Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗА́МАСЦЬ (Zamość),

горад на ПдУ Польшчы. Адм. ц. Замойскага ваяв. 66 тыс. ж. (1994). Прам-сць: харч., мэблевая, трансп. машынабудаванне, швейная, буд. матэрыялаў, паліграфічная. Турыстычны цэнтр.

Засн. ў 1580 Я.Замойскім як горад-крэпасць, рэзідэнцыя і гасп. цэнтр Замойскай ардынацыі (створана ў 1589). Размяшчэнне на гандл. шляху з Валыні ў Люблін і Варшаву і прывілеі (на правядзенне кірмашоў, бяспошлінны гандаль у краіне і інш.) спрыялі развіццю рамёстваў (кушнерства, гарбарства і інш.). У 1585 тут створана першая ў Польшчы мануфактура па вытв-сці саф’яну, тур. дываноў і апрацоўцы казліных шкур. Заснаванне ў 1595 Замойскай акадэміі і друкарні ператварыла З. у навук. і культ. цэнтр. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі, з 1809 у Варшаўскім герцагстве. У час напалеонаўскай кампаніі заняты рус. войскамі (1813). З 1815 у Каралеўстве Польскім. З канца 19 ст. павятовы горад (да 1975).

Горад спраектаваў і пачаў будаваць арх. Б.​Маранда ў 1579—1600; прыклад рэнесансавага горадабудаўніцтва. Быў пяцівугольны ў плане, абнесены кальцом бастыённых фартыфікацый (1587—1605; завершаны ў 1617—19, арх. А. дэль Аква; дабудаваны ў 1809—30) з брамамі, у т. л. Любельскай (1588) і Старой Львоўскай (1599). Уключае: палац (1581—86, арх. Маранда; дабудаваны ў 1747—51, арх. Бэм’дэ Кавэ, і пасля 1831), ратушу (1591—1600, арх. Маранда; 1639—51, арх. Я.​Ярашэвіч, Я.​Вольф, перабудавана ў 18 і 19 ст., рэстаўрыравана ў 1937—38 і 1967—70), будынкі Акадэміі (1638—48, арх. Ярашэвіч; перабудаваны ў 1752—61, арх. Бэм’дэ Кавэ, і ў 19 ст.), калегіяту (1587—98), капліцы Замойскіх (1635, арх. Дж.​Б.​Фальконі; цяпер кафедральны сабор), царкву (1618—31), сінагогу (каля 1610—20), камяніцы з аркадамі, у т. л. каля Вялікага і Сольнага рынкаў (16—17 ст.). З. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 6, с. 520

ЗАМА́Х,

наўмыснае дзеянне, непасрэдна накіраванае на ўчыненне злачынства, але не даведзенае да канца па прычынах, якія не залежаць ад волі вінаватага; адна са стадый учынення злачынства. У залежнасці ад таго, ці зрабіў вінаваты ўсё, што ён лічыў неабходным для ажыццяўлення свайго намеру, адрозніваюць закончаны і незакончаны З., у залежнасці ад выбраных сродкаў — прыгодны і непрыгодны З. Пакаранне за З. назначаецца паводле закону, які прадугледжвае адказнасць за адпаведнае злачынства, з улікам ступені ажыццяўлення злачыннага намеру і прычын, з-за якіх злачынства не было даведзена да канца.

т. 6, с. 520

ЗА́МАХ (Леанід Пятровіч) (22.7.1911, Мінск — 30.10.1982),

бел. графік. Вучыўся ў маст. студыях у М.​Керзіна і В.​Волкава (1929—30), скончыў БШ (1937). Стварыў ілюстрацыі да кніг «Казкі лірніка» М.​Танка (1948), «Мая рэспубліка» К.​Кірэенкі (1949), «У Маскву» І.​П.​Іамякіна (1950), «Апавяданні. Казкі» З.​Бядулі (1958) і інш. Выканаў шэраг партрэтаў для Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны (1944—45). Аўтар агітплакатаў «Даражы гонарам хлебароба!» (1963), «З днём нараджэння, Радзіма» (1967) і інш.

т. 6, с. 520

ЗАМАЦАВА́ННЕ ГРУНТО́Ў,

штучнае павышэнне мех. трываласці, звязнасці, воданепранікальнасці і інш. фіз.-мех. уласцівасцей грунтоў у іх прыродным або штучным заляганні. Робіцца для павышэння нясучай здольнасці асноў збудаванняў, умацавання сценак катлаванаў, горных вырабатак, стварэння проціфільтрацыйных заслон у плацінах, дамбах, перамычках, пры буд-ве шахтаў, тунэляў, дарог і інш.

Ствараецца напампоўваннем па буравых свідравінах у шчыліны і поры грунту гліністых і цэментавых раствораў (глінізацыя, цэментацыя), расплаўленага бітуму або бітумных эмульсій (гарачая і халодная бітумізацыя), вадкага шкла з інш. кампанентамі (сілікатызацыя грунтоў), карбамідных і інш. смол (смалізацыя), гарачых газаў пры т-ры 700 °C і вышэй (абпал, або тэрмічнае замацаванне), ахаладжальных раствораў (замарожванне грунтоў), а таксама прапусканнем эл. току, дрэніраваннем і інш.

М.​М.​Кунцэвіч.

т. 6, с. 520

ЗАМАЦАВА́ННЕ ФАТАГРАФІ́ЧНАЕ, фіксаванне фатаграфічнае,

выдаленне са святлоадчувальнага слоя фатаграфічных матэрыялаў рэшткаў галоіднага серабра, не ўзноўленага ў час праяўлення фатаграфічнага. Садзейнічае працяглай захаванасці фатагр. відарысаў. Ажыццяўляецца з дапамогай раствораў (або пасты) рэчываў (найб. пашыраны тыясульфат натрыю), здольных пераўтвараць галоіднае серабро ў водна-растваральныя злучэнні.

т. 6, с. 520

ЗАМБЕ́ЗІ (Zambezi),

рака на Пд Афрыкі, у Анголе, Замбіі, Намібіі, Зімбабве, Мазамбіку. Даўж. 2660 км, пл. бас. 1330 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда ў Замбіі, каля мяжы з Заірам, упадае ў Мазамбікскі праліў Індыйскага ак. Ад вытоку на працягу 1200 км цячэ па слабанахіленай раўніне, утварае парогі (Катыма, Кебрабаса) і вадаспады (Гонье, Нгамбве, Вікторыя). Да вусця р. Луангва цячэ па горнай мясцовасці ў вузкай (да 40—60 м) скалістай даліне, у ніжнім цячэнні мае ў асноўным шырокую даліну і шырокае рэчышча (да 5—8 км). За 120 км ад вусця ўтварае дэльту з мноствам рукавоў (пл. каля 8 тыс. км²). Гал. прытокі: злева — Кабомпа, Луэна, Кафуэ, Луангва, Шырэ; справа — Лунгвебунгу, Луангінга, Ліньянці (у верхнім і сярэднім цячэнні Кванда). Да бас. З. адносіцца воз. Ньяса (Малаві). Жыўленне пераважна дажджавое. Паводкі са снеж. да красавіка. У сухі сезон сцёк вады скарачаецца больш як у 10 разоў. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 16 тыс. м³/с. Рыбалоўства. Суднаходству перашкаджаюць парогі, асн. суднаходства на тэр. Замбіі і на адным з рукавоў дэльты, дзе размешчаны порт Шындэ (Мазамбік). На З. буйныя ГЭС і вадасх. Карыба і Кабора-Баса. Бас. З. ўпершыню абследаваны англ. падарожнікам Д.Лівінгстанам у 1851—56.

Даліна р. Замбезі.

т. 6, с. 520

ЗА́МБІЯ (Zambia),

Рэспубліка Замбія (Republic of Zambia), краіна ва ўнутранай ч. Паўд. Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Дэмакр. Рэспублікай Конга (б. Заір), на Пн з Танзаніяй, на У з Малаві і Мазамбікам, на Пд з Зімбабве, Намібіяй і Батсванай, на З з Анголай. Пл. 752,6 тыс. км². Нас. 8936 тыс. чал. (1993). Дзярж. мова — англійская, але шырока карыстаюцца і мясц. мовамі.

Сталіца — г. Лусака. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 кастр.).

Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўніком дзяржавы і ўрада з’яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган дзяржавы — Нац. сход (аднапалатны парламент), 150 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра і міністраў якога назначае прэзідэнт.

Прырода. Амаль усю краіну займае хвалістае пласкагор’е (выш. 1000—1500 м), складзенае з дакембрыйскіх гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. На У горы Мучынга (выш. да 1893 м, г. Мумпу). З. мае запасы медзі сусв. значэння (частка т.зв. «Меднага пояса» на граніцы з Дэмакр. Рэспублікай Конга), кобальт, поліметалы, ванадый, уран, золата, жалеза, каменны вугаль. Клімат субэкватарыяльны з трыма сезонамі — дажджлівым і цёплым (ліст.крас.), сухім і халаднаватым (май—ліп.), сухім і гарачым (жн.кастр.). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) каля 20—25 °C, самага халоднага (ліп.) каля 15—20 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Бываюць засухі. Рачная сетка густая: р. Замбезі з прытокамі Кафуэ, Луангва і інш., вытокі Конга з азёрамі Бангвеулу і Мверу, паўд. ч. воз. Танганьіка. На Замбезі вадасх. Карыба, ёсць парогі і вадаспады, у т. л. вадаспад Вікторыя. Агульныя запасы гідраэнергіі больш за 50 млн. кВт. Пераважае саванная расліннасць на чырвона-карычневых глебах. Жывёльны свет разнастайны: ёсць буйныя траваедныя — сланы, насарогі, буйвалы, зебры, жырафы, антылопы; драпежнікі — ільвы, леапарды, гіены. Каля 20 нац. паркаў (Кафуэ, Сіёма-Нгвезі, Паўн. і Паўд. Луангва і інш.).

Насельніцтва. 99% насельніцтва складаюць афрыканцы моўнай сям’і банту, у т. л. народы групы цэнтр. банту — бемба (жывуць на Пн і ў цэнтр. частцы, 34%) і тонга (Пд, 16%), групы ўсх. банту — малаві (У, 18%), інш. груп — балунда (ПнЗ), балозі (ПдЗ), нгоні (У), чэва (У). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна англічане і афрыканеры) і выхадцы з Індыі. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне, у т. л. пратэстанты (35%), католікі (27%), афр. цэрквы (9%). Ёсць невял. групы мусульман (на Пн), індуістаў, прыхільнікаў мясц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 12 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены «Медны пояс» і раёны на Пд ад яго да г. Лусака (50—200 чал. на 1 км²). У засушлівых мясцінах на З і У шчыльнасць памяншаецца да 1 чал. на 1 км. У гарадах жыве каля палавіны насельніцтва (1995). Найб. гарады (тыс. ж., 1990): Лусака — 982,4, Ндола — 467, Кітве-Нкана — 348,6, Кабве — 200,3, Чынгола — 186,8, Муфуліра — 175, Луанш’я — 147,7. У краіне вельмі пашыраны СНІД.

Гісторыя. Тэр. З. заселена з глыбокай старажытнасці. Гэта адно з найстаражытнейшых месцаў апрацоўкі жалеза. Бушменаў, якія прыйшлі сюды, верагодна ў 1-м тыс. да н.э., з 6 ст. н.э. пачалі выцясняць на Пд плямёны банту. У 17—19 ст. тут фарміраваліся раннефеад. дзяржавы плямён лунда, баротсе, бемба, нгоні. Першыя еўрапейцы (партугальцы) на тэр. З. з’явіліся ў канцы 18 ст. У 1880-я г. на тэр. дзяржавы баротсе праніклі агенты Брыт. паўднёва-афр. кампаніі, заснаванай С.​Родсам. У 1890 кампанія атрымала ад уладара баротсе Леванікі I выключнае права на эксплуатацыю прыродных багаццяў. У 1891 англічане навязалі пратэктарат дзяржаве баротсе, потым лунда. У 1895 гэтыя тэрыторыі атрымалі афіц. назву Радэзія (ад прозвішча Родса). У 1900 пад кіраванне кампаніі перададзены таксама землі плямён бемба і нгоні. Пачалася эксплуатацыя радовішчаў медзі, у 1903—10 тут пабудавана чыгунка. Еўрап. каланісты набывалі найб. урадлівыя землі, а мясц. насельніцтва выцяснялі ў спец. рэзервацыі. У 1911 тэр. сучаснай З. вылучана ў асобны пратэктарат пад назвай Паўн. Радэзія (у 1924 афіцыйна абвешчана брыт. пратэктаратам). Пасля 1-й сусв. вайны пачалося хуткае развіццё горнаруднай прам-сці, асабліва здабычы медзі. У 1948 створана першая афр. арг-цыя — Кангрэс Паўн. Радэзіі (з 1951 Афр. нац. кангрэс, АНК). У 1953 Паўн. Радэзія разам з Паўд. Радэзіяй (сучасная Зімбабве) і Ньясалендам (сучасная Малаві) увайшлі ў створаную Вялікабрытаніяй Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда, дзе дамінавала еўрап. меншасць з Паўд. Радэзіі. Пасля расколу АНК у 1959 узнікла Аб’яднаная партыі нац. незалежнасці (ЮНІП) на чале з К.​Каўндай. У 1962 абвешчана канстытуцыя і створаны кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў АНК і ЮНІП на чале з Каўндай. Пасля скасавання федэрацыі (1963) Паўн. Радэзія 24.10.1964 атрымала незалежнасць і прыняла назву З., з 1965 — рэспубліка. Член Садружнасці, член ААН, Арг-цыі афр. адзінства. Прэзідэнтам краіны быў абраны Каўнда (у 1964—73 адначасова кіраўнік урада), які распачаў унутр. рэформы ў рамках абвешчанай у 1969 канцэпцыі «філасофіі гуманізму» (у т. л. кантроль над брыт. і амер. горнапрамысл. кампаніямі). Знешняя палітыка гэтага часу характарызавалася збліжэннем з Танзаніяй і Кітаем, канфліктамі з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), калан. ўладамі партуг. Мазамбіка і Радэзіі, падтрымкай вызв. руху ў гэтых краінах. У 1971 адзін з кіраўнікоў ЮНІП С.​Капвепве заснаваў апазіцыйную Аб’яднаную прагрэс. партыю (АПП), якая разам з АНК выступіла супраць прэзідэнта Каўнды і ЮНІП. У 1972 улады аб’явілі АПП і АНК па-за законам і абвясцілі З. аднапарт. дзяржавай. У 1975 З. ўвайшла ў кааліцыю прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі, удзельнічала ў перагаворах з уладамі ПАР і Нар. арг-цыяй Паўд.-Зах. Афрыкі (СВАПО) па сітуацыі ў Паўд. Афрыцы. У 1976 прэзідэнт Каўнда абвясціў сацыяліст. канцэпцыю т.зв. камунакратыі. Эканам. крызіс, што нарастаў у З. з пач. 1980-х г., стаў прычынай актывізацыі апазіцыі, якая дамагалася ліквідацыі аднапарт. сістэмы (няўдалы дзярж. пераварот ваенных 1990), узнік Рух за шматпарт. дэмакратыю (ММД), які патрабаваў свабодных выбараў і стварэння часовага ўрада. У 1991 прынята новая канстытуцыя, адбыліся выбары, перамогу на якіх атрымаў ММД. Яго лідэр Ф.​Чылуба стаў прэзідэнтам.

У краіне дзейнічае шматпарт. сістэма. Асн. партыі: Рух за шматпарт. дэмакратыю і Аб’яднаная партыя нац. незалежнасці.

Гаспадарка З. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 400 дол. ЗША. Прам-сць дае 46% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — 18, абслуговыя галіны — 36%. Вядучае месца ў прам-сці належыць горназдабыўной і каляровай металургіі. З 1982 горназдабыўная прам-сць цалкам кантралюецца дзяржавай. З. займае 5-е месца ў свеце па здабычы медзі — каля 500 тыс. т штогод. Буйнейшыя руднікі каля гарадоў Кітве-Нкана, Луанш’я, Муфуліра, Чынгола, Ндола, Рон-Антэлап, Чыбулума. У «Медным поясе» працуюць буйныя медзеплавільныя заводы. З. займае 2-е месца ў свеце па здабычы кобальту; штогадовая здабыча каля 5 тыс. т (каля 15% сусв. вытв-сці). Здабываюць таксама цынк, свінец, берылій, селен, каменны вугаль, аметысты і інш. Вытв-сць электраэнергіі каля 8 млрд. кВт гадз за год. ГЭС Карыба на р. Замбезі (магутнасць каля 700 тыс. кВт) і ГЭС Кафуэ на р. Кафуэ даюць больш за 70% усёй электраэнергіі. Буйная ЦЭЦ у г. Ндола. Частка электраэнергіі экспартуецца ў суседнія краіны. Астатнія галіны прам-сці маюць меншае значэнне. У г. Ндола заканчваецца нафтаправод з Дар-эс-Салама (Танзанія), працуюць нафтаперапр. з-д, шынны камбінат, хім. прадпрыемствы. У г. Луанш’я з-д па вытв-сці электракабелю, вырабаў з медзі і алюмінію, у г. Муфуліра выплаўка другаснага чыгуну і сталі, вытв-сці метал. вырабаў для горнай прам-сці. Там жа і ў г. Кафуэ выраб выбуховых рэчываў. У краіне ёсць асобныя прадпрыемствы хім. (Кітве-Нкана, Лусака, Ндола), па вытв-сці мінер. угнаенняў (Кафуэ), цэменту (Лусака), буд. матэрыялаў (Кітве-Нкана), па зборцы аўтамабіляў і веласіпедаў з імпартаваных дэталей і вузлоў (Лусака, Ндола). Лёгкая прам-сць прадстаўлена галінамі: тэкст. (Кітве-Нкана, Кафуэ), швейнай (Лусака, Кітве-Нкана, Муфуліра, Лівінгстан), гарбарна-абутковай (Кафуэ), мэблевай (Кітве-Нкана, Ндола, Кафуэ), дрэваапр. (Кітве-Нкана, Луанш’я, Лівінгстан), керамічнай (Кітве-Нкана). Параўнаўча развіты харч. (цукр., мясная, мукамольная, піваварная — Лусака, Ндола, Чынгола) і харчасмакавая (пераважна тытунёвая — Луанш’я, Муфуліра, Лівінгстан і інш.) прам-сць. Вытв-сць асобных відаў прамысл. прадукцыі (1994): азотных угнаенняў — 58 тыс. т, фосфарных — 19,2 тыс. т, калійных — 8,3 тыс. т, цукру — 150 тыс. т. прадукцыі лесапілавання — 112 тыс. м³, паперы і кардону — 4 тыс. т, цэменту — 376 тыс. т. Каля 70% жыхароў краіны занята ў сельскай гаспадарцы. Агульная пл. с.-г. зямель каля 7 млн. га, у т. л. пад ворывам каля 2 млн. га. Вылучаюцца 2 сектары: традыцыйны (на 1 гаспадарку прыпадае 1,5 га), вытв-сць харч. культур на свае патрэбы; таварны (каля 1000 буйных ферм па 1000 га). На свае патрэбы вырошчваюць (1994, тыс. т): кукурузу — 1021, пшаніцу — 43, проса — 63, сорга — 35, маніёк — 580, арахіс — 27. Таварныя культуры (1994, тыс. т): цукр. трыснёг — 1311, тытунь — 7, бавоўна — 16. Развіта агародніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд краіны (шкодзяць муха цэцэ, эпідэміі, засухі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 3 млн. галоў), коз і авечак (каля 0,4 млн. галоў), свіней (каля 0,3 млн. галоў). Развіта птушкагадоўля. Штогод ловяць каля 60—70 тыс. т рыбы. Аснова трансп. сеткі — чыгункі Ндола—Лівінгстан і Капіры-Мпошы—Дар-эс-Салам (Танзанія) з адгалінаваннямі. Агульная даўж. чыгунак 2164 км. Аўтадарог каля 37 тыс. км, з іх каля 6,7 км з цвёрдым пакрыццём. Краіна залежыць ад доступу да марскіх партоў ПАР, Анголы, Танзаніі. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Лусака, Ндола, Лівінгстан. Экспарт і імпарт З. прыкладна роўныя — па 1 млрд. дол. ЗША штогод. З. экспартуе медзь (85% экспарту па кошце), кобальт (6%), цынк, свінец, тытунь і інш., імпартуе машыны і трансп. сродкі (38%), хім. і харч. прадукты, разнастайныя прамысл. вырабы. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Японіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, ПАР. Грашовая адзінка — квача.

Літ.:

Березин В.И. Замбия: Пуги завоевания экон. независимости. М., 1972;

Перышкин Е.В. Политическая система Республики Замбии. М., 1980.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Герб і сцяг Замбіі.
Да арт. Замбія. Вёска на паўночным захадзе краіны (злева). У адным з раёнаў г. Лусака.

т. 6, с. 521

ЗАМБРЖЫ́ЦКІ (Станіслаў Валянцінавіч) (1823, в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 1.10.1907),

бел. паэт, краязнавец. З літ. твораў З. захавалася вершаванае апавяданне «Гутарка Сталюка» (1870—90-я г.), у якім паказаў побыт народа, нікчэмнасць фанабэрыстай шляхты, даў узоры бел. гутарковай мовы. Вывучаў курганы на радзіме, першы апісаў Вязынкаўскае гарадзішча. У 1881—83 бацька Я.​Купалы арандаваў у З. зямлю.

Літ.:

Каханоўскі Г. Аўтар знайшоўся // ЛіМ. 1979. 2 лют.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 6, с. 522

ЗАМЕ́ЖНЫЯ ГРАМАДЗЯ́НЕ,

асобы, якія не з’яўляюцца грамадзянамі пэўнай дзяржавы і маюць доказы сваёй прыналежнасці да грамадзянства замежнай краіны. Іх прававое становішча вызначаецца нац. заканадаўствам дзяржавы месцазнаходжання і заключанымі міжнар. дагаворамі і пагадненнямі. Нац. заканадаўства звычайна адрознівае некалькі катэгорый З.г.: якія пастаянна пражываюць на тэр. дзяржавы, якія часова знаходзяцца ў дзяржаве, замежныя прадстаўнікі, якія валодаюць дыпламат. імунітэтам, бежанцы. Прававое становішча кожнай катэгорыі мае свае асаблівасці. У Рэспубліцы Беларусь правы і абавязкі З.г. вызначаюцца Канстытуцыяй, адпаведным законам, міжнар. дагаворамі. З.г. на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі (у прыватнасці, З.г. не валодаюць выбарчым правам, не могуць прымаць удзел у рэферэндумах, пазбаўлены абавязкаў ваен. службы і інш.).

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 522

ЗАМЕ́ЖНЫЯ ПАХО́ДЫ РУ́СКАЙ А́РМІІ 1813—14,

сумесныя з войскамі Прусіі, Швецыі і Аўстрыі баявыя дзеянні рус. арміі супраць войск Напалеона I на тэр. Польшчы, Германіі і Францыі. Мелі на мэце вызваленне краін Зах. Еўропы ад напалеонаўскага панавання, аднаўленне і ўмацаванне феад.-абсалютысцкіх рэжымаў, што існавалі ў іх да Французскай рэвалюцыі 1789—99 і напалеонаўскіх войнаў. Да канца зімовай кампаніі 1812—13 аб’яднаныя войскі Расіі і Прусіі (27—28.2.1813 Прусія заключыла з Расіяй саюзны дагавор) пад камандаваннем М.Л.Кутузава вызвалілі ад напалеонаўскіх войск герцагства Варшаўскае, Усх. Прусію і сталіцу Прусіі г. Берлін, уступілі на тэр. Саксоніі і Баварыі. 2.5.1813 пад Лютцэнам і 20—21 мая пад Баўтцэнам саюзная армія пад камандаваннем П.​Х.​Вітгенштэйна (змяніў М.​І.​Кутузава, які памёр 28.4.1813) пацярпела паражэнні. 29.5.1813 новым галоўнакамандуючым прызначаны М.Б.Барклай дэ Толі. 10.8.1813 вайну Францыі аб’явіла Аўстрыя, да антыфранц. кааліцыі далучыліся Вялікабрытанія і Швецыя. Да восені 1813 баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. 16—19.10.1813 аб’яднаныя рус.-аўстр.-прус.-швец. сілы нанеслі вырашальнае паражэнне арміі Напалеона I у Лейпцыгскай бітве 1813 («бітва народаў»), пасля чаго напалеонаўскія войскі пакінулі Германію і адышлі за р. Рэйн. Да студз. 1814 сілы антыфранц. кааліцыі (453 тыс. чал., у т. л. 153 тыс. рускіх) фарсіравалі Рэйн. Пасля шэрагу бітваў на тэр. Францыі 30.3.1814 перад саюзнай арміяй (100 тыс. чал., у т. л. 64 тыс. рускіх) капітуляваў г. Парыж. 6.4.1814 Напалеон I адрокся ад прастола. 30 мая паміж саюзнікамі і Францыяй падпісаны Парыжскі мірны дагавор 1814.

Літ.:

Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;

Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.

т. 6, с. 522