаваннях (залах выставак, музеях, гандл. збудаваннях, будынках ВНУ) для асвятлення памяшканняў і натуральнай вентыляцыі.

А.М.Кулагін.

Ліхтар касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна.

т. 9, с. 322

ЛІ́ХТЭНБЕРГ ((Lichtenberg) Байран) (н. 9.2.1936),

касманаўт ЗША. Скончыў Масачусецкі ун-т (1958). Здзейсніў 2 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК) «Спейс шатл»; 28.11. — 8.12.1983 на КК «Калумбія», 24.3—2.4.1992 на КК «Атлантыс». У космасе правёў 19,25 сут.

т. 9, с. 322

ЛІ́ХТЭНШТЭЙН (Liechtenstein),

Княства Ліхтэнштэйн (Fürstentum Liechtenstein), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, паміж Швейцарыяй і Аўстрыяй. Падзяляецца на 2 акругі (11 камун). Пл. 157 км2. Нас. 31,4 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Вадуц. Афіц. мова — нямецкая. Нац. свята — Дзень нараджэння бацькі правячага князя (15 жн.).

Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1921. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — ландтагу, 25 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць князю і створанаму пры ім ураду, які складаецца з 5 асоб.

Прырода. Л. знаходзіцца ў Альпах у бас. Верх. Рэйна. На ПдУ — масіў Рэтыкон (г. Граўшпіц, выш. 2599 м), на 3 — даліна р. Рэйн. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. ў даліне Рэйна ад 0 °C да -5 °C, ліп. каля 18 °C. Ападкаў каля 700—1200 мм за год. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Каля 20% тэрыторыі пад лесам (елка, дуб, бук), каля 40% — пад альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. 87,5% складаюць ліхтэнштэйнцы — народ блізкі да суседніх груп аўстрыйцаў, швейцарцаў і немцаў. Жывуць таксама швейцарцы, аўстрыйцы, італьянцы, туркі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 80%. Сярэднегадавы прырост 1%. Сярэдняя шчыльнасць 200 чал. на 1 км2, большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне Рэйна. У гарадах і гар. пасёлках жыве больш за 80% насельніцтва, у т. л. ў Вадуцы 5,1 тыс. ж. (1997). У прам-сці, гандлі і буд-ве занята 45% працаздольных, у сельскай і лясной гаспадарцы, садоўніцтве і рыбалоўстве — 2%, у абслуговых галінах — 53%. Больш за 6 тыс. чал. штодзённа прыязджаюць на працу ў Л. з Швейцарыі і Аўстрыі.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. Л. насялялі кельты, у 15 ст. да н.э. яе заваявалі рымляне, якіх у 3 ст. н.э. выцеснілі адсюль алеманы (швабы). У 12 ст. тут узнікла феад. ўладанне Шэленберг, у 14 ст. — графства Вадуц, што ўвайшлі ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі», потым сталі пратэктаратам імперыі Габсбургаў. У 1699 Шэленберг, у 1712 Вадуц прададзены аднаму з прыбліжаных аўстр. імператара з роду Ліхтэнштэйн. Датай утварэння дзяржавы лічыцца 15.8.1719, калі аб’яднаныя Шэленберг і Вадуц атрымалі статус княства. З 1806 Л. у складзе Рэйнскага саюза, у 1815—66 у Герм. саюзе. У 1868 урад распусціў армію (80 чал.) і абвясціў пастаянны нейтралітэт (захоўваўся і ў час 1-й і 2-й сусв. войнаў). У 1876—1918 Л. эканамічна цесна звязаны з Аўстра-Венгрыяй (агульная мытная і падатковая прастора). 5.10.1921 прынята сучасная канстытуцыя. З 1923 у эканам. і валютным саюзе з Швейцарыяй. У 1950—60-я г. актывізавалася прамысл. развіццё. З 1989 (фактычна з 1984) князь Л. — Ганс Адам II. На плебісцыце 1992 большасць выбаршчыкаў выказалася за ўступленне Л. ў еўрап. эканам. прастору. Дзейнічаюць партыя Айч. саюз, Прагрэс. грамадз. (бюргерская) партыя, экалагічная партыя Свабодны спіс (усе 3 партыі прадстаўлены ў парламенце), прафс. аб’яднанне Саюз працоўных і інш. Л.чл. Савета Еўропы (з 1978), ААН (з 1990), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Гаспадарка. Л.індустр. краіна, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. — 23 тыс. дол. (1996). Найб. развіта прам-сць экспартнага кірунку. Прамысл. прадпрыемствы — пераважна філіялы швейц. фірм. Вытв-сць электраэнергіі 150 млн. кВт гадз (1997), у асн. на ГЭС. Развіта разнастайнае машынабудаванне (​2прамысл. прадукцыі), у т.л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае прыладабудаванне, вытв-сць кацельнага абсталявання, штампаваных дэталей, высокатэхнал. металаапрацоўка, вытв-сць вакуумнай тэхнікі, электронных сістэм, мікрапрацэсараў. Ёсць асобныя прадпрыемствы тэкст., хім., фармацэўтычнай, гарбарнай, керамічнай, металаапр., дрэваапр. прам-сці. Сусветна вядомы выраб фарфоравых зубных пратэзаў. Найб. прадпрыемствы: прэсавых і штампаваных вырабаў (Эшэн), выліч. машын (Маўрэн), маш.-буд. з-ды (Бальцэрс, Шан, Вадуц). Ёсць вытв-сць фарбаў, лакаў і бялізны. Развіты вінаробства, піваварэнне, сыраробства. Здаўна развіта вытв-сць кафляных плітак і маст. керамікі (Нендэльн). У сельскай гаспадарцы пераважае дробнасялянскае землеўладанне (да 4—5 га). Пад ворывам каля 4 тыс. га, пад пашай каля 6,3 тыс. га. Гал. галіна — жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Земляробства пераважна ў даліне Рэйна. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, тытунь, кармавыя культуры, агародніну. Пладаводства і вінаградарства. Пчалярства. Многія сяляне сумяшчаюць заняткі сельскай гаспадаркай з працай у прам-сці і абслугоўваннем турыстаў. У сувязі з нізкім падаткам на капітал і адсутнасцю падатку на прыбытак Л. выбраны месцам рэгістрацыі больш як 40 тыс. замежных кампаній. Яны даюць трэць паступленняў у бюджэт краіны. Важнымі крыніцамі даходаў з’яўляюцца банкаўская і фін. справа, замежны турызм (86 тыс. чал. у 1995), санаторныя паслугі і выпуск паштовых марак. Асн. від транспарту — аўтамабільны. У краіне 250 км асфальтаваных аўтадарог, 14,8 тыс. легкавых і 1,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. Тэр. Л. перасякае чыг. Вена—Парыж (18,5 км на тэр. краіны). У 1994 экспарт склаў 2,14 млрд. дол., імпарт — 852 млн. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, трансп. сродкі, сыравіна. Асн. знешнегандл. партнёр — Швейцарыя, з якой Л. у грашовай і мытнай уніі (15% экспарту, больш за 75% імпарту). Больш за 40% экспарту ідзе ў краіны Еўропы. Грашовая адзінка — швейцарскі франк.

Літ.:

Печников Б.А. Лихтенштейн — княжество на Рейне. М., 1986.

Ю.В.Бярэзіна (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Ліхтэнштэйна.
Тыповы ландшафт у Ліхтэнштэйне.

т. 9, с. 322

ЛІ́ХТЭР (галанд. lichter літар. аблягчальнік),

грузавое несамаходнае судна тыпу баржы. Выкарыстоўваецца для перавозкі грузаў з дапамогай буксірных суднаў, а таксама для беспрычальнай (на рэйдзе) пагрузкі-разгрузкі глыбокасядзячых суднаў, якія не могуць увайсці ў порт або стаць да прычала. Самі Л. перавозяцца ліхтэравозамі.

т. 9, с. 323