Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУДАРЭ́НКА (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 20.7.1934, в. Варатын Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. матэматык. Канд. пед. н. (1980), праф. (1991). Засл. настаўнік Беларусі (1974). Скончыў Мазырскі пед. ін-т (1956). З 1983 рэктар Мазырскага пед. ін-та. Навук. даследаванні па распрацоўцы і ўдасканаленні зместу і структуры матэм. дысцыплін для ВНУ. Аўтар вучэбных дапаможнікаў для тэхнікумаў і ВНУ.

Тв.:

Алгебра и геометрия. Мн., 1989 (разам з А.А.Дадаянам);

Математический анализ. Мн., 1990 (з ім жа).

т. 6, с. 253

ДУ́ДЗІН (Аляксандр Мікалаевіч) (23.7.1953, г. Спаск-Дальні, Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1976), дзе і працуе. Навук. працы па стахастычных працэсах абслугоўвання ў сістэмах са зменнымі рэжымамі функцыянавання і даследаванні тэлекамунікацыйных сетак.

Тв.:

Практикум на ЭВМ по теории массового обслуживания. Мн., 1994 (разам з Г.А.Мядзведзевым, Ю.В.Мелянцом);

Расчет характеристик однолинейной системы обслуживания, функционирующей в марковской синхронной случайной среде (разам з В.І.Клімянок) // Автоматика и телемеханика. 1997. № 1.

т. 6, с. 253

ДУ́ДЗІН (Міхаіл Аляксандравіч) (20.11.1916, в. Кляўнёва Іванаўскай вобл., Расія — 31.12.1993),

рускі паэт. Герой Сац. Працы (1976). Друкаваўся з 1934. У 1939—45 у арміі. Як паэт сфарміраваўся на фронце (зб-кі «Фляга», 1943, «Пераправа», 1945). Яго паэзія вострапубліцыстычная і аптымістычная, услаўляе чалавека і яго працу (зб-кі «Масты. Вершы з Еўропы», 1958, «Чацвёртая зона», 1960, «Да запатрабавання», 1963, «Дарога жыцця», 1967, «Час», 1969, «Полюс», 1979, і інш.). Аўтар аповесці «Дзе наша не прападала» (1965), кнігі пра л-ру «Поле прыцягнення. Проза пра паэзію» (1981). На бел. мову творы Д. перакладалі Р.Барадулін, С.Грахоўскі, П.Макаль, Ю.Свірка, М.Танк і інш. Дзярж. прэмія СССР 1981.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. Л., 1976—77;

Бел. пер. — Пасля спаткання: Выбр. М., 1984.

Літ.:

Лавров В.А. Михаил Дудин. Л., 1976;

Хренков Д.М. Михаил Дудин. М., 1976.

т. 6, с. 253

ДУДЗІ́НКА,

горад у Расіі, цэнтр Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акругі, за Палярным кругам, у нізоўях р. Енісей. Засн. ў 1667 як зімоўе, з 1951 горад. 32,1 тыс. ж. (1992). Марскі порт (аванпорт Нарыльска). Чыг. станцыя (пач. пункт самай паўн. у свеце чыгункі Д.—Нарыльск). Рыбазавод. Краязнаўчы музей.

т. 6, с. 253

ДУДЗІ́НСКАЯ (Наталля Міхайлаўна) (н. 8.8.1912, г. Харкаў, Украіна),

руская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1957). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1931, педагог А.Ваганава), з 1964 выкладае ў ім (цяпер Акадэмія рускага балета). У 1931—62 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1951 педагог Марыінскага т-ра. Для яе творчасці характэрны віртуозная тэхніка класічнага танца, экспрэсіўная манера выканання, эмацыянальная выразнасць, вытанчаны пластычны малюнак ролі. Сярод лепшых партый: Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана), Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса). Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949, 1951.

Н.Дудзінская ў ролі Раймонды.

т. 6, с. 254

ДУДЗІ́НЦАЎ (Уладзімір Дзмітрыевіч) (н. 29.7.1918, г. Купянск, Украіна),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі юрыд. ін-т (1940). Друкуецца з 1933. Аўтар зб-каў апавяданняў «У сям’і асілкаў» (1952), аповесцей «На сваім месцы» (1953), «Навагодняя казка» (1960). Раман «Не хлебам адзіным» (1956) пра вынаходніка ў сутыкненні з бюракратамі і прыстасаванцамі незаслужана крытыкаваўся за т. зв. ачарненне рэчаіснасці. Вострасюжэтны раман «Белае адзенне» (1987) пра самаадданую барацьбу вучоных за выратаванне генетыкі як навукі ў канцы 1940-х г.

Тв.:

Повести и рассказы. М., 1959;

Не хлебом единым. М., 1990.

т. 6, с. 254

ДУДЗІ́ЦКІ (сапр. Гуцька) Уладзімір Ермалаевіч

(8.11.1911, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — ?),

бел. паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. тэхнікуме, Бел. вышэйшым пед. ін-це. Працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», выд-ве АН БССР. У 1933 арыштаваны і прыгавораны да 3 гадоў лагераў. Вярнуўшыся, працаваў у газ. «Віцебскі пралетарый», у школах Віцебска, у вет. тэхнікуме ў Курасоўшчыне (цяпер у межах Мінска). У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з акупантамі, уваходзіў у склад Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), Беларускага культурнага згуртавання, працаваў у гар. управах Мінска і Барысава. У 1944 у Берліне, дзе працягваў працаваць у БЦР, скончыў курсы ням. прапагандыстаў у Добендорфе. У ліст. 1944 выйшаў з БЦР і прымкнуў да ўласаўцаў. У канцы вайны служыў у прапагандысцкім органе «Вінета» (Мін-ва прапаганды Германіі). У 1960-я г. жыў у Германіі, ЗША, Венесуэле. Па справе за 1933 рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1937. Пісаў вершы, паэмы, фельетоны, апавяданні і інш.

Тв.:

У кн.: Туга па Радзіме. Мн., 1992;

Напярэймы жаданням. Нью-Йорк, 1994.

т. 6, с. 254

ДУ́ДЗІЦКІ МУЗЕ́Й МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ Заснаваны выдавецкай фірмай «Паліфакт». Адкрыты ў 1994 на тэр. б. маёнтка Ельскіх каля в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Складаецца з комплексу стылізаваных пабудоў 19 — пач. 20 ст.; дзеючага цэха рамёстваў

(хлебапякарня, масласыраварня, кузня, ганчарная і дрэваапр. майстэрні),

сял. хутара, ветрака, карчмы з заезным домам, экспазіц. залы з прадметамі гасп. абсталявання і прылад працы 18—19 ст., выстаўкі стараж. аўтамаб. тэхнікі, механізмаў па перапрацоўцы збожжа, лёну, прадуктаў жывёлагадоўлі, трансп. сродкаў.

А.М.Карлюкевіч.

т. 6, с. 254

ДУ́ДЗІЧ (Захар Захаравіч) (17.8.1913, в. Шацілы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эканомікі. Д-р эканам. н. (1969), праф. (1970). Засл. работнік вышэйшай школы (1972). Скончыў Бел. дзярж. ін-т нар. гаспадаркі (1939). У 1948—53 у БДУ. У 1953—90 у Бел. політэхн. акадэміі, да 1980 заг. кафедры палітэканоміі. Даследуе тэарэт. праблемы развіцця мікра- і макраэканомікі, эканам. адносін паміж рознымі краінамі. Адзін з аўтараў і рэдактар навуч. дапаможніка «Эканамічная тэорыя» (ч. 1—2, 1995).

Тв.:

Экономические законы и их использование в строительстве коммунизма. Мн., 1965;

Экономические законы социализма в действии. Мн., 1968 (разам з І.І.Самадзеевым);

Материальные интересы и экономические законы в развитом социалистическом обществе. Мн., 1978.

т. 6, с. 254

ДУ́ДЗІЧЫ,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Бабруйск—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 7 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Калінкавічы, 129 км ад Гомеля. 733 ж., 271 двор (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана.

т. 6, с. 254