ЗА́МАСЦЬ (Zamość),

горад на ПдУ Польшчы. Адм. ц. Замойскага ваяв. 66 тыс. ж. (1994). Прам-сць: харч., мэблевая, трансп. машынабудаванне, швейная, буд. матэрыялаў, паліграфічная. Турыстычны цэнтр.

Засн. ў 1580 Я.Замойскім як горад-крэпасць, рэзідэнцыя і гасп. цэнтр Замойскай ардынацыі (створана ў 1589). Размяшчэнне на гандл. шляху з Валыні ў Люблін і Варшаву і прывілеі (на правядзенне кірмашоў, бяспошлінны гандаль у краіне і інш.) спрыялі развіццю рамёстваў (кушнерства, гарбарства і інш.). У 1585 тут створана першая ў Польшчы мануфактура па вытв-сці саф’яну, тур. дываноў і апрацоўцы казліных шкур. Заснаванне ў 1595 Замойскай акадэміі і друкарні ператварыла З. у навук. і культ. цэнтр. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі, з 1809 у Варшаўскім герцагстве. У час напалеонаўскай кампаніі заняты рус. войскамі (1813). З 1815 у Каралеўстве Польскім. З канца 19 ст. павятовы горад (да 1975).

Горад спраектаваў і пачаў будаваць арх. Б.Маранда ў 1579—1600; прыклад рэнесансавага горадабудаўніцтва. Быў пяцівугольны ў плане, абнесены кальцом бастыённых фартыфікацый (1587—1605; завершаны ў 1617—19, арх. А. дэль Аква; дабудаваны ў 1809—30) з брамамі, у т.л. Любельскай (1588) і Старой Львоўскай (1599). Уключае: палац (1581—86, арх. Маранда; дабудаваны ў 1747—51, арх. Бэм’дэ Кавэ, і пасля 1831), ратушу (1591—1600, арх. Маранда; 1639—51, арх. Я.Ярашэвіч, Я.Вольф, перабудавана ў 18 і 19 ст., рэстаўрыравана ў 1937—38 і 1967—70), будынкі Акадэміі (1638—48, арх. Ярашэвіч; перабудаваны ў 1752—61, арх. Бэм’дэ Кавэ, і ў 19 ст.), калегіяту (1587—98), капліцы Замойскіх (1635, арх. Дж.Б.Фальконі; цяпер кафедральны сабор), царкву (1618—31), сінагогу (каля 1610—20), камяніцы з аркадамі, у т.л. каля Вялікага і Сольнага рынкаў (16—17 ст.). З. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Н.К.Мазоўка (гісторыя).

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)