Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛІТАРА́ЛЬ (ад лац. litoralis берагавы, прыбярэжны),

літаральная зона, зона марскога дна, якая затапляецца ў час прыліву і асушаецца пры адліве. Шырыня Л. ад некалькіх метраў да некалькіх кіламетраў (залежыць ад нахілу дна і амплітуды прыліўна-адліўных ваганняў). Часам у Л. уключаюць супралітараль і сублітараль. Л. на азёрах — прыбярэжная частка вадаёма, якая знаходзіцца пад уздзеяннем ветравых хваль, часам Л. лічаць падводную акумуляцыйную тэрасу ці спадзістую берагавую водмель, занятую доннай расліннасцю. Для Л. характэрны спецыфічны раслінны і жывёльны свет, прыстасаваны да перыяд. асушэння дна, багацця святла, інтэнсіўных рухаў вады (прыбой, хваляванні, цячэнні), рэзкіх сезонных і сутачных ваганняў т-ры і салёнасці вады. У Л. выяўлены карысныя выкапні (гл. Літаральныя адклады). Зона Л. вызначаецца багаццем фауны і флоры, асабліва ў трапічных морах. У вадаёмах Беларусі літаральная зона распасціраецца да глыбіні 2 м, зарастае воднай расліннасцю, трыснягом і чаротам, служыць месцам нерасту і кармлення рыб.

т. 9, с. 293

ЛІТАРА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

адклады прыліўна-адліўнай зоны мора або акіяна (літаралі). Прадстаўлены сучаснымі асадкамі і асадкавымі горнымі пародамі, якія складзены з абломкавых (валуны, галька, друз, жвір, жарства, кангламераты, галечнікі, пяскі, пясчанікі), карбанатных (біягенныя, пелетавыя, аалітавыя, страматалітавыя, мікразярністыя вапнякі) і карбанатна-абломкавых намнажэнняў, а таксама з арган. рэшткаў. Для ўчасткаў літаралі, якія адкрыты акіянскім хвалям, характэрны буйна- і сярэднеабломкавыя асадкі (вял. колькасць валуноў, галечнікі, пяскі); дзе бераг абрывісты і размываецца, з прадуктаў яго разбурэння на дне фарміруюцца брэкчыі і абвальныя намнажэнні; дзе адсутнічае моцнае хваляванне, адкладваюцца пераважна тонказярністыя асадкі алеўрытавыя і гліністыя (напр., у бухтах і залівах далёкаўсходніх і паўн. мораў).

На ўчастках літаралі — ватах адклады прадстаўлены дробназярністымі пяскамі, алеўрытамі і глінамі, якія пераслойваюцца (слаістасць няправільная, лінзападобная). На найб. аддаленай ад мора ч. літаралі фарміруецца паласа салёных азёр (маршаў), у якіх тонкія глеістыя асадкі чаргуюцца з праслоямі торфу і глебамі. У межах трапічных і субтрапічных гумідных зон Л.а. прадстаўлены карбанатнымі асадкамі (пародамі); тут трапляюцца карбанатныя камячкі (пелеты), ааліты, абломкі ракавінак, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, абломкі кальцыту пясчанай размернасці і мікразярністыя асадкі (мікрыты). У Л.а. часта трапляюцца водарасцевыя страматаліты (напр., хвалістыя шкарлупіны, калоніі) і водарасцевыя лямцы з тонкай слаістасцю (пераважна сіне-зялёныя водарасці). Найб. характэрныя прыкметы карбанатных адкладаў літаральнай зоны — наяўнасць трэшчын усыхання і порыстых сістэм няправільнай формы, паралельных напластаванню; тэкстуры «птушынага вока», калі ў аднароднай мікразярністай масе вылучаюцца асобныя буйныя крышталі кальцыту. Стараж. Л.а. фарміраваліся пры перамяшчэнні берагавых ліній. У час марскіх трансгрэсій Л.а. захоўваліся пад інш. тыпамі марскіх і акіянічных адкладаў. Добра захоўваюцца ў разрэзах і залягаюць на рэзка размытай паверхні больш стараж. парод рознага паходжання. Л.а. багатыя карыснымі выкапнямі. Для зон асабліва актыўнага хвалявання характэрны россыпы цяжкіх мінералаў (рутыл, гранат, ільменіт, касітэрыт і інш.). У адкладах адносна спакойных участкаў трапляюцца рудныя радовішчы алюмінію і жалеза. Кангламератавыя і некаторыя з аалітавых жалезных руд мелавога ўзросту (напр., у гарах Гарц) і неагенавыя жалезныя руды (напр., на п-ве Керч) з’яўляюцца асадкамі літаральнай зоны. Літаральныя галечнікі і кангламераты, пяскі і пясчанікі, біягенныя вапнякі выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял і часта змяшчаюць радовішчы нафты (напр., у Паўночным м., на Аравійскім п-ве).

На Беларусі Л.а. (страматалітавыя, пелетавыя, біягенныя вапнякі, карбанатныя брэкчыі і кангламераты) з трэшчынамі ўсыхання і інш. прыкметамі сустракаюцца ў палеазойскіх адкладах Прыпяцкага прагіну.

Літ.:

Селли Р.Ч. Древние обстановки осадконакопления: Пер. с англ. М., 1989;

Фролов В.Т. Литология. Кн. 3. М., 1995.

С.​М.​Абравец.

т. 9, с. 293

ЛІТАРАТУ́РА (лац. litteratura напісанае ад littera літара),

уся слоўная творчасць, зафіксаваная пісьмовым ці друкарскім спосабам; адзін з відаў мастацтва — мастацтва слова. У шырокім значэнні Л. — уся пісьменнасць наогул (тэхн., мед., паліт., рэліг., канцылярская, эпісталярная і інш.), у вузкім — толькі творы маст. пісьменнасці. Л. вылучаецца ў сістэме маст. культуры асаблівымі магчымасцямі глыбокага і рознабаковага адлюстравання жыцця і моцнага ўздзеяння на яго, а таксама асаблівай грамадскай значнасцю суб’екта творчасці.

Тэрмін «Л.» з’явіўся ў 18 ст., раней ужываліся «паэзія», «паэтычнае мастацтва», «прыгожая славеснасць», «славеснасць». Са старажытнасці Л. развівалася пераважна як сродак перадачы інфармацыі, сцвярджэння рэліг., пазнавальных, маральна-асветніцкіх ідэй і была непарыўна звязана з грамадскай думкай, гістарыяграфіяй (летапісаннем), прапаведніцкай, школьнай справай, фальклорам. Камунікатыўна-ўжытковай функцыі Л. не страціла да 19 ст. З часоў свайго вуснага развіцця (гл. Народная паэтычная творчасць) Л. выпрацоўвала сваю асн. функцыю — эстэтычную, г.зн. імкнулася выхоўваць у чытача (слухача) пачуццё прыгожага. Эстэт. функцыя мацавалася па меры таго, як стабілізавалася пісьмовая форма твора (асабліва з развіццём кнігадрукавання), і на мяжы 18—19 ст. набыла сваю самакаштоўнасць. У працэсе развіцця Л. фарміравала свае тыпы творчасці (паэзія і проза), роды (эпас, лірыка, драма) і жанры, выяўлялася ў стылях: рэнесанс (гл. Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм.

Літ. спадчына стараж. цывілізацый (Егіпта, Кітая, Індыі, Грэцыі, Рыма і інш.) з’яўляецца своеасаблівым фундаментам сусв. Л. Сусветная Л. складаецца з нацыянальных (рэгіянальных) Л. Нацыянальная Л. ствараецца на пэўнай мове ці ў пэўных дзярж. межах і адрозніваецца сваім зместам, асаблівасцямі гіст. развіцця, спецыфічным стылявым абліччам, абумоўленым ментальнасцю нацыі. Узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне літаратур адбываецца дзякуючы перакладам, а таксама літаратуразнаўству, якое тлумачыць маст. працэсы і з’явы і такім чынам спрыяе іх папулярызацыі. Бягучы літаратурны працэс асвятляе літаратурная крытыка.

Пра гісторыю нац. л-р гл. раздзелы Літаратура ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. Л. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Аристотель. Об искусстве поэзии: Пер. с греч. М., 1957;

Белинский В.Г. Общее значение слова «литература» // Полн. собр. соч. М., 1954. Т. 5;

Бахтин М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 9, с. 293

ЛІТАРАТУРАЗНА́ЎСТВА,

навука пра паходжанне, сутнасць і грамадскія сувязі маст. літаратуры, спецыфіку літаратурнай творчасці і заканамернасці гісторыка-літаратурных працэсаў. Складаецца з трох асн. раздзелаў: метадалогіі і тэорыі л-ры, гісторыі л-ры, літ. крытыкі.

Метадалогія выпрацоўвае метады і агульныя прынцыпы вывучэння маст. л-ры. Тэорыя Л. даследуе сац. прыроду, вобразна-эстэт. сутнасць, спецыфіку л-ры, прыроду жанравых форм і іх адметнасць, законы літ.-маст. творчасці, агульныя і спецыфічныя заканамернасці станаўлення л-ры, асаблівасці маст. метадаў, плыняў і кірункаў. Гісторыя вывучае л-ру як працэс у канкрэтных яго праявах, важнейшых тэндэнцыях і заканамернасцях, апасродкавана звязаных і абумоўленых заканамернасцямі грамадскага развіцця, даследуе ўзнікненне, змены і развіццё літ. кірункаў, плыняў, станаўленне творчых метадаў і маст. стыляў, вызначае месца пісьменніка і асобных твораў у літаратурным працэсе. Літаратурная крытыка асвятляе бягучы літ. працэс, ацэньвае і тлумачыць літ. творы і адлюстраваныя ў іх з’явы ў святле ідэйна-эстэт. ідэалаў эпохі, арыентуе чытача, накіроўвае яго інтарэсы, вызначае шляхі развіцця л-ры. Л. выкарыстоўвае дасягненні інш. гуманітарных навук, з якімі цесна звязана, — філасофіі, эстэтыкі, сацыялогіі, гісторыі, псіхалогіі, мовазнаўства; уключае такія дысцыпліны, як тэксталогія, тэорыя і практыка выдавецкай (эдыцыйнай) справы, гістарыяграфія, бібліяграфія, архівазнаўства, літ. крыніцазнаўства, краязнаўства, палеаграфія і інш. Некаторыя з дапаможных дысцыплін афармляюцца ў самаст. галіны (напр., тэксталогія).

Асновы вучэння пра маст. л-ру распрацавалі стараж.-грэч. філосафы. Найб. ролю адыграў Арыстоцель, працы якога на доўгі час вызначылі праблематыку і кірунак развіцця Л.; яго ідэямі жывіліся трактаты пра л-ру ў Стараж. Рыме, у эпоху Адраджэння і нават у перыяд класіцызму (Н.​Буало). У 18 — пач. 19 ст. на развіццё Л. моцна паўплывалі тэарэт. працы Д.​Дзідро, Г.​Лесінга, І.​В.​Гётэ і інш. пісьменнікаў і філосафаў эпохі Асветніцтва, якія цікавіліся пытаннямі спецыфікі маст. л-ры, яе суадносінамі з інш. відамі мастацтва, ідэямі рэалізму і гістарызму. У абгрунтаванні гіст. погляду на л-ру шмат зрабіў ням. філосаф Г.​Гегель («Лекцыі па эстэтыцы»). У Расіі ў 19 ст. тлумачэнне праблем і катэгорый эстэтыкі і тэорыі л-ры далі В.​Бялінскі, М.​Чарнышэўскі, М.​Дабралюбаў і інш. У 19 і 20 ст. побач з рэв. -дэмакр. развіваюцца такія кірункі Л., як міфалагічная шкала (В. і Я.​Грым, А.​М.​Афанасьеў), кампаратывізм, або параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства (Т.​Бенфей, А.​М.​Весялоўскі), культурна-гістарычная школа (І.​Тэн, А.​М.​Пыпін), псіхалагічная школа (А.​А.​Патабня), пазней — фрэйдызм, інтуітывізм, экзістэнцыялізм і інш. плыні. Сучаснае зах. Л. ўяўляе сабой адзіны комплекс усіх найб. значных даследчых метадалогій розных краін. Гісторыю літ. крытыкі можна разглядаць як гісторыю эвалюцыі і барацьбы школ. У 1-й трэці 20 ст. вызначальнай была барацьба паміж «новымі гуманістамі» і прадстаўнікамі радыкальна-дэмакр. кірункаў (марксісцкая крытыка і псіхааналітыкі). З канца 1930-х г. адзначаны ўзлёт «новай крытыкі». З сярэдзіны 1940-х г. у Англіі і ЗША стала папулярнай міфалагічная крытыка. У аснове рытуальна-міфалагічнага кірунку — праца прадстаўніка англ. антрапал. школы Дж.​Фрэйзера «Залатая галіна» (т. 1—2, 1890). З сярэдзіны 20 ст. значную ролю адыгрывае франц. структуралізм. У Л. Англіі і ЗША ён выявіўся ў 1960-я г. ў выглядзе постструктуралізму (Іельская школа Ж.​Дэрыды). У Англіі ідэі кантынентальных структуралістаў (Р.​Барта) выкарыстоўваў Ф.​Кермаўд. У 1960—70-я г. ў ЗША на аснове тэорый знака, сімвала і метафары развівалася семантычная крытыка, якая цікавілася ў асн. тэкстам; яна была блізкая да «новай крытыкі» і структуралізму. Расчараванне ў тэкстуальных і глыбінна-псіхал. метадах спрыяла адраджэнню ў апошнія дзесяцігоддзі традыц. падыходаў — культ.-гіст., сацыялагічнага. У 1980-я г. заявілі пра сваю гуманістычную арыентацыю фенаменалагічныя і рэцэптыўныя крытыкі. Частка зах. Л. адкрыта арыентуецца на займальнасць, што відавочна нават у працах буйнейшых літ.-знаўцаў (Н.​Фрая, К.​Леві-Строса, Дэрыды).

Спробы навукова-крытычнага асэнсавання бел. л-ры можна бачыць у помніках стараж. пісьменнасці, у прадмовах і пасляслоўях Ф.​Скарыны, у «Песні пра зубра» (1522) Міколы Гусоўскага, у падручніках «Грамматика словенская» (1593) Л.​Зізанія, «Грамматика» (1619) М.​Сматрыцкага, у творах Сімяона Полацкага, школьных піітыках і рыторыках 18 ст. і інш. Больш змястоўныя гісторыка-літ. ацэнкі твораў бел. пісьменнасці склаліся ў 19 ст. У дадатку да 1-й часткі працы В.​Сопікава «Спроба расійскай бібліяграфіі» (1813) грунтоўна разгледжана Біблія Скарыны, у 1816 у Варшаве на польск. мове выдадзена кн. С.​Б.​Ліндэ «Аб Статуце літоўскім...», дзе аналізаваліся розныя рэдакцыі помніка, характарызавалася мова, якую аўтар называў беларускай. Агляд новай бел. л-ры дадзены ва ўступным арт. Р.​Друцкага-Падбярэскага да т. 1 кнігі Я.​Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...» (т. 1—4, Пб., 1844—46). У артыкулах Л.​Кавеліна «Помнікі беларускай пісьменнасці» (1845) упершыню прыведзены тэкст бел. ананімнай паэмы «Энеіда навыварат», гаварылася пра І.​Манькоўскага, ахарактарызавана жыццё і творчасць Баршчэўскага. У 2-й пал. 19 ст. выйшлі працы па стараж. бел. л-ры, мове, гісторыі асветы, грамадскай думкі: «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» П.​Шпілеўскага (1853—56), артыкулы «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» Дабралюбава (1860), «Некалькі слоў пра беларускую народную паэзію і беларускіх паэтаў» (1866, крыптанім Г. Г.), даследаванне А.​Г.​Кіркора «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў» (1874) з нарысам гісторыі бел. л-ры, «Гісторыя славянскіх літаратур» А.​Пыпіна і У.​Спасовіча (т. 1—2, 2-е выд., 1879—81), дзе разглядалася бел. нар. паэзія, кніга П.​Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына, яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888) і А.​Семянтоўскага «Беларускія старажытнасці» (вып. 1, 1890), праца М.​Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (1896) і яго даследаванні па творчасці В.​Цяпімскага, звесткі па гісторыі л-ры, этнаграфіі, фальклоры бел. народа, змешчаныя ў календары «Северо-Западный край».

Літ. крытыка выяўляецца ў артыкулах і рэцэнзіях У.​Сыракомлі на творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Е.​Раманава на зб. З.​Радчанкі «Гомельскія народныя песні» і інш. У пач. 20 ст. бел. л-ру даследавалі ўжо як самаст. галіну бел. культуры: працы рус. (А.​Пагодзін, С.​Руднянскі, С.​Русава), польск. (Е.​Янкоўскі, В.​Вегняровіч), чэш. (А.​Чэрны), літоўскіх (Л.​Гіра, А.​Янулайціс), укр. (А.​Русаў, І.​Свянціцкі) даследчыкаў. Грунтоўна распрацоўвалася гісторыка-літ. праблематыка ў працах Я.​Карскага, які правёў значную работу па збіранні і навук. апісанні помнікаў стараж. пісьменнасці і літ. твораў новага часу, сістэматызаваў новыя і вядомыя творы і зрабіў спробу перыядызаваць гісторыка-літ. працэс. Важную ролю ў актывізацыі вывучэння бел. л-ры адыгралі газ. «Наша ніва» (1906—15), час. «Маладая Беларусь» (1912—13) і «Лучынка» (1914), дзе друкаваліся артыкулы С.​Палуяна, М.​Багдановіча, Я.​Купалы, М.​Янчука, А.​Бульбы, М.​Гарэцкага, Л.​Гмырака, У.​Самойлы, А.​Луцкевіча, В.​Ластоўскага і інш., намаганнямі якіх бел. крытыка стала дзейсным фактарам літ. працэсу на ніве нац. адраджэння. У праграмных артыкулах «Наш тэатр» (1913), «Развагі і думкі» (1914) Гарэцкі сфармуляваў найважнейшыя прынцыпы рэаліст. мастацтва, вызначыў найб. плённы кірунак развіцця бел. прозы, паэзіі і драматургіі, даў азначэнне родавай сутнасці крытыкі як формы самаўсведамлення л-ры, метадалогіі Л. Узоры навук. вывучэння шляхоў развіцця бел. л-ры даў Багдановіч («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI ст.», «За сто гадоў», «Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры» і інш.). Ён абгрунтаваў ідэю самастойнасці бел. нац. л-ры, сцвердзіў перспектыўнасць вывучэння л-ры ў яе гіст. развіцці, удакладніў перыядызацыю літ. працэсу, прааналізаваў стараж., новую і навейшую л-ру, даў ацэнку творчасці пісьменнікаў 19 і пач. 20 ст. У літ.-знаўчых працах ён прытрымліваўся метадалаг. прынцыпаў культ.-гіст. школы, але ўзбагачаў іх вопытам развіцця бел. прыгожага пісьменства. У першыя паслярэв. гады ў сувязі з ускладненнем грамадска-паліт. абставін бел. Л. не мела магчымасці паспяхова развівацца. Аднак літ. крытыка і публіцыстыка ў перыяд. друку вызначаліся высокай актыўнасцю і былі дзейснымі фактарамі адраджэння нац. культуры і выхавання нац. свядомасці беларусаў (газ. «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда», «Крыніца», «Беларускі шлях», «Дзянніца», «Беларуская думка», «Беларускае жыццё», «Минский курьер», «Звон», «Беларусь», «Савецкая Беларусь», час. «Рунь», «Вольны сцяг» і інш.). На пачатку 1920-х г. пытанні гісторыі л-ры і грамадскай думкі часам разглядаліся як частка беларусазнаўства. На працягу 1920-х г. ц.-д. і каардынацыйным цэнтрам у галіне бел. Л. быў Інбелкульт. Поспехі ў распрацоўцы пытанняў бел. Л. звязаны з навук. дзейнасцю Гарэцкага, Янчука, І.​Замоціна, Я.​Барычэўскага, А.​Вазнясенскага.

У «Гісторыі беларускае літаратуры» Гарэцкага, «Нарысах беларускай літаратуры» (пад рэд. Янчука, абодва 1920) і «Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд» (1922) Янчука, працах «Беларуская драматургія» і «М.​А.​Багдановіч» (абедзве 1927) Замоціна, «Паэмы Янкі Купалы» (1927) і «Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа» (1928—29) Вазнясенскага, кн. «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), літ.-крытычных артыкулах З.​Жылуновіча, У.​Дубоўкі, А.​Бабарэкі, Я.​Пушчы, М.​Піятуховіча, С.​Замбржыцкага і інш. сістэматызаваны багаты фактычны матэрыял і на яго аснове зроблена спроба навук. перыядызацыі літ. працэсу, выяўлены пэўныя заканамернасці развіцця бел. л-ры.

У «Гісторыі...» Гарэцкага разгледжана развіццё л-ры ад старажытнасці да пач. 1920-х г., ахарактарызаваны літ. помнікі, творы новай і найноўшай л-ры, раскрыта ідэйная барацьба, станаўленне літ. плыняў і кірункаў, вызначана месца вядучых пісьменнікаў у літ. працэсе. У працах Янчука выяўлена сувязь л-ры з гісторыяй народа, з нац.-вызв. рухам, недаацэньваўся ідэйны пафас грамадз. лірыкі Цёткі, Я.​Купалы, Я.​Коласа. Грунтоўную і аб’ектыўную ацэнку спадчыны Багдановіча, драматургіі Я.​Купалы і Ц.​Гартнага, ліра-эпічных твораў Я.​Коласа даў Замоцін. Прыкметнай з’явай у вывучэнні гісторыі бел. л-ры былі яго спробы стварыць самаст. кірунак даследавання (тэорыя чатырох сінтэзаў — генетычнага, фармальна-мастацкага, сацыялагічнага, ідэалагічнага). Ён выступаў супраць фрэйдысцкіх, інтуітывісцкіх канцэпцый, фармаліст. трактовак мастацтва і суб’ектыўна-ідэаліст. прынцыпаў яго вывучэння. У «Нарысах гісторыі беларускай літаратуры» Піятуховіча (1928) творчасць пісьменнікаў і літ.ідэалаг. плыні 19 — пач. 20 ст. разглядаліся з сацыялагізатарскіх пазіцый. У аснову перыядызацыі л-ры ён паклаў этапы эканам. развіцця. Спрошчана разумеючы ўзаемасувязь грамадз. гісторыі і л-ры, ён выводзіў узровень слоўнага мастацтва непасрэдна з узроўню эканомікі, таму не здолеў аб’ектыўна ацаніць творчасць Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Багдановіча, Цёткі. Аб’ектам вывучэння Вазнясенскага былі творы Багдановіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, чыя спадчына тады цалкам закрэслівалася вульгарызатарамі раппаўскай арыентацыі. Актыўна выкарыстоўваючы прынцыпы даследавання, уласцівыя фармальнай школе, ён паставіў складаныя тэарэтыка-метадалаг. праблемы — нац. спецыфікі л-ры, літ. уплываў і запазычанняў, метаду даследавання л-ры і крытыкаваў метадалаг. хібы культ.-гіст. школ за недаацэнку эстэт. прыроды мастацтва. Пры ўсіх заганах, якія меліся ў працах прыхільнікаў марфалагічнага метаду (недастатковая ўвага да праблемы сувязі л-ры з рэчаіснасцю, абсалютызацыя кампазіцыі твора), вывучэнне элементаў структуры, аналіз маст. формы заставаліся важнымі для бел. Л. і крытыкі.

Этапнымі ў распрацоўцы пытанняў тэорыі л-ры і метадалогіі Л. былі даследаванні «Пуціны беларускай літаратуры» Замоціна (1924), «Паэтыка літаратурных жанраў» і «Тэорыя санета» Барычэўскага (абодва 1927), «Паэтыка М.​Багдановіча» Вазнясенскага (1926). Як і Багдановіч, Барычэўскі арганічна спалучыў у аналізе гісторыю і тэорыю жанравых форм лірыкі, эпасу, драмы, дыдактычнай паэзіі. Гэтым ён замацоўваў плённую традыцыю адзінства гіст. і тэарэт. падыходу да мастацтва, прапаноўваў вывучаць гісторыю л-ры ў аспекце станаўлення яе жанрава-стылявых форм. Актуальныя пытанні тэарэтыка-метадалаг. характару даследаваў Гарэцкі. Напісанае ім «Назваслоўе», змешчанае ў яго «Гісторыі беларускае літаратуры» (выд. 1924), — першая ў бел. Л. спроба сістэматызацыі літ. тэрмінаў і паняццяў. Зборнікамі «Якуб Колас у літаратурнай крытыцы» і «Творчасць К.​М.​Міцкевіча (Якуба Коласа)» (1926), «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы» і «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы» (1928) закладзены асновы мэтанакіраванага вывучэння творчасці старэйшых бел. майстроў слова. У канцы 1920-х г. пачалася сур’ёзная тэксталаг. праца (навук.-каменціраваны Зб. твораў у 2 т. Багдановіча, Зб. твораў Я.​Коласа, зб. вершаў А.​Гаруна «Матчын дар». Найб. значныя дасягненні бел. літ. крытыкі 1920 — пач. 1930-х г. звязаны з дзейнасцю літ. арг-цый «Маладняк», «Узвышша», «Полымя» і перыяд. выданняў, якія абгрунтоўвалі і праводзілі ў жыццё іх ідэйна-эстэт. праграму (час. «Маладняк», «Узвышша», «Полымя»). Вял. ролю ў фарміраванні бел. літ.-крытычнай думкі адыгралі газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска». «Палымянская» крытыка [Жылуновіч, Я.​Нёманскі, М.​Грамыка, У.​Чаржынскі, Я.​Марук, П.​Жарскі, А.​Лясны (А.​Мардвілка), С.​Баркоўскі і інш.] вял. ўвагу аддавала збіранню і выяўленню маладых бел. літ. сіл, з прынцыповых пазіцый ацэньвала новыя літ. творы, выступала ініцыятарам многіх літ. дыскусій. «Маладнякоўская» крытыка (М.​Каспяровіч, М.​Аляхновіч, Замбржыцкі і інш.) спрыяла разгортванню масавага літ. руху, аспрэчвала вульгарызатарскія тэзісы аб вызначальнай ролі класавага паходжання пісьменніка, абараняла сял. тэматыку. Крытыка ва «Узвышшы» змагалася за павышэнне ідэйна-эстэт. ўзроўню бел. л-ры і культуру творчасці. У распрацоўцы тэарэт. асноў бел. крытыкі, павышэнні яе прафес. ўзроўню вял. заслуга Бабарэкі, Дубоўкі, К.​Чорнага, Я.​Пушчы, Ф.​Кунцэвіча, К.​Крапівы, М.​Лужаніна, З.​Бядулі, П.​Глебкі, В.​Шашалевіча, А.​Адамовіча і інш. Крытыкі нац.-адраджэнскай арыентацыі абвяргалі нігілістычныя ўстаноўкі пралеткультаўцаў на пабудову «чыстага» пралетарскага мастацтва, даказвалі неабходнасць беражлівага стаўлення да класічнай спадчыны і развіцця лепшых нац. традыцый, змагаліся за праўдзівае асэнсаванне сац. рэчаіснасці і псіхалогіі чалавека. Развіццё бел. крытыкі ў гэты перыяд звязана з дзейнасцю БелАПП. На раннім этапе «белаппаўская» крытыка працягвала прагрэсіўныя тэндэнцыі «маладнякоўскай» навук.-тэарэт. думкі, пазней яна паўтарыла памылкі, уласцівыя РАППу (вульгарна-сацыялагічны падыход да л-ры, ваяўнічы дагматызм, голае адміністраванне, адрыў ад жыцця, адмоўныя адносіны да нерэаліст. форм творчасці і інш.). Найб. яскрава дэструктыўны пафас вульгарызатарскай, пагромнай крытыкі выявіўся ў дзейнасці Л.​Бэндэ, А.​Кучара, В.​Бухаркіна, Д.​Мірончыка, У.​Гесена, А.​Канакоціна, Л.​Якаўлева, Я.​Сякерскай, С.​Будзінскага, Е.​Гальперына, С.​Васілёнка і інш.

На пачатку 1930-х г. у развіцці бел. Л. адбыўся значны спад, абумоўлены пагаршэннем грамадска-паліт. клімату ў краіне, у т. л. пачаткам рэпрэсій сярод творчай і навук. інтэлігенцыі. У 1932—34 кіраўніцтва Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі рабіла захады па стварэнні «Гісторыі беларускай літаратуры», быў напісаны шэраг яе раздзелаў (кніга не завершана). Навук.-тэарэт. ўзровень Л. і крытыкі паніжаўся. Навук. школы, якія ўзначальвалі Замоцін, Барычэўскі, Вазнясенскі, былі ліквідаваны, іх друкаваныя выданні забаронены. У нешматлікіх гісторыка-літ. публікацыях вывучэнне л-ры падмянялася грубымі паліт. нагаворамі на пісьменнікаў, фальсіфікацыяй іх творчасці, наўмысным вышукваннем у іх творах ідэалагічных памылак і варожых сав. ладу ідэй.

Пэўнае ажыўленне навук.-крытычнай думкі пачалося ў пач. 1940-х г.: артыкулы Я.​Коласа пра Т.​Шаўчэнку, К.​Чорнага пра Я.​Купалу, М.​Ларчанкі і Ю.​Пшыркова пра «Новую зямлю», «Сымона-музыку» Я.​Коласа, пра спадчыну Багдановіча, публікацыі В.​Барысенкі з пераглядам ацэнак творчасці Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча. Праведзены літ. дыскусіі аб крытыцы (1939), паэзіі (1940), прозе (пач. 1941). Выдадзены зб. тэкстаў «Беларуская літаратура XIX ст.» (1940), пачалі друкавацца «Нарысы па гісторыі старажытнай літаратуры» М.​Дабрыніна. У 1941 падрыхтаваны да выдання падручнік для пед. і настаўніцкіх ін-таў «Беларуская літаратура», у якім узнімаліся праблемы народнасці мастацтва, што мела вял. метадалагічнае значэнне і адкрывала перспектыву стварыць гісторыю л-ры, заснаваную на аб’ектыўным вывучэнні ўнутр. заканамернасцей яе развіцця. Значную ўвагу пытанням гісторыі л-ры, літ. крытыкі, збіранню і вывучэнню культ. спадчыны, арганізацыі н.-д. работы аддавалі самі пісьменнікі, у першую чаргу Я.​Купала і Я.​Колас. У пасляваен. час рабіліся спробы перагледзець вульгарна-дагматычныя канцэпцыі, пачалася шырокая прапаганда дасягненняў класічнай спадчыны, створаны праграмы і вучэбныя дапаможнікі па л-ры для сярэдняй школы і ВНУ, крытыка-біягр. нарысы, прысвечаныя творчасці вядучых пісьменнікаў мінулага і сучаснасці. Выйшлі абагульняльныя працы «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954, на рус. мове) і «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956).

«Нарыс...» упершыню знаёміў усесаюзнага чытача з дасягненнямі бел. сав. л-ры, творчасцю яе вядучых пісьменнікаў. Аднак у кнізе павярхоўна вырашаліся пытанні. звязаныя з разуменнем заканамернасцей літ. працэсу, недаацэньвалася эстэт. прырода мастацтва, спецыфіка л-ры як формы вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Гэтыя недахопы часткова пераадолены ў «Нарысах...», дзе разглядалася таксама стараж. л-ра і л-ра 19 — пач. 20 ст. У выніку больш поўным і шырокім стаў агульны малюнак развіцця бел. л-ры. Перагледжаны некаторыя раней спрошчаныя фармулёўкі і вывады. Пачалі выкарыстоўвацца паняцці нар. вытокаў маст. творчасці, народнасці, якія ігнараваліся вульгарызатарамі. Пры даследаванні дакастр. л-ры на першы план вылучыліся такія складаныя праблемы, як фарміраванне ідэйна-маст. кірункаў, развіццё творчага метаду (працы С.​Майхровіча, Барысенкі, Ларчанкі, У.​Агіевіча і інш.).

У пер шыя пасляваен. гады бескампраміснасцю ацэнак, нецярпімасцю да недахопаў, падтрымкай перспектыўных тэндэнцый у развіцці л-ры літ. крытыка дзейсна ўплывала на літ. працэс. Якасна новага ўзроўню бел. навук.-тэарэт. і крытычная думка дасягнула ў канцы 1950-х—1960-я г. Актыўна вывучаліся спецыфіка л-ры і заканамернасці літ. працэсу на кожным гіст. этапе, даследаваліся працэс фарміравання ідэйна-маст. кірункаў, стыляў, нац. своеасаблівасці л-ры. Павысіўся навук.-тэарэт. ўзровень гісторыка-літ. і крытычных прац (кнігі А.​Адамовіча, В.​Івашына, У.​Калесніка, Я.​Казекі, А.​Лойкі, Н.​Перкіна, Ю.​Пшыркова, Майхровіча, М.​Грынчыка, Дз.​Бугаёва і інш.). Дасягненні навук.-тэарэт. думкі гэтага перыяду падагульнены ў калект. працах «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66) і «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), у якіх выкарыстаны вопыт даследаванняў у галіне гісторыі сав. шматнац. л-ры. У іх упершыню ў бел. Л. даволі поўна раскрыты гісторыка-літ. працэс, у гал. праявах прааналізавана творчасць вядучых пісьменнікаў, аб’ектыўна ацэнены многія з’явы літ. жыцця. Шырока паказаны літ. рух, ідэйная барацьба, літ. ўзаемасувязі, грамадская і культ.-асв. дзейнасць літ.-маст. арг-цый 1920 — пач. 1930-х г. Зроблена паспяховая спроба спалучыць сац. і эстэт. аналіз, выявіць спецыфіку вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Але ў выданні адсутнічаў раздзел пра асобных мастакоў слова (А.​Гарун, дакастр. творчасць М.​Гарэцкага), недастаткова быў асветлены творчы шлях рэабілітаваных пісьменнікаў (Я.​Нёманскі, С.​Баранавых, В.​Каваль, Л.​Калюга, М.​Грамыка, У.​Хадыка, Я.​Скрыган, Б.​Мікуліч, Я.​Пушча, Ю.​Таўбін, З.​Астапенка і інш.). Літ. крытыка гэтага часу вызначалася прынцыповасцю, выразнасцю крытэрыяў сац. і маральнай ацэнкі, паслядоўнасцю ў барацьбе за высокі ідэйна-эстэт. ўзровень л-ры (кнігі і артыкулы Адамовіча, Бугаёва, Р.​Бярозкіпа, Пшыркова, У.​Юрэвіча, Перкіна, Івашына, В.​Каваленкі, Казекі, Калесніка, Ф.​Куляшова, Р.​Шкрабы, М.​Барсток, Лойкі, І.​Навуменкі, А.​Клышкі, А.​Яскевіча, М.​Лазарука, М.​Яроша, С.​Гусака, М.​Грынчыка, В.​Жураўлёва, П.​Дзюбайлы, Ю.​Канэ, М.​Стральцова, М.​Арочкі, С.​Александровіча, В.​Палтаран і інш.). З артыкуламі па пытаннях л-ры выступалі і пісьменнікі П.​Броўка, І.​Мележ, М.​Лынькоў, В.​Быкаў, К.​Крапіва, П.​Панчанка, І.​Шамякін, В.​Вітка, А.​Вярцінскі, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, М.​Лужанін, Я.​Скрыган і інш. У 1970—80-я г. пашырылася кола праблем, што даследаваліся ў новых аспектах: бел. л-ра пачала разглядацца ў параўнальным і тыпалагічным планах (Івашын, Ларчанка, Лойка, Александровіч, А.​Мальдзіс, П.​Ахрыменка, Перкін, Э.​Мартынава, У.​Казбярук, В.​Гапава і інш.), уведзены паняцці ўсесаюзнага, славянскага, еўрапейскага літ. кантэкстаў (Адамовіч і інш.), узняты пытанні літ. уплываў ва ўмовах паскоранага развіцця л-ры 19—20 ст. (Каваленка). Актывізавалася вывучэнне стараж. л-ры і л-ры 18—19 ст. (А.​Коршунаў, В.​Чамярыцкі, Мальдзіс), даследаваліся сувязі л-ры з інш. формамі грамадскай свядомасці, гісторыя станаўлення пэўных родаў і відаў л-ры — рамана, аповесці, апавядання (Адамовіч, Н.​Пашкевіч, Каваленка, Дзюбайла, Юрэвіч, Бугаёў, С.​Андраюк, Жураўлёў, Яскевіч, А.​Лысенка, М.​Тычына, Э.​Гурэвіч, А.​Матрунёнак), гісторыя лірычных і ліра-эпічных форм (В.​Бечык, Лойка, Навуменка, Лазарук, Барсток, Грынчык, Ярош, Арочка, У.​Гніламёдаў, І.​Шпакоўскі, А.​Кабаковіч, Клышка, Л.​Гарэлік), гісторыя драматургіі (А.​Сабалеўскі, А.​Семяновіч, С.​Лаўшук, Я.​Усікаў). Актыўна вывучаліся тэарэт. праблемы: шляхі станаўлення ў бел. л-ры метаду сацыяліст. рэалізму (Івашын), развіццё бел. вершаскладання (Грынчык, І.​Ралько), бел. літ.-грамадскі рух (Р.​Семашкевіч), гісторыя бел. друку і кнігадрукавання (Александровіч), праблемы перакладу з блізкіх і роднасных моў (Мартынава, В.​Рагойша, П.​Садоўскі, Яскевіч), роля фальклору ў развіцці л-ры (Каваленка, У.​Конан, Яскевіч, І.​Чыгрын). Больш актыўна і плённа даследуюцца спецыфіка маст. формы, пытанні псіхалогіі творчасці, структуры твора (Жураўлёў, Клышка, Тычына, Матрунёнак). Зроблены першыя крокі ў вывучэнні гісторыі крытыкі і Л. (Конан, М.​Мушынскі). Актывізавалася вывучэнне рус. л-ры (Куляшоў, П.​Ткачоў, І.​Кахно, С.​Лысенка, А.​Станюта, У.​Няфёдаў, С.​Букчын), л-ры замежных краін (Б.​Міцкевіч, Гапава). З’явіліся кнігі, пабудаваныя на гісторыка-дакумент. архіўных матэрыялах (Александровіч, Г.​Кісялёў, Мальдзіс, Я.​Саламевіч), выданні тыпу «Хроніка літаратурнага жыцця», «Летапіс жыцця і творчасці», кнігі пісьменніцкіх біяграфій, мемуарнага жанру, зборнікі гіст.-літ. матэрыялаў («Пачынальнікі» і інш.). У серыі «Жыццё выдатных людзей» выйшла кн. Лойкі «Янка Купала» (1982). Развіваюцца купалазнаўства і коласазнаўства, багдановічазнаўства, тэксталогія. Выдадзены больш поўныя і дасканалыя ў тэксталагічных адносінах навук.-каменціраваныя Зб. твораў Я.​Купалы (т. 1—6, 1961—63; т. 1—7, 1972—76), Я.​Коласа (т. 1—12, 1961—64; т. 1—14, 1972—78), К.​Чорнага (т. 1—8, 1972—75), Броўкі (т. 1—7, 1975—78; т. 1—9, 1987—92), Мележа (т. 1—10, 1979—85), Лынькова (т. 1—8, 1981—85), Гарэцкага (т. 1—4, 1984—86), П.​Пестрака (т. 1—5, 1984—86), З.​Бядулі (т. 1—5, 1985—89), Выбр. творы Цёткі (1967), Гарэцкага (т. 1—2, 1973), Ядвігіна Ш. (1976), Творы Багушэвіча (1967), Я.​Дылы (1981), У.​Галубка (1983), Дуніна-Марцінкевіча (1984) і інш. Робяцца спробы тэарэт. абагульнення вопыту практ. дзейнасці тэкстолагаў (зб. «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры», 1980). Выйшла шмат навук. прац абагульняльнага характару, у т. л. для ВНУ («Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд» Лойкі, ч. 1—2, 1977—80, калект. вучэбныя дапаможнікі для студэнтаў). Грунтоўнай працай, адрасаванай усесаюзнаму чытачу, стала выданне на рус. мове «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977). Даследаванні ўзбагаціліся шэрагам прынцыповых удакладненняў, якія датычаць эпохі Адраджэння і Асветніцтва, нераўнамернасці развіцця л-ры паводле родавых і жанравых адзнак. У «Гісторыю...» упершыню ўведзены раздзелы пра Л. і крытыку, пра іх ролю і значэнне ў развіцці прыгожага пісьменства.

Побач з поспехамі ў бел. навук. і крытычнай думцы 1980-х г. праяўлялася і тэндэнцыя нарастання негатыўных з’яў. Усё мацней усталёўваліся дагматызм поглядаў, схаластыка, ігнараванне жыццёвых супярэчнасцей, падмена іх надуманымі канфліктамі, няўвага да рэальных патрэб чалавека. Ішоў працэс паслаблення гуманістычнага пафасу л-ры, страты ранейшых ідэйна-эстэтычных заваёў. Бел. Л. і крытыка 1990-х г. развіваецца пад сцягам перагляду ўстарэлых, кансерватыўна-дагматычных уяўленняў і выпрацоўкі новай, цэласнай канцэпцыі нац. культуры. Створаны новыя праграмы, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, напісаны шэраг грунтоўных, наватарскіх гісторыка-літ. прац (даследаванні Яскевіча, Мушынскага, Жураўлёва, Тычыны, М.​Мішчанчука, П.​Васючэнкі, М.​Мікуліча, Гніламёдава, Л.​Корань, І.​Штэйнера, Г.​Тварановіч, Л.​Гараніна, А.​Мельнікава, А.​Вераб’я, У.​Мархеля, І.​Саверчанкі, І.​Чароты, А.​Бельскага, А.​Марціновіча). У іх закранута шырокае кола праблем, у т. л. прынцыпы пабудовы новай «Гісторыі літаратуры», нац. спецыфіка, узаемасувязь л-ры і фальклору, жанрава-стылявыя пошукі, формы праяўлення ў л-ры нац. ідэі і інш. У калектыўных «Нарысах па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1—4, 1993—95) на багатым фактычным матэрыяле раскрыты працэс узаемнага ўзбагачэння лепшымі здабыткамі л-р двух народаў ад старажытнасці да нашых дзён. На новы ўзровень выйшлі даследчыкі рус. л-ры (Ц.​Ліякумовіч, Г.​Няфагіна, Дз.​Фёдараў, А.​Звознікаў, І.​Скарапанава, Т.​Аўтуховіч, А.​Андрэеў, С.​Кузьміна, Н.​Папова і інш.), л-р замежных краін (І.​Шаблоўская, С.​Малюковіч, С.​Мусіенка, Т.​Камароўская, Чарота, Е.​Лявонава, Г.​Адамовіч і інш.). Ін-т л-ры Нац. АН Беларусі працягвае ажыццяўляць доўгатэрміновую праграму навук. выдання класічнай спадчыны: 36. твораў Я.​Пушчы (т. 1—2, 1993—94), першы Поўны збор твораў Багдановіча (т. 1—3, 1991—95), 9-томны Поўны збор твораў Я.​Купалы (т. 1—5, 1995—98) Разам з Нац. навук.-асв. цэнтрам імя Скарыны ін-т падрыхтаваў і выдаў біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95). Гэтыя выданні, новыя манаграфічныя працы скіраваны на вырашэнне гал. задачы бел. Л. — асэнсаваць шматвяковае развіццё нац. прыгожага пісьменства ва ўсім яго змястоўным, жанрава-стылявым багацці, у разнастайных сувязях з інш. формамі духоўнай дзейнасці чалавека і л-рамі інш. народаў свету.

Літ.:

Академические школы в русском литературоведении. М., 1975;

Контекст: Лит.-теоретич. исслед. М., 1974—86;

Козлов А.С. Мифологическое направление в литературоведении США М., 1984;

Яго ж. Литературоведение Англии и США XX в. Симферополь, 1994;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Яго ж. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг. Мн., 1985;

Яго ж. І нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры». Мн., 1990;

Каваленка В.А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі. Мн., 1977;

Ватацы Н. Беларускае літаратуразнаўства і крытыка (1945—1963): Бібліягр. асобных выданняў. Мн., 1964.

М.​І.​Мушынскі, Т.​Я.​Камароўская (замежнае Л.).

т. 9, с. 294

«ЛІТАРАТУ́РА І МАСТА́ЦТВА»,

штотыднёвая бел. грамадска-паліт. і літ.-маст. газета. Выдаецца з 26.2.1932 у Мінску на бел. мове, выходзіла 1 раз, са студз. 1957—2 разы на тыдзень, з крас. 1970 штотыднёвік (на 16 старонках). Спачатку орган Федэрацыі аб’яднанняў сав. пісьменнікаў БССРчэрв. 1932 — Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР) і Галоўмастацтва БССР. У Вял. Айч. вайну не выходзіла. Адноўлена 10.4.1945. Рэдактары: Х.​Дунец (1932—35), І.​Гурскі (1935—41), А.​Куляшоў (1945—46), М.​Горцаў (1947—49), П.​Кавалёў (1949—50), В.​Вітка (1951—57), М.​Ткачоў (1957—59), Я.​Шарахоўскі (1959—61), Н.​Пашкевіч (1961—69), Л.​Прокша (1969—72), Х.​Жычка (1972—76), А.​Асіпенка (1976—80), А.​Жук (1980—86), А.​Вярцінскі (1986—90), М.​Гіль (1990—97), У.​Някляеў (1997—99), А.​Пісьмянкоў (з 1999). Мае аддзелы: публіцыстыкі, пісьмаў і грамадскай думкі, літ. жыцця, крытыкі і бібліяграфіі, паэзіі і прозы, музыкі, тэатра, кіно і тэлебачання, выяўл. мастацтва, аховы помнікаў, маст. афармлення. Асвятляе літ., культ. і грамадска-паліт. жыццё Беларусі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях развіцця л-ры, тэатр. і выяўл. мастацтва, музыкі і кіно, тэлебачання і радыё, архітэктуры, самадз. творчасці і інш. Друкуе маст. творы: урыўкі з паэм, аповесцей, раманаў, п’ес, вершы, апавяданні, прапагандуе новыя творы сучасных аўтараў. Публікуе матэрыялы па гісторыі л-ры, тэатра, кіно, на старонках газеты ў розных аспектах асэнсоўваюцца падзеі нац. мінуўшчыны. У газеце ўпершыню апублікаваны многія творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Чорнага, К.​Крапівы, П.​Броўкі, А.​Куляшова, М.​Танка, І.​Мележа, В.​Быкава, П.​Панчанкі, І.​Шамякіна, Я.​Брыля, А.​Макаёнка, І.​Чыгрынава, Н.​Гілевіча, Р.​Барадуліна, Б.​Сачанкі, І.​Пташнікава, Я.​Сіпакова і інш.

У даваенны час змяшчала ў асн. матэрыялы, якія тычыліся розных юбілеяў, услаўлялі сацыяліст. рэчаіснасць, выкрывалі «ворагаў народа». У ацэнцы паліт. жыцця выяўлялася тэндэнцыйнасць, у аналізе асобных твораў пераважаў вульгарна-сацыялагічны падыход. На першы план ставілася ідэйная скіраванасць твора, а не яго маст. каштоўнасць. Аб’ектыўнасць у ацэнцы падзей і твораў, паварот да надзённых праблем жыцця намеціўся ў сярэдзіне 1950-х г. Асвятляе праблемы стану і лёсу нац. мовы. Упершыню надрукавала матэрыялы пра Курапаты, пра рэпрэсіі ў 1930-я г., вярнула з небыцця імёны А.​Гаруна, Н.​Арсенневай, М.​Сяднёва, Ю.​Віцьбіча, У.​Глыбіннага і інш. Апошнім часам шмат увагі аддае гісторыі выяўл. мастацтва (М.​Шагал, У.​Стрэмінскі), музыкі (Н.​Орда, А.​Абрамовіч, Ф.​Міладоўскі, В.​Казлоўскі). Асэнсоўваецца жыццёвы і творчы шлях бел. нац. дзеячаў В.​Ластоўскага, Я.​Лёсіка, М.​Доўнар-Запольскага, І.​Дварчаніна, Сімяона Полацкага, А.​Бурбіса, П.​Бадуновай, Ф.​Аляхновіча і інш.

А.​А.​Марціновіч.

т. 9, с. 294

ЛІТАРАТУ́РНАЯ КРЫ́ТЫКА,

ацэнка і вытлумачэнне літ.-мастацкіх твораў; адзін з відаў літ. творчасці; самасвядомасць л-ры ў яе адносінах да мастака і чытача. Развіваецца ў пэўных межах часу і прасторы, у межах вымыслу і рэальнасці, умоўнага і безумоўнага. Л.к. — састаўная частка літаратуразнаўства і ў той жа час мае агульныя рысы з маст. творчасцю і публіцыстыкай. Асвятляе бягучы літаратурны працэс, ацэньвае і тлумачыць творчасць асобных пісьменнікаў, выяўляе і сцвярджае творчыя прынцыпы таго ці іншага літ. кірунку, арыентуе чытача, вызначае шляхі развіцця л-ры. Л.к. цесна звязана з жыццём, грамадскім рухам, філас. і эстэт. ідэямі свайго часу, актыўна ўплывае на развіццё л-ры і маст. густу. Яна мае розныя жанравыя структуры (рэцэнзія, кароткі водгук, праблемны, дыскусійны, аглядны і інш. тыпу артыкулы, эсэ, памфлет, творчы партрэт і інш.), якія ў залежнасці ад месца, часу і задач сац. і маст. развіцця арганізуюцца ў дынамічныя сістэмы са сваімі сэнсавымі і формаўтваральнымі прынцыпамі. Пра развіццё Л.к. на Беларусі гл. ў арт. Літаратуразнаўства.

М.​І.​Мушынскі.

т. 9, с. 297

ЛІТАРАТУ́РНАЯ МО́ВА,

асноўная наддыялектная форма існавання мовы, якая характарызуецца агульнанац. значнасцю, поліфункцыянальнасцю. разнастайнасцю пісьмовых і вусных жанраў яе выкарыстання ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, тэндэнцыяй да рэгламентацыі. Як вышэйшая форма нацыянальнай мовы паводле свайго сац. і культ. статусу процістаіць тэр. дыялектам і прастамоўю. Л.м. — катэгорыя гістарычная. Яна складваецца на пэўным этапе сац.-эканам. і культ. развіцця этнасу, калі ўзнікае грамадска ўсвядомленая неабходнасць у больш дасканалым, чым асобныя мясц. гаворкі, агульназразумелым сродку зносін з мэтай абслугоўвання патрэб маладой нацыі ў сферы дзярж. кіравання, эканомікі, адукацыі, навукі, мастацтва і культуры. Гістарычнасць Л.м. выяўляецца ў паступовай зменлівасці норм моўных, складванні функцыян. стыляў мовы і падстыляў, стылістычнай дыферэнцыяцыі сродкаў выражэння, павелічэнні лексіка-фразеалагічнага фонду мовы, фарміраванні тэрміналогіі, з’яўленні пісьменнасці, назапашванні рознажанравых пісьмовых помнікаў (тэкстаў), стварэнні заканадаўча-прававых актаў, накіраваных на ахову Л.м. як агульнанац. духоўнай каштоўнасці. Л.м. павінна мець абавязковую пісьмовую фіксацыю (гл. Пісьмовая мова), кніжна-пісьмовую форму пры натуральным захаванні і вуснай формы яе бытавання (гл. Вусная мова). Нарматыўнасць Л.м. выступае ў якасці рэгулятара яе сінхранічнага функцыянавання і дыяхранічнага развіцця. Яна абумоўлена знешнімі, сац. фактарамі (стандартызацыяй дакументацыі, агульнасцю дыдактычных задач школы, адзінствам правапіснай сістэмы і інш.) і ўнутрымоўнымі, сістэмна-структурнымі фактарамі (наяўнасцю моўна-маўленчых варыянтаў, дыялектнымі і іншамоўнымі ўплывамі, праяўленнямі тэндэнцый фанет. і лексіка-грамат. развіцця і інш.). Агульнаабавязковасць моўных норм адлюстроўваецца ў іх кадыфікацыі, г.зн. фіксацыі ў слоўніках розных тыпаў, навуч. і навук. граматыках, агульных і галіновых энцыклапедыях, тэрміналагічных і інш. моўных даведніках.

У аснову літ. бел. мовы леглі гаворкі Цэнтр. Беларусі (зона Ашмяны—Мінск—Барысаў; гл. ў арт. Дыялект). У працэсе развіцця яна ўвабрала і ўбірае ў сябе найб. тыповыя рысы паўд.-зах, і паўн.-ўсх. бел. дыялектаў, адначасова ўзбагачаецца запазычаннямі з роднасных рус. і ўкр., а таксама інш. моў. Л.м. цесна ўзаемадзейнічае з дыялектамі, пастаянна папаўняецца за іх кошт. Адначасова яна ўплывае на дыялекты, спрыяе іх уніфікацыі. Паняцці Л.м. і мова мастацкай літаратуры суадносныя, але не тоесныя. Маст. л-ра — толькі адна са сфер выкарыстання Л.м. У маст. л-ры могуць выкарыстоўвацца словы і формы слоў з прастамоўя, мясц. дыялектаў, жаргонаў, а таксама элементы індывідуальнай словатворчасці пісьменніка. На станаўленне шматлікіх Л.м. уплывае творчасць пісьменнікаў (напр., А.​Пушкіна на рус. Л.м., У.​Шэкспіра на англ. мову, Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш. на бел. Л.м.). Пра асн. этапы развіцця і сучасны стан бел. Л.м. гл. ў арт. Беларуская мова.

Літ.:

Виноградов В.В. Проблемы литературных языков и закономерностей их образования и развития. М., 1967;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Міхневіч А.Я. Да характарыстыкі беларускай літаратурнай мовы ў яе сучасным стане // Slavia. 1984. R. 53, № 3—4.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 9, с. 297

«ЛІТАРАТУ́РНАЯ СТАРО́НКА»,

літаратурна-мастацкі часопіс; орган Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Беларусі, дадатак да «Беларускай газеты». Выйшаў 1 нумар у студз. 1934 на бел. мове ў Вільні. Часопіс рыхтавалі В.​Таўлай і Я.​Патаповіч (Я.​Чабор). Змясціў дэкларацыю групы паэтаў [падпісалі Я.​Патаповіч, М.​Васілёк, А.​Рэдзька, П.​Граніт, П.​Пестрак (Звястун), А.​Іверс] да ўсіх пісьменнікаў Зах. Беларусі. З маст. твораў у ёй змешчаны: вершы «Заклік» і «Гэй, арліная мая сіла» М.​Патаповіча, «Я пішу, як магу», «Змяя, катору ўзгадавала» і «Пад гукі струн маёвых» Васілька, «Моладзі» Пестрака, «Вёска» Іверса, «Там, дзе шуміць каласістае гора» М.​Танка (дасланы ім з турмы Лукішкі), «А хто ў полі?» А.​Салагуба, «У вастрозе» А.​Леўскага, «Каваль» П.​Граніта, «Мы» Рэдзькі, «Што ты, Нёман, звіхраваўся?» М.​Ліста (В.​Камянецкага), «Акрыльвай думку ты сваю» Н.​Жальбы (А.​Бяленкі); арг. «На новым этапе» М.​Руніча; урывак з рамана «Кардыян і хам» («Нашто мужыкам школа?») Л.​Кручкоўскага; рэцэнзія (пад крыптанімам Фр. Гр.) «Мастацкая літаратура «Грамады» на аднайменны арт. Салагуба, надрукаваны ў час. «Полымя рэвалюцыі» (1933, № 1). Забаронены ўладамі Польшчы, яго тыраж канфіскаваны, найб. актыўныя супрацоўнікі арыштаваны. Адзіны экзэмпляр «Л.с.» зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Літ.:

История белорусской советской литературы. Мн., 1977. С. 115—116.

С.​В.​Говін.

т. 9, с. 298

ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́Й ЯКУ́БА КО́ЛАСА,

гл. Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей.

т. 9, с. 298

ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́Й Я́НКІ КУПА́ЛЫ,

гл. Купалы Янкі літаратурны музей.

т. 9, с. 298